БЫЦЬЦЁ 35
1I сказаў Бог Якубу: «Устань, узыйдзі ў Бэтэль, і жыві там, і зрабі там ахвярнік Богу, Які зьявіўся табе, калі ты ўцякаў ад аблічча Эзава, брата твайго».
2I сказаў Якуб дому свайму і ўсім, якія [былі] з ім: «Аддзяліце [ад сябе] багоў чужых, якія сярод вас, і ачысьціцеся, і зьмяніце адзеньні вашыя,
3і ўстаньма, і ўзыйдзем у Бэтэль, і я зраблю там ахвярнік Богу, Які адказаў мне ў дзень нядолі маёй і быў са мною ў дарозе, якой я ішоў».
4I аддалі Якубу ўсіх багоў чужых, якія былі ў руках іхніх, і завушніцы, што былі ў вушах іхніх; і закапаў іх Якуб пад дубам, які каля Сыхему.
5I вырушылі яны. I быў жах Божы на гарадах, што [былі] ў той ваколіцы, і ня гналіся яны за сынамі Якуба.
6I прыйшоў Якуб у Люз, які ў зямлі Ханаан, ён жа Бэтэль, сам і ўвесь народ, які з ім.
7I пабудаваў ён там ахвярнік, і назваў гэтае месца Эль-Бэт-Эль, бо там зьявіўся яму Бог, калі ён уцякаў ад аблічча брата свайго.
8I памерла Дэвора, нянька Рэбэкі, і была пахаваная ніжэй Бэтэлю пад дубам, і названа імя ягонае «Дуб плачу».
9I зьявіўся Бог Якубу ізноў пасьля прыходу ягонага з Падан-Араму, і дабраславіў яго.
10I сказаў яму Бог: «Імя тваё Якуб. Ня будзе ўжо называцца імя тваё Якуб, але Ізраіль будзе імя тваё». I назваў яго імя Ізраіль.
11I сказаў яму Бог: «Я — Бог Усемагутны! Пладзіся і памнажайся! Народ і супольнасьць народаў будзе з цябе, і валадары выйдуць з паясьніцы тваёй.
12І зямлю, якую Я даў Абрагаму і Ісааку, Я дам табе, і насеньню твайму пасьля цябе Я дам зямлю гэтую».
13I ўзыйшоў ад яго Бог з месца, на якім гаварыў з ім.
14I паставіў Якуб слуп на месцы, на якім [Бог] гаварыў з ім, слуп каменны, і ўзьліў на яго ўзьліваньне, і ўзьліў на яго алей.
15I назваў Якуб імя месца, на якім Бог гаварыў з ім, Бэтэль.
16I вырушыў з Бэтэлю. I быў яшчэ кавалак зямлі, каб прыйсьці да Эфраты; і нарадзіла Рахель, і цяжкія былі роды.
17I сталася, што яна нараджала з вялікім болем, і сказала ёй павітуха: «Ня бойся, бо таксама гэта сын у цябе».
18I сталася, калі выходзіла з яе душа, бо яна памірала, яна назвала імя ягонае Бэн-Оні, а бацька ягоны назваў яго Бэн’ямін.
19I памерла Рахель, і была пахаваная пры дарозе ў Эфрату, гэта Бэтлеем.
20I паставіў Якуб слуп над магілай ейнай. Гэта слуп магільны Рахелі да сёньня.
21I вырушыў [адтуль] Ізраіль, і паставіў намёт свой за Мігдаль-Эдэрам.
22I сталася, калі жыў Ізраіль у зямлі той, пайшоў Рубэн, і лёг з Більгай, наложніцай бацькі свайго. I пачуў [пра гэта] Ізраіль. I было сыноў Якуба дванаццаць.
23Сыны Леі: першародны Якуба Рубэн, Сымон, Левій, Юда, Ісахар і Завулён.
24Сыны Рахелі: Язэп і Бэн’ямін.
25I сыны Більгі, нявольніцы Рахелі: Дан і Нэфталі.
26I сыны Зільпы, нявольніцы Леі: Гад і Асэр. Гэта сыны Якуба, якія нарадзіліся ў яго ў Падан-Араме.
27I прыйшоў Якуб да Ісаака, бацькі свайго, у Мамрэ, у Кірыят-Арбу, гэта значыць у Хеўрон, дзе жылі Абрагам і Ісаак.
28I было дзён Ісаака сто восемдзясят гадоў.
29I супачыў Ісаак, і памёр, і быў далучаны да народу свайго, стары і насычаны днямі, і пахавалі яго Эзаў і Якуб, сыны ягоныя.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath