БЫЦЬЦЁ 7
1І сказаў ГОСПАД Ною: «Увайдзі ты і ўвесь дом твой у каўчэг, бо ўбачыў Я цябе праведным перад абліччам Маім у пакаленьні гэтым.
2З усякай скаціны чыстай вазьмі з сабою сем самцоў і сем саміц, а са скаціны нячыстай — па двое, самца і саміцу.
3Таксама з птушак паднебных — сем мужчынскага [роду] і сем жаночага, каб захаваць жывым насеньне [іхняе] на абліччы ўсёй зямлі.
4Бо праз сем дзён Я выльлю дождж на зямлю сорак дзён і сорак начэй і вынішчу з аблічча зямлі ўсіх жывых істотаў, якіх Я зрабіў.
5І зрабіў Ной усё, што загадаў яму ГОСПАД.
6І Ною было шэсьцьсот гадоў, і патоп водны быў на зямлі.
7І ўвайшоў Ной, і сыны ягоныя, і жонка ягоная, і жонкі сыноў ягоных з ім у каўчэг ад вады патопу.
8Са скаціны чыстай і са скаціны, якая нячыстая, з птушак і з усяго, што поўзае па зямлі,
9па двое ўвайшлі ў каўчэг да Ноя, мужчынскага [роду] і жаночага, як Бог загадаў Ною.
10І сталася праз сем дзён, што вада патопу была на зямлі.
11У шэсьцьсотым годзе жыцьця Ноя, у другім месяцы, у сямнаццаты дзень месяца, у гэты дзень выбіліся ўсе жаролы вялікай бездані, і вокны нябесныя адчыніліся,
12і ішоў дождж на зямлю сорак дзён і сорак начэй.
13У гэты самы дзень увайшоў у каўчэг Ной, і Сэм, і Хам, i Яфэт, сыны Ноя, і жонка Ноя, і тры жонкі сыноў ягоных з імі.
14Яны, і ўсякія зьвяры паводле гатунку свайго, і ўсякая скаціна паводле гатунку свайго, і ўсякія паўзуны, якія поўзаюць па зямлі, паводле гатунку свайго, і ўсякія птушкі паводле гатунку свайго, усё птаства, усе крылатыя.
15І ўвайшлі яны па двое ў каўчэг да Ноя, па двое з кожнага цела, у якім быў дух жыцьця.
16І тыя, што ўвайшлі, былі мужчынскага [роду] і жаночага з усякага цела, як загадаў Бог. І зачыніў ГОСПАД за імі [каўчэг].
17І стаўся патоп на зямлі сорак дзён, і разьліліся воды, і паднялі каўчэг, і ён узвысіўся над зямлёю.
18І падымаліся воды, і вельмі ўзьняліся над зямлёю, і каўчэг плаваў па абліччы водаў.
19І вельмі моцна падняліся воды над зямлёю, і закрылі ўсе высокія горы, якія ёсьць пад усім небам.
20На пятнаццаць локцяў угору падняліся воды, і закрылі горы.
21І загінула ўсякае цела, якое рухаецца па зямлі: і птушкі, і скаціна, і зьвяры, і ўсе паўзуны, што поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі.
22Усе, якія мелі дыханьне духа жыцьця ў ноздрах сваіх, усе, што былі на сухазем’і, — паўміралі.
23І вынішчыў [Бог] усякую жывую істоту, якая была на абліччы зямлі, ад чалавека да скаціны, да паўзуноў і да птушак паднебных, і былі яны вынішчаны з зямлі. І застаўся толькі Ной і тыя, што былі з ім у каўчэгу.
24І падымаліся воды над зямлёю сто пяцьдзясят дзён.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath