Хрысціянства
назад

БЫЦЬЦЁ 8

1І ўзгадаў Бог пра Ноя і пра ўсіх зьвяроў, і пра ўсю скаціну, што былі з ім у каўчэгу, і прывёў Бог вецер на зямлю, і супакоіліся воды.

2І зачыніліся жаролы бездані і вокны нябесныя, і спыніўся дождж з неба.

3І вярталіся воды з зямлі, сьцякаючы і вяртаючыся, і паменшалі воды па заканчэньні ста пяцідзесяці дзён.

4І спыніўся каўчэг у сёмы месяц, у сямнаццаты дзень месяца, на гарах Арарат.

5І воды сьцякалі і меншалі аж да дзясятага месяца, а ў дзясяты месяц, у першы дзень месяца, сталі бачныя вяршыні гораў.

6І сталася па заканчэньні сарака дзён Ной адчыніў вакно каўчэгу, якое зрабіў.

7І выпусьціў ён крумкача, і той лятаў туды і сюды, і варочаўся, аж пакуль ня высахла вада на зямлі.

8І выпусьціў ён ад сябе галубку, каб убачыць, ці зыйшлі воды з аблічча зямлі.

9І не знайшла галубка месца спачынку для ног сваіх, і вярнулася да яго ў каўчэг, бо воды былі яшчэ на абліччы ўсёй зямлі. І ён выцягнуў руку сваю, і схапіў яе, і забраў да сябе ў каўчэг.

10І пачакаў ён яшчэ сем дзён, і зноў выпусьціў галубку з каўчэгу.

11І вярнулася галубка да яго ўвечары, і вось, сьвежы аліўкавы лісток у дзюбе ў яе. І зразумеў Ной, што зыйшлі воды з зямлі.

12І пачакаў ён яшчэ іншых сем дзён, і выпусьціў галубку, і яна ўжо больш да яго не вярнулася.

13І сталася, у шэсьцьсот першым годзе, у першым месяцы, у першы дзень месяца, што воды на зямлі павысыхалі. І Ной адкрыў дах каўчэгу, і ўбачыў, што, вось, высахла аблічча зямлі.

14А ў другім месяцы, у дваццаць сёмы дзень месяца зямля абсохла.

15І сказаў Бог Ною, кажучы:

16«Выйдзі з каўчэгу ты і жонка твая, і сыны твае, і жонкі сыноў тваіх з табою.

17Усіх зьвяроў, якія з табою з кожнага цела, як з птушак, так i са скаціны, і з усіх паўзуноў, што рухаюцца па зямлі, вывядзі з сабою. І няхай разыходзяцца яны на зямлі, няхай плодзяцца і множацца на зямлі».

18І выйшаў Ной, і сыны ягоныя, і жонка ягоная, і жонкі сыноў ягоных з ім.

19Усе зьвяры, усе паўзуны, усе птушкі і ўсё, што рухаецца па зямлі, паводле родаў сваіх, выйшлі з каўчэгу.

20І збудаваў Ной ахвярнiк ГОСПАДУ, і ўзяў з кожнай скаціны чыстай і з кожнай птушкі чыстай, і склаў іх у ахвяру цэласпаленьня на ахвярнiку.

21І адчуў ГОСПАД пах прыемны, і сказаў ГОСПАД у сэрцы Сваім: «Ня буду больш праклінаць зямлю з-за чалавека, бо настаўленьне сэрца чалавечага злое ад маладосьці яго. І больш ня буду забіваць усяго жывога, як гэта зрабіў.

22І яшчэ, у-ва ўсе дні зямлі ня спыняцца сяўба і жніво, сьцюжа і сьпякота, лета і зіма, дзень і ноч».

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath