Хрысціянства
назад

БЫЦЬЦЁ 25

1I зноў узяў Абрагам жонку, а імя ейнае — Кетура.

2I нарадзіла яна яму Зімрана, і Ёкшана, і Мэдана, і Мадыяна, і Ішбака, і Шуаха.

3А Ёкшан нарадзіў Шэву і Дэдана. Сынамі Дэдана былі Ашурым, і Летушым, і Леўмім.

4А сынамі Мадыяна — Эфа, і Эфэр, і Ханох, і Авіда, і Эльдаа. Усе яны — сыны Кетуры.

5I аддаў Абрагам усё, што было ў яго, Ісааку.

6А сынам наложніцаў, якія былі ў Абрагама, даў Абрагам дары, і адаслаў іх ад Ісаака, сына свайго, яшчэ за жыцьця свайго, на ўсход, у зямлю ўсходнюю.

7I вось дні гадоў жыцьця Абрагама, якія ён пражыў — сто семдзясят пяць гадоў.

8I супачыў, і памёр Абрагам у старасьці добрай, стары і насычаны [жыцьцём], і быў далучаны да народу свайго.

9I пахавалі яго Ісаак і Ізмаэль, сыны ягоныя, у пячоры Махпэля, што насупраць Мамрэ, на полі Эфрона Хета, сына Цахара.

10Гэта тое поле, якое купіў Абрагам у сыноў Хета. Там пахаваныя Абрагам і Сара, жонка ягоная.

11I сталася пасьля сьмерці Абрагама, дабраславіў Бог Ісаака, сына ягонага, і жыў Ісаак каля Бэер-Ляхай-Рой.

12Вось радавод Ізмаэля, сына Абрагама, якога нарадзіла Абрагаму Агар Эгіпцянка, нявольніца Сары.

13I вось імёны сыноў Ізмаэля, паводле імёнаў іхніх, паводле родаў іхніх: першародны Ізмаэля Наваёт, Кедар, Адбээль, Міўсам,

14Мішма, Дума, Маса,

15Хадад, Тэма, Етур, Нафіш і Кедма.

16Гэта сыны Ізмаэля, і гэта імёны іхнія ў паселішчах іхніх і ў табарах іхніх, дванаццаць князёў плямёнаў сваіх.

17А гадоў жыцьця Ізмаэля — сто трыццаць сем гадоў. І ён супачыў, і памёр, і быў далучаны да народу свайго.

18І жылі яны ад Хавілі да Шура, які насупраць Эгіпту, калі ідзеш у Асірыю. Перад абліччам усіх братоў сваіх пасяліўся ён.

19А гэта радавод Ісаака, сына Абрагама. Абрагам нарадзіў Ісаака.

20I было Ісааку сорак гадоў, калі ён узяў Рэбэку, дачку Бэтуэля Арамейца з Падан-Араму, сястру Лявана Арамейца, сабе за жонку.

21I прасіў Ісаак ГОСПАДА пра жонку сваю, бо яна была бясплодная; і ГОСПАД быў упрошаны ім, і зачала Рэбэка, жонка ягоная.

22I штурхаліся сыны ў нутры ейным, і яна сказала: «Калі так, дык чаму ў мяне?» I пайшла спытацца ў ГОСПАДА.

23I сказаў ГОСПАД ёй: «Два народы ў жываце тваім, і два народы выйдуць з нутра твайго; і адзін народ будзе мацнейшым за другі, і старэйшы будзе служыць малодшаму».

24I споўніліся дні ейныя, каб нарадзіць, і вось, двайняты ў жываце ейным.

25I выйшаў першы, чырвоны, увесь, як кажух, касматы; і назвалі імя ягонае Эзаў.

26Потым выйшаў брат ягоны, і рука ягоная трымала пяту Эзава, і назвалі імя ягонае Якуб. А Ісааку было шэсьцьдзясят гадоў, калі яны нарадзіліся.

27I вырасьлі хлопчыкі, і быў Эзаў спрытным паляўнічым, чалавекам поля, а Якуб быў чалавекам рахманым, які жыў у намётах.

28I любіў Ісаак Эзава, бо ўпаляванае ім [было] ў вуснах ягоных; а Рэбэка любіла Якуба.

29I варыў Якуб страву, і Эзаў прыйшоў з поля, і быў ён стомлены.

30I сказаў Эзаў Якубу: «Дай мне крыху чырвонай, гэтай чырвонай [стравы], бо я стомлены». Дзеля гэтага названае імя ягонае Эдом.

31I сказаў Якуб: «Прадай мне сёньня першародзтва тваё».

32I сказаў Эзаў: «Вось, я ледзь не паміраю, і на што мне гэта першародзтва?»

33I сказаў Якуб: «Прысягні мне сёньня». І той прысягнуў яму, і прадаў першародзтва сваё Якубу.

34I Якуб даў Эзаву хлеб і страву з сачэвіцы, і ён еў, і піў, і ўстаў, і пайшоў; і пагрэбаваў Эзаў першародзтвам.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath