Хрысціянства
назад

ЭЗЭКІЭЛЬ 47

1І ён завёў мяне да ўваходу ў Дом [Божы]. І вось, вада выцякала з-пад парогу Дому [Божага] на ўсход, бо пярэдні бок Дому гэтага [быў] на ўсход; а вада выцякала з-пад правага боку Дому, з паўднёвага боку ад ахвярніка.

2І ён вывеў мяне шляхам праз браму паўночную, і павёў мяне звонку вакол да вонкавай брамы шляхам, скіраваным на ўсход. І вось вада выцякала з-пад правага боку Дому.

3І выйшаў той муж на ўсход, і шнур [меральны] ў руцэ ягонай. І ён адмерыў тысячу локцяў, і перавёў мяне праз ваду, і вада [была] да костак.

4І ён адмерыў тысячу [локцяў], і перавёў мяне праз ваду, і вада была да каленяў. І ён адмерыў тысячу [локцяў], і перавёў мяне, і вада была да паясьніцы.

5І ён адмерыў тысячу [локцяў], [і быў] струмень, праз які ня мог я перайсьці, бо вада ўзьнялася, [і стала] вада для плаваньня, струмень, праз які нельга перайсьці.

6І ён сказаў мне: «Ці ты бачыў [гэта], сыне чалавечы?» І ён павёў мяне, і завёў на бераг струмяня гэтага.

7Калі я вярнуўся, вось, з абодвух бакоў на беразе струмяня вельмі шмат дрэваў.

8І ён сказаў мне: «Вада гэтая цячэ на абшар усходні, і зыходзіць на стэп, упадае ў Мора [Салёнае], і разьліваецца ў моры, і воды тыя становяцца здаровымі.

9І станецца, што ўсякая душа жывая, якая там множыцца, куды толькі прыйдзе струмень гэты, будзе жыць, і будзе там вельмі шмат рыбы, бо куды дацякуць тыя воды, там [усё] будзе аздароўлена і будзе жыць усё там, куды дацячэ струмень гэты.

10І станецца, што будуць над ім стаяць рыбакі, ад Эн-Геды аж да Эн-Эгляіму, і будзе гэта месца на стаўленьне сетак, і будуць там рыбы паводле гатунку свайго, як рыбы з Мора Вялікага, [будзе іх] вельмі шмат.

11Але балоты ягоныя і затокі ягоныя ня будуць аздароўлены, бо яны дадзеныя для солі.

12А пры струмяні на беразе ягоным з аднаго і другога боку будуць расьці ўсялякія дрэвы пладовыя, і лісьце іхняе ня зьвяне, і плады іхнія ня спыняцца, кожны месяц будуць яны радзіць новыя [плады], бо воды гэтыя выходзяць са сьвятыні. І будуць плады іхнія на ежу, а лісьце іхняе — на лекі».

13Гэта кажа Госпад ГОСПАД: «Гэта мяжа, у якой вы ўспадкаеміце зямлю для дванаццаці каленаў Ізраіля. Язэп [будзе мець] дзьве часткі.

14І вы ўспадкаеміце яе, кожны так, як брат ягоны, бо Я ўзьняў руку Маю, што дам яе бацькам вашым. І будзе зямля гэтая для вас у спадчыну.

15Гэта межы зямлі: з паўночнага боку ад Мора Вялікага ў накірунку да Хэтлёну, як ісьці ў Цэдаду,

16Хамат, Бэроту і Сібраім, якія паміж мяжой Дамаску і мяжой Хамату, Хацар-Гатыхону, які на мяжы Хаўрану.

17І будзе мяжа ад Мора да Хацар-Энону, паўночная мяжа Дамаску і мяжа Хамату на поўначы. Гэта бок паўночны.

18А з боку ўсходняга — паміж Хаўранам і Дамаскам, паміж Гілеадам і зямлёй Ізраіля, па Ярдану мяжу аж да Мора Усходняга вы будзеце мерыць. Гэта бок усходні.

19А з боку паўднёвага ў правы бок — ад Тамару аж да водаў Мэрывот-Кадэшу, уздоўж ручая да Мора Вялікага. Гэта бок паўднёвы з правага боку ў бок Нэгеву.

20А з боку заходняга — Мора Вялікае ад мяжы аж да месца насупраць уваходу ў Хамат. Гэта бок заходні.

21І вы падзеліце зямлю гэтую для сябе паводле дванаццаці каленаў Ізраіля.

22І станецца, што вы падзеліце яе жэрабем на спадчыну для вас і для прыхадняў, якія жывуць сярод вас і якія нарадзілі сыноў сярод вас, і будуць яны для вас як тутэйшыя сярод сыноў Ізраіля, разам з вамі яны кінуць жэрабя пра спадчыну сярод каленаў Ізраіля.

23І станецца, што ў тым калене, у якім жыве прыхадзень, дасьцё яму спадчыну ягоную, кажа Госпад ГОСПАД.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath