Хрысціянства
назад

БЫЦЬЦЁ 9

1І дабраславіў Бог Ноя і сыноў ягоных, і сказаў ім: «Пладзіцеся і множцеся, і напаўняйце зямлю.

2Няхай баяцца вас і дрыжаць перад вамі ўсе зьвяры зямныя, і ўсе птушкі паднебныя; і ўсё, што рухаецца па зямлі, і ўсе рыбы марскія аддадзеныя ў рукі вашыя.

3Усё, што рухаецца, што жыве, будзе вам на ежу; як траву зялёную, Я даў вам усё.

4Толькі цела з душою ягонай, з крывёю яго, ня ешце.

5І толькі кроў вашу душаў вашых Я буду шукаць; з рукі ўсякага зьвера буду шукаць яе; i з рукі чалавека, з рукі кожнага брата ягонага буду шукаць душу чалавека.

6Хто праліе кроў чалавека, таго кроў будзе праліта рукою чалавека, бо чалавек зроблены на вобраз Божы.

7А вы пладзіцеся і множцеся, распаўсюджвайцеся на зямлі і множцеся на ёй».

8І сказаў Бог Ною і сынам ягоным з ім, кажучы:

9«Вось, Я заключаю запавет Мой з вамі і з насеньнем вашым пасьля вас,

10і з усякаю душою жывою, якая з вамі: з птушкамі, са скацінай і з усімі зьвярамі зямнымі, якія з вамі, з усімі, што выйшлі з каўчэгу, з усімі зьвярамі зямлі.

11І Я заключаю запавет Мой з вамі, і ўжо больш ня будзе вынішчана ўсякае цела водамі патопу, і больш ня будзе патопу, каб нiшчыць зямлю».

12І сказаў Бог: «Гэта знак запавету, якi Я заключаю паміж Мною і вамі і ўсякай душой жывою, якая з вамі, у пакаленьні вечныя.

13Вясёлку Маю кладу на хмарах, і будзе яна знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю.

14І станецца, калі расьцягну хмары над зямлёю, будзе відаць вясёлку на хмарах,

15і Я ўзгадаю запавет Мой, якi паміж Мною і вамі і ўсякай душой жывою ў-ва ўсякім целе, і ня будзе больш водаў патопу, каб нішчыць усякае цела.

16І будзе гэтая вясёлка на хмарах, і Я ўбачу яе, і ўзгадаю запавет вечны паміж Богам і ўсякай душой жывою ў-ва ўсякім целе, якое ёсьць на зямлі».

17І сказаў Бог Ною: «Гэта знак запавету, якi Я даю, паміж Мною і ўсякім целам, якое ёсьць на зямлі».

18І былі сыны Ноя, якія выйшлі з каўчэгу: Сэм, Хам і Яфэт. А Хам быў бацькам Ханаана.

19Гэтыя тры былі сынамі Ноя, і ад іх напоўнілася [людзьмі] ўся зямля.

20І Ной пачаў абрабляць зямлю, і пасадзіў вінаграднік.

21І выпіў ён віна, і напіўся, і ляжаў голы ў сярэдзіне намёту.

22І ўбачыў Хам, бацька Ханаана, голасьць бацькі свайго, і распавёў двум братам сваім, [якія былі] звонку.

23І ўзялі Сэм і Яфэт адзежу і ўсклалі на плечы свае, і пайшлі сьпінаю, і накрылі голасьць бацькі свайго; і абліччы іхнія былі [зьвернутыя] назад, і яны ня бачылi голасьцi бацькі свайго.

24І прачнуўся Ной ад ап’яненьня свайго, і даведаўся, што яму зрабіў малодшы сын ягоны,

25і сказаў: «Пракляты Ханаан! Будзе ён слугою слугаў у братоў сваіх».

26І сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Сэма! Няхай будзе Ханаан слугою ягоным.

27Няхай пашырыць Бог Яфэта, і будзе ён жыць у намётах Сэма, і Ханаан будзе ў яго слугою».

28І жыў Ной пасьля патопу трыста пяцьдзясят гадоў.

29І было ўсіх дзён Ноя дзевяцьсот пяцьдзясят гадоў, і ён памёр.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath