БЫЦЬЦЁ 44
1I загадаў Язэп загадчыку дому свайго, кажучы: «Напоўні мяхі гэтых мужоў харчамі, колькі яны могуць несьці, і палажы срэбра кожнага ў адтуліну мяха ягонага.
2А келіх мой, келіх срэбны, палажы ў адтуліну мяха наймалодшага, і срэбра за збожжа ягонае». I ён зрабіў паводле слова Язэпа, якое той сказаў.
3Раніцаю разьвіднела, і гэтых мужоў выправілі, іх і аслоў іхніх.
4Яны выйшлі з гораду, не адыйшлі далёка, і Язэп сказаў загадчыку дому свайго: «Устань, ганіся за тымі людзьмі, і дагоніш іх, і скажаш ім: “Чаму вы адплацілі ліхам за дабро?
5Ці ж ня гэта той келіх, з якога п’е пан мой, і прадказваючы, прадказвае на ім? Ліха вы ўчынілі, гэтак зрабіўшы”».
6І ён дагнаў іх, і прамовіў ім гэтыя словы.
7А яны сказалі: «Навошта пан мой кажа такія словы? Далёкія слугі твае, каб учыніць гэткія рэчы.
8Тое срэбра, якое мы знайшлі ў адтулінах мяхоў сваіх, мы вярнулі табе з зямлі Ханаан. Як жа мелі мы красьці з дому гаспадара твайго срэбра альбо золата?
9У каго са слугаў тваіх будзе знойдзена гэта, той няхай памрэ, а мы таксама станем нявольнікамі пана майго».
10І ён сказаў: «Дык цяпер няхай будзе паводле словаў вашых. У каго будзе знойдзена гэта, той стане мне нявольнікам, а вы будзеце нявінныя».
11І яны пасьпяшаліся, і зьнялі кожны мех свой на зямлю, і разьвязалі кожны мех свой.
12А ён шукаў, пачаўшы ад найстарэйшага і скончыўшы наймалодшым; і знайшоў келіх у мяху Бэн’яміна.
13I разарвалі яны адзеньні свае, і ўсклалі [мяхі] кожны на асла свайго, і вярнуліся ў горад.
14I прыйшлі Юда і браты ягоныя ў дом Язэпа, а ён яшчэ быў там. І яны ўпалі перад абліччам яго на зямлю.
15I сказаў ім Язэп: «Што за ўчынак гэта вы ўчынілі? Ці ж вы ня ведалі, што, прадказваючы, прадказвае такі чалавек, як я?»
16I сказаў Юда: «Што нам сказаць, пане мой? Што нам гаварыць і як нам апраўдвацца? Бог знайшоў правіну слугаў тваіх. Вось, мы — нявольнікі пана майго, і мы, і той, у чыіх руках быў знойдзены келіх».
17I сказаў [Язэп]: «Далёка ад мяне, каб я ўчыніў гэта. Той чалавек, у руках якога знойдзены келіх, ён будзе нявольнікам маім, а вы ўзыходзьце ў супакоі да бацькі свайго».
18I наблізіўся да яго Юда, і сказаў: «Паслухай, пане мой, няхай скажа, прашу, слуга твой слова ў вушы пана свайго, і няхай не распальваецца гнеў твой на слугу твайго, бо ты — як сам фараон.
19Пан мой пытаўся ў слугаў сваіх, кажучы: “Ці ёсьць у вас бацька альбо брат?”
20І мы сказалі пану нашаму: “Ёсьць у нас бацька стары і дзіця старасьці [ягонае] малое, а брат ягоны памёр, і ён адзін застаўся па маці сваёй, і бацька ягоны любіць яго”.
21I ты сказаў слугам тваім: “Прывядзіце яго да мяне, і я зьвярну вока маё на яго”.
22І мы сказалі пану майму: “Ня можа хлопец пакінуць бацьку свайго; і калі ён пакіне бацьку свайго, дык той памрэ”.
23I сказаў ты слугам тваім: “Калі ня прыйдзе брат ваш наймалодшы з вамі, не дазволю вам больш бачыць аблічча маё”.
24I сталася, што мы ўзыйшлі да слугі твайго, бацькі майго, і пераказалі яму словы пана майго.
25I сказаў бацька наш: “Вярніцеся, купіце нам трохі харчаваньня”.
26I мы сказалі: “Ня можам зыйсьці. Калі будзе з намі брат наш наймалодшы, мы зыйдзем, бо ня зможам убачыць аблічча таго чалавека, калі брата нашага наймалодшага ня будзе з намі”.
27I сказаў нам слуга твой, бацька наш: “Вы ведаеце, што двух нарадзіла мне жонка мая.
28I адыйшоў адзін ад мяне, і я сказаў: "Напэўна, ён разьдзёрты [дзікім зьверам]", і я ня бачыў яго дагэтуль.
29І возьмеце таксама гэтага ад аблічча майго, і здарыцца з ім няшчасьце, і заведзіцё вы сівізну маю ў горы ў апраметную”.
30І цяпер, як я прыйду да слугі твайго, бацькі майго, і хлопца няма з намі, а душа ягоная прывязана да душы ягонай.
31I станецца, што ён убачыць, што няма хлопца, і памрэ, і зьвядуць слугі твае сівізну слугі твайго, бацькі нашага, са смуткам у апраметную.
32Бо слуга твой паручыўся за хлопца перад бацькам сваім, кажучы: “Калі не прывяду яго да цябе, буду грэшны перад бацькам сваім на ўсе дні”.
33I цяпер, прашу, няхай застанецца слуга твой замест хлопца нявольнікам пана майго, а хлопец няхай пойдзе з братамі сваімі.
34Бо як я прыйду да бацькі майго, а хлопца ня будзе са мною? Няхай ня ўбачу я ліха, якое спаткае бацька мой».
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath