Хрысціянства
назад

ГЕБРАЯЎ 13

1Любоў братняя няхай застаецца.

2Пра гасьціннасьць не забывайцеся, бо праз яе некаторыя, ня ведаючы, гасьцявалі анёлаў.

3Памятайце пра вязьняў, нібы ўвязьненыя разам [з імі], і пра тых, што ў нягодах, як тыя, якія самі ў целе.

4Сужонства [няхай будзе] шанаванае ў-ва ўсіх і сужыцьцё беззаганнае; а распусьнікаў і чужаложнікаў будзе судзіць Бог.

5Ня будзьце срэбралюбныя, задавальняючыся тым, што маеце. Бо Ён сказаў: «Не адпушчу цябе і не пакіну цябе»,

6так што, маючы пэўнасьць, мы кажам: «Госпад мне ўспамога, і не спалохаюся, што зробіць мне чалавек?».

7Памятайце кіраўнікоў вашых, якія казалі вам слова Божае; і, аглядаючы вынік жыцьця іх, пераймайце веру [іхнюю].

8Ісус Хрыстос учора і сёньня Той Самы, і на вякі.

9Вучэньнямі рознымі і чужымі не захапляйцеся; бо добра ласкай мацаваць сэрца, а ня ежай, ад якой ня мелі карысьці тыя, што ходзяць [за ёю].

10Мы маем ахвярнік, з якога ня маюць права есьці тыя, якія служаць у намёце.

11Бо як целы тых жывёлаў, кроў якіх за грахі прыносіцца першасьвятаром у сьвятыню, спальваюцца па-за табарам;

12дзеля гэтага і Ісус, каб асьвяціць праз кроў Сваю народ, пакутаваў за брамамі.

13Дык выйдзем да Яго па-за табар, пераносячы зьнявагі Ягоныя,

14бо мы ня маем тут трывалага гораду, але шукаем будучага.

15Дык будзем праз Яго прыносіць Богу няспынна ахвяры хвалы, гэта ёсьць плод вуснаў, якія вызнаюць імя Ягонае.

16Пра дабрадзейнасьць і супольнасьць не забывайцеся, бо гэткія ахвяры падабаюцца Богу.

17Слухайцеся кіраўнікоў вашых і будзьце пакорнымі, бо яны чуваюць над душамі вашымі, як абавязаныя здаць справаздачу [за іх], каб яны рабілі гэта з радасьцю, а не ўздыхаючы, бо гэта для вас некарысна.

18Маліцеся за нас; бо мы перакананыя, што маем добрае сумленьне, у-ва ўсім хочучы жыць справядліва.

19Асабліва ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй быў вам вернуты.

20А Бог супакою, Які падняў з мёртвых у крыві вечнага запавету вялікага Пастыра авечак, Госпада нашага Ісуса,

21няхай удасканаліць вас у-ва ўсякай справе добрай, дзеля выкананьня волі Ягонай, робячы ў вас тое, што даспадобы Яму, праз Ісуса Хрыста, Якому слава на вякі вякоў. Амэн.

22Прашу ж вас, браты, прыйміце слова пацяшэньня, бо я ж крыху напісаў вам.

23Ведайце, што брат наш Цімафей вызвалены; з ім разам, калі хутка прыйдзе, угледжу я вас.

24Прывітайце ўсіх кіраўнікоў вашых і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас тыя, што з Італіі.

25Ласка з усімі вамі. Амэн.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath