Хрысціянства
назад

БЫЦЬЦЁ 3

1А зьмей быў хітрэйшы за ўсіх зьвяроў палявых, якіх зрабіў ГОСПАД Бог. І сказаў ён жанчыне: «Ці ж гэта сказаў Бог: “Ня ешце з кожнага дрэва ў садзе”?»

2І сказала жанчына зьмею: «Плады дрэваў саду можам есьці,

3але пра плады дрэва, якое пасярод саду, сказаў Бог: “Ня ешце з яго і не дакранайцеся да яго, каб вы не памерлі”».

4І сказаў зьмей жанчыне: «Не памрацё сьмерцю!

5Бо ведае Бог, што ў дзень, калі зьясьцё з яго, расплюшчацца вочы вашыя і станецеся як Бог, тымі, хто спазнае дабро і зло».

6І ўбачыла жанчына, што дрэва добрае для ежы, і прывабнае для вачэй, і пажаданае дрэва дзеля разуменьня, і ўзяла яна плод ягоны, і ела, і дала мужу свайму, які [быў] з ёю, і ён еў.

7І расплюшчыліся вочы ў іх абодвух, і спазналі, што яны голыя, і сплялі лісты фігавыя, і зрабілі сабе перапаяскі.

8І пачулі яны голас ГОСПАДА Бога, Які хадзіў у садзе ў ветры дня, і схаваліся чалавек і жонка ягоная ад аблічча ГОСПАДА Бога сярод дрэваў саду.

9І паклікаў ГОСПАД Бог чалавека, і сказаў яму: «Дзе ты?»

10І той сказаў: «Голас Твой я пачуў у садзе і спалохаўся, бо я — голы, і схаваўся».

11І сказаў [Бог]: «Хто распавёў табе, што ты голы? Ці ня еў ты з дрэва, з якога Я загадаў табе ня есьці?»

12І сказаў чалавек: «Жанчына, якую Ты даў, [каб была] са мною, яна дала мне з дрэва, і я еў».

13І сказаў ГОСПАД Бог жанчыне: «Што ты гэта зрабіла?» І сказала жанчына: «Зьмей падмануў мяне, і я ела».

14І сказаў ГОСПАД Бог зьмею: «За тое, што ты зрабіў гэта, пракляты ты між усёй скаціны і ўсіх зьвяроў палявых! На жываце сваім поўзаць будзеш і будзеш пыл есьці ў-ва ўсе дні жыцьця твайго.

15І Я кладу варожасьць паміж табой і жанчынай, паміж насеньнем тваім і насеньнем яе. Яно скрышыць табе галаву, а ты скрышыш яму пяту».

16А жанчыне сказаў: «Памнажаючы, памножу мучэньні твае і цяжарнасьці твае, з болем будзеш нараджаць сыноў; і да мужа твайго памкненьне тваё, а ён будзе панаваць над табою».

17А Адаму сказаў: «За тое, што ты паслухаўся голасу жонкі тваёй і еў з дрэва, пра якое Я загадаў табе, кажучы: “Ня еш з яго”, праклятая зямля з-за цябе. У мучэньнях будзеш есьці з яе ў-ва ўсе дні жыцьця твайго.

18Церні і асот будзе радзіць яна табе, і будзеш есьці траву палявую.

19У поце аблічча твайго будзеш есьці хлеб, аж пакуль ня вернешся ў зямлю, бо з яе ты ўзяты, бо пыл ты і ў пыл вернешся».

20І назваў чалавек імя сваёй жонцы — Ева, бо яна была маці ўсіх, што жывуць.

21І зрабіў ГОСПАД Бог Адаму і жонцы ягонай адзеньне са скуры, і апрануў іх.

22І сказаў ГОСПАД Бог: «Вось, чалавек стаўся як адзін з Нас, спазнаўшы дабро і зло. І цяпер няхай ня выцягне ён рукі сваёй і ня возьме таксама з дрэва жыцьця, і ня зьесьць, і ня будзе жыць вечна».

23І выслаў яго ГОСПАД Бог з саду Эдэм, каб абрабляў зямлю, з якой быў узяты.

24І выгнаў чалавека, і паставіў на ўсходзе ад саду Эдэм херувімаў і меч палымяны, які паварочваецца наўкола, каб сьцерагчы шлях да дрэва жыцьця.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath