Хрысціянства
назад

ЭЗЭКІЭЛЬ 45

1Калі будзеце кідаць жэрабя пра зямлю на спадчыну, выдзеліце сьвяты дар для ГОСПАДА з зямлі, даўжынёю на дваццаць пяць тысячаў [прутоў] і шырынёю на дваццаць тысячаў [прутоў]. Ён сьвяты ў-ва ўсім абшары сваім наўкола.

2З гэтага да сьвятыні будзе [належаць] чатырохкутнік пяцьсот на пяцьсот [прутоў] наўкола, а на пяцьдзясят локцяў вакол будзе вольнае месца.

3А з гэтага абсягу адмераеш [абшар] даўжынёю ў дваццаць пяць тысячаў [прутоў] і шырынёю ў дзесяць тысячаў [прутоў], і на ім будзе сьвятыня, Сьвятое Сьвятых.

4Гэта сьвятая [частка] зямлі; яна будзе для сьвятароў, якія служаць пры сьвятыні, якія набліжаюцца, каб служыць ГОСПАДУ; і будзе гэта для іх месца на дамы і [месцам] сьвятым для сьвятыні.

5І [абшар] даўжынёю ў дваццаць пяць тысячаў [прутоў] і шырынёю ў дзесяць тысячаў [прутоў] будзе для лявітаў, якія служаць пры Доме гэтым; для іх на ўласнасьць дваццаць пакояў.

6А на ўласнасьць гораду дасьцё [абшар] шырынёю ў пяць тысячаў [прутоў] і даўжынёй у дваццаць пяць тысячаў [прутоў], насупраць сьвятой часткі. Гэта будзе для ўсяго дому Ізраіля.

7А для князя [будзе абшар] па абодвух баках часткі сьвятой і ўласнасьці гораду ўздоўж часткі сьвятой і ўздоўж уласнасьці горада з боку заходняга на захад і з боку ўсходняга на ўсход, і даўжыня такая, як частка [калена] ад мяжы заходняй да мяжы ўсходняй.

8Гэта зямля будзе яму на ўласнасьць у Ізраілі, і ня будуць больш уціскаць князі народ Мой, але дадуць зямлю дому Ізраіля паводле каленаў ягоных.

9Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Досыць вам, князі Ізраіля! Кіньце гвалт і прыгнёт, а чыніце суд і праведнасьць! Пакіньце выганяць [з зямлі] народ Мой, кажа Госпад ГОСПАД”.

10Няхай у вас будзе вага праведная, эфа праведная і бат праведны.

11Эфа і бат няхай будуць аднолькавай меры, так, каб бат меў дзясятую частку гомара і эфа мела дзясятую частку гомара. Паводле гомара будзе мера іхняя.

12Сыкль [мае мець] дваццаць гэраў; дваццаць сыкляў, дваццаць пяць сыкляў і пятнаццаць сыкляў няхай будзе для вас міна.

13Гэта ёсьць дар, які вы будзеце прыносіць: шостую частку эфы з гомару пшаніцы і шостую частку эфы з гомару ячменю.

14І пастанова пра алей адносна бату алею — дзясятая частка бату з кору, дзесяць батаў — гэта гомар, бо дзесяць батаў — гомар.

15І адно ягня з двухсот авечак з пашаў Ізраіля — на ахвяру хлебную, на цэласпаленьне і ахвяру мірную, каб ачысьціць іх, кажа Госпад ГОСПАД.

16Увесь народ зямлі гэтай будзе дары гэтыя даваць князю Ізраіля.

17А князь мае рупіцца пра цэласпаленьне, ахвяру хлебную і вадкую на сьвяты, маладзікі, суботы і на ўсе ўрачыстасьці дому Ізраіля. Ён робіць ахвяру за грэх, ахвяру хлебную, цэласпаленьні і ахвяры мірныя, каб ачысьціць дом Ізраіля.

18Гэта кажа Госпад ГОСПАД. У першым [месяцы], у першы [дзень] месяца возьмеш бычка, сына ялаўкі, без заганы, і ачысьціш сьвятыню.

19І возьме сьвятар кроў ахвяры за грэх, і пакрапіць ёю вушакі [дзьвярэй] Дому [Божага], чатыры рагі абрамаваньня ахвярніка, вушакі брамы ўнутранага панадворку.

20І так зробіш у сёмы [дзень першага] месяца, за кожнага, хто саграшыў праз няўвагу або бязглуздасьць, і ачысьціце Дом [Божы].

21У першым [месяцы], у чатырнаццаты дзень месяца будзе ў вас Пасха, сьвята сямі- дзённае, калі будзеце есьці праснакі.

22І князь у той дзень складзе бычка як ахвяру за грэх, за сябе і за ўвесь народ зямлі.

23І сем дзён сьвята ён будзе ахвяроўваць цэласпаленьне для ГОСПАДА, сем бычкоў, сем бараноў без заганы штодзень сем дзён, і як ахвяру за грэх штодзень аднаго казла.

24І складзе ахвяру хлебную, эфу на бычка і эфу на барана, і гін алею на эфу.

25У сёмым [месяцы], у пятнаццаты дзень месяца ў сьвята будзе ён ахвяроўваць сем дзён як ахвяру за грэх, так і цэласпаленьне, як ахвяру хлебную, так і алей.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath