Хрысціянства
назад

ГЕБРАЯЎ 11

1А вера ёсьць пэўнасьць у тым, чаго спадзяемся, перакананасьць у рэчах нябачных.

2Бо ў ёй засьведчаны старэйшыя [нашыя].

3Вераю разумеем, што вякі наладжаны словам Божым, каб з няяўнага сталася бачнае.

4Вераю Абэль прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін, праз што атрымаў сьведчаньне, што ён — праведны, [бо гэта] засьведчыў Бог пра дары ягоныя; і праз яе ён, памёршы, яшчэ гаворыць.

5Вераю Энох быў перанесены, што ня ўбачыў сьмерці; і не знайшлі яго, бо перанёс яго Бог. Бо перад перанясеньнем ягоным было засьведчана, што ён спадабаўся Богу.

6А бяз веры спадабацца [Богу] немагчыма, бо той, хто прыходзіць да Бога, мусіць верыць, што Ён ёсьць і тым, хто шукае Яго, нагароду дае.

7Вераю Ной, атрымаўшы слова пра тое, што яшчэ не было бачным, у багабойнасьці пабудаваў каўчэг дзеля збаўленьня дому свайго; ёю ён асудзіў сьвет і паводле веры стаўся спадкаемцам праведнасьці.

8Вераю Абрагам, калі быў пакліканы, падпарадкаваўся, каб ісьці ў месца, якое меў атрымаць у спадчыну, і выйшаў, не разумеючы, куды ідзе.

9Вераю вандраваў ён на зямлі абяцанай, як на чужой, жывучы ў намётах з Ісаакам і Якубам, суспадчыньнікамі таго самага абяцаньня;

10бо ён чакаў гораду, які мае падмуркі, якога майстар і дойлід — Бог.

11Вераю і сама Сара атрымала сілу на зачацьце насеньня і не па часе веку нарадзіла, бо верным прызнавала Таго, Які абяцаў.

12І дзеля гэтага ад аднаго, і пры гэтым амярцьвелага, нарадзілася гэтак шмат, як зорак у небе і як незьлічоны пясок на ўзьбярэжжы мора.

13Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцаньняў, але толькі здалёк бачачы іх, і маючы пэўнасьць, і вітаючы [іх], і прызнаючы, што яны — чужынцы і вандроўнікі на зямлі.

14Бо тыя, што гэтак кажуць, паказваюць, што яны бацькаўшчыну шукаюць.

15І, калі б яны памяталі тую, з якое выйшлі, мелі б час вярнуцца.

16Але яны лепшага жадалі, гэта ёсьць нябеснага; дзеля гэтага Бог не саромеецца іх, каб іхнім Богам называцца, бо Ён падрыхтаваў ім горад.

17Вераю Абрагам, спакушаны, прынёс [у ахвяру] Ісаака, і прынёс адзінароднага, якога прыняў як абяцаньне,

18пра якога было сказана: «У Ісааку будзе названае насеньне табе»,

19бо ён лічыў, што Бог мае моц і з мёртвых уваскрасіць, дзеля чаго і атрымаў яго як прыклад.

20Вераю ў будучае Ісаак дабраславіў Якуба і Эзава.

21Вераю Якуб, паміраючы, дабраславіў кожнага з сыноў Язэпа і пакланіўся на верх кія свайго.

22Вераю Язэп, паміраючы, нагадаў пра выхад сыноў Ізраіля і загадаў наконт костак сваіх.

23Вераю Майсей па нараджэньні тры месяцы быў хаваны бацькамі сваімі, бо яны бачылі, што хлопчык мілы [Богу], і не спалохаліся валадарскага загаду.

24Вераю Майсей, стаўшыся дарослым, адмовіўся называцца сынам дачкі фараона

25і выбраў лепш пакутаваць з народам Божым, чым мець часовую прыемнасьць грэху,

26зьнявагу Хрыстовую палічыўшы большым багацьцем, чым скарбы эгіпецкія; бо ён на нагароду ўглядаўся.

27Вераю пакінуў ён Эгіпет, не спалохаўшыся ярасьці валадарскай, бо непахісны быў, быццам бачачы Нябачнага.

28Вераю ўчыніў ён Пасху і праліцьцё крыві, каб не крануў іх той, які нішчыў першародных.

29Вераю перайшлі яны праз Чырвонае мора, як па сухому; на што спакусіўшыся, Эгіпцяне былі патопленыя.

30Вераю ўпалі муры Ерыхону, як абыходзілі [іх] сем дзён.

31Вераю Рахаў распусьніца, з супакоем прыняўшы выведчыкаў, не загінула з тымі, якія не скарыліся.

32І што яшчэ скажу? Бо ня хопіць мне часу, каб распавядаць пра Гедэона, Барака, пра Самсона і Ефтая, пра Давіда і Самуэля, і пра прарокаў,

33якія вераю перамагалі валадарствы, чынілі праведнасьць, атрымлівалі абяцаньні, загароджвалі пашчы ільвоў,

34тушылі сілу агню, уцякалі ад вострыва мяча, умацоўваліся ад слабасьці, ставаліся дужымі ў бітве, прымушалі ўцякаць табары чужынцаў,

35жонкі атрымлівалі памёршых сваіх уваскрошанымі; а іншыя былі замучаныя, не дачакаўшыся адкупленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрашэньне,

36іншыя паспыталі зьдзекаў і тартураў, а яшчэ путаў і вязьніцы,

37былі каменаваныя, пілаваныя, спакушаныя, былі забіваныя мячом, бадзяліся ў авечых і казіных скурах, маючы нястачу, прыгнёт, нягоды;

38тыя, якіх сьвет ня быў варты, туляліся па пустынях і горах, па пячорах і шчылінах зямлі.

39І ўсе яны, што засьведчаныя вераю, не атрымалі абяцаньня,

40бо Бог прадугледзеў адносна нас нешта лепшае, каб яны не бяз нас асягнулі дасканаласьць.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath