Хрысціянства
назад

ЭЗЭКІЭЛЬ 5

1А ты, сын чалавечы, вазьмі сабе меч востры і скарыстай яго як лязо, і пагалі сабе ім галаву і бараду. І вазьмі шалі вагаў, і падзялі тыя [валасы].

2Трэцюю частку іх спаліш у агні пасярод гораду, калі прыйдуць дні аблогі; і возьмеш трэцюю частку, і пасячэш яе мячом кругом [гораду], і трэцюю частку раскідаеш з ветрам, бо Я выцягну на іх меч.

3І возьмеш з іх малую толькі частку і ўкруціш у крысо плашча твайго.

4І возьмеш яшчэ з іх [крыху], і ўкінеш у агонь, каб у ім згарэлі, і выйдзе з гэтага агонь на ўвесь дом Ізраіля».

5Гэта кажа Госпад ГОСПАД: «Гэты Ерусалім Я паставіў сярод народаў, а вакол яго — землі [чужынскія].

6Але ён пагардзіў судом Маім, і бязбожнасьць [ягоная] большая, чым у народаў, і ён [паўстаў] супраць пастановаў Маіх больш, чым землі, якія вакол яго, бо яны адкінулі прысуды Мае і не хадзілі паводле пастановаў Маіх.

7Дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД. За тое, што вы збунтаваліся [больш], чым народы, якія вакол вас, і не хадзілі паводле пастановаў Маіх, і не выконвалі прысуды Мае, і нават не трымаліся судоў народаў, якія вакол вас,

8вось, гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я — супраць цябе, і на вачах народаў Я зраблю над табою суд.

9І зраблю табе за ўсе брыдоты твае тое, чаго ніколі не рабіў, і ўжо ніколі не зраблю падобнага.

10Дзеля гэтага бацькі будуць есьці сыноў пасярод цябе, а сыны будуць есьці бацькоў сваіх, і Я ўчыню над табою суды, і расьцярушу ўсю рэшту тваю на ўсе вятры”.

11Дзеля гэтага, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, за тое, што ты сьвятыню Маю апаганіў усімі брыдотамі тваімі і ўсімі агідамі тваімі, Я таксама адкіну цябе, і ня будзе мець літасьці вока Маё, і не пашкадую [цябе].

12Трэцяя частка твая памрэ ад заразы і загіне пасярод цябе ад голаду; трэцяя частка ўпадзе ад мяча ў ваколіцах тваіх; і трэцюю частку Я расьцярушу на ўсе вятры, і выцягну на іх меч.

13І супакоіцца гнеў Мой, і Я задаволю на іх лютасьць Маю, і супакоюся. І даведаюцца яны, што Я, ГОСПАД, прамовіў гэта ў гневе Маім, калі выльлю гнеў Мой на іх.

14І Я зраблю цябе спусташэньнем і ганьбаю сярод народаў, якія вакол цябе, на вачах усіх мінакоў.

15І ты станешся ганьбаю і пасьмешышчам, перасьцярогай і пусткаю для народаў, якія вакол цябе, калі Я ўчыню супраць цябе суды ў гневе і лютасьці і ярасным пакараньні. Я, ГОСПАД, прамовіў гэта.

16Калі Я пашлю супраць вас стрэлы голаду, каб нішчыць вас, калі іх пашлю для загубы вашай, Я памножу паміж вамі голад і зламлю вам падпору хлеба.

17І Я спашлю на вас голад і дзікіх зьвяроў, і яны асіроцяць цябе; і зараза, і кроў прыйдуць на цябе, і Я прывяду на цябе меч. Я, ГОСПАД, прамовіў гэта».

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath