ЭЗРА 4
1І пачулі ворагі Юды і Бэн’яміна, што сыны выгнаньня будуюць Дом для ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
2І прыйшлі яны да Зэрубабэля і да галоваў [дамоў] бацькоў, і сказалі ім: «Будзем і мы будаваць з вамі, бо і мы, як і вы, шукаем Бога вашага і ахвяруем ахвяры Яму ад дзён Эсар-Гадона, валадара Асірыі, які прывёў нас сюды».
3І сказаў ім Зэрубабэль і Ешуа, і іншыя галовы [дамоў] бацькоў Ізраіля: «Не будаваць вам і нам [разам] Дом Богу нашаму. Мы адны будзем будаваць для ГОСПАДА, Бога Ізраіля, як загадаў нам Кір, валадар Пэрсаў».
4І стаў народ зямлі той паслабляць рукі народу Юды і палохаць іх пры будаўніцтве.
5І наймалі супраць іх дарадцаў [валадара], каб разбурыць намер іхні, праз усе дні Кіра, валадара Пэрсаў, аж да валадараньня Дарыя, валадара Пэрсаў.
6А ў валадараньне Ахашвэроша, на пачатку валадараньня ягонага, напісалі скаргу на жыхароў Юды і Ерусаліму.
7І ў дні Артаксэркса напісалі Бішлам, Мітрэдат, Табээль і іншыя таварышы іхнія да Артаксэркса, валадара Пэрсаў. І ліст быў напісаны па-арамейску і перакладзены на мову арамейскую.
8Рэхум канцлер і Шымшай пісар напісалі адзін ліст супраць Ерусаліму да валадара Артаксэркса гэтак:
9«Тады і тады. Рэхум канцлер, і Шымшай пісар, і іншыя таварышы іхнія — Дынэйцы, Афарсатхейцы, Тарпэлейцы, Афарсэйцы, Архейцы, Бабілонцы, Шушанцы, Дэгайцы, Элямцы,
10і іншыя народы, якіх перасяліў Аснапар, вялікі і славуты, і пасяліў у горадзе Самарыі і ў іншых [мясцовасьцях] Зарэчча, і іншае».
11Гэта водпіс лісту, які пасланы да [валадара]: «Артаксэрксу валадару — слугі слугаў тваіх, людзі Зарэчча, і іншае.
12Няхай будзе вядома валадару, што Юдэі, якія выйшлі ад цябе, прыйшлі да нас у Ерусалім, і горад бунтаўнічы і нягодны адбудоўваюць, і муры аднаўляюць, і падмуркі напраўляюць.
13Цяпер няхай будзе вядома валадару, што калі горад гэты будзе адбудаваны і муры адноўленыя, ня будуць яны плаціць ані даніны, ані падатку, ані мыта, і прыбытку валадара будзе шкода.
14І вось, мы солім [ежу] сольлю з палацу [валадара], і зьнявагі валадару ня можам бачыць. Дзеля гэтага пасылаем і паведамляем валадару.
15Няхай пашукаюць у кнізе запісаў бацькоў тваіх, і знойдзеш у кнізе запісаў, і даведаешся, што горад гэты — горад бунтаўнічы і шкодзіць валадарам і краям, і бунты паднімаюць у ім з дзён старадаўніх. За гэта горад гэты быў зруйнаваны.
16Мы паведамляем валадару, што калі горад гэты будзе адбудаваны і муры ягоныя будуць адноўленыя, з гэтай прычыны ня будзе ў цябе часткі ў Зарэччы».
17Валадар паслаў адказ: «Рэхуму канцлеру, і Шымшаю пісару, і іншым таварышам іхнім, якія жывуць у Самарыі і ў іншых [мясцовасьцях] Зарэчча. Супакой і іншае.
18Ліст, які вы прыслалі нам, выразна прачыталі перада мною.
19І ад мяне выйшаў загад, і шукалі, і знайшлі, што горад гэты з дзён старадаўніх паўставаў супраць валадароў, і былі ў ім бунты і паўстаньні,
20і былі ў Ерусаліме валадары магутныя, якія панавалі ў-ва ўсім Зарэччы, і ім давалі даніну, падаткі і мыта.
21І цяпер дайце загад, каб людзі гэтыя спыніліся і горад гэты не адбудоўваўся, пакуль ад мяне ня выйдзе [новы] загад.
22І будзьце ўважлівыя, каб не зрабіць у гэтым недагляду. Навошта мае павялічвацца зло на шкоду валадарам?»
23Як толькі водпіс гэтага ліста ад валадара Артаксэркса быў прачытаны перад Рэхумам і Шымшаем пісарам, і таварышамі іхнімі, яны, сьпяшаючыся, пайшлі ў Ерусалім да Юдэяў і спынілі [працу] іхнюю зброяй і гвалтам.
24Тады спынілася праца пры Доме Божым, які ў Ерусаліме; і спынілася яна аж да другога году валадараньня Дарыя, валадара Пэрсаў.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath