Хрысціянства
назад

ЭЗЭКІЭЛЬ 38

1І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

2«Сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё супраць Гога з зямлі Магог, князя Рошу, Мэшэку і Тувалю, і прароч супраць яго,

3і кажы: “Гэта кажа Гос­пад ГОСПАД. Вось, Я суп­раць цябе, Гог, князь Рошу, Мэшэку і Тувалю.

4І Я завярну цябе, і ўкладу гакі ў сківіцы твае, і выведу цябе і ўсё войска тваё, коней і вершнікаў, усіх выдатна ўзброеных, збор шматлікі, са шчытамі і тарчамі, усіх узброеных мячамі.

5Пэрсы, Куш і Пут, усе яны са шчытом і шаломам,

6Гомэр і ўсе дружыны ягоныя, дом Тагармы з канцоў поўначы і ўсе дружыны іхнія, і мноства народаў з табою.

7Падрыхтуйся і будзь гатовы, ты і ўсе зборы твае, якія сабраліся кругом цябе, і ты будзеш з імі на варце.

8Праз шмат дзён Я наведаю цябе, пры канцы гадоў ты прыйдзеш у зямлю, якая ацалела ад мяча, у якой сабраны [народ] спаміж шматлікіх народаў на гарах Ізраіля, што доўга былі руінаю. І ён будзе выве­дзены спасярод народаў, і яны ўсе будуць жыць у бясьпецы.

9І ты ўвойдзеш, як бура, і прыйдзеш, як хмара, каб пакрыць зямлю. Будзеш [там] ты і ўсе дружыны твае, і шмат народаў з табою.

10Гэта кажа Госпад ГОСПАД. І станецца ў той дзень, і ўвойдуць словы ў сэрца тваё, і ты задумаеш думку ліхую,

11і скажаш: "Вырушу на зямлю неўмацаваную, пайду на [людзей] спакойных, якія жывуць у бясьпецы, усе яны ня маюць муроў, засавак і брамаў,

12каб рабаваць рабаваньнем і браць здабычу, каб руку сваю зьвярнуць супраць руінаў, якія [зноў] абжытыя, і супраць народу, які сабраны спасярод народаў, які набывае статкі і маёмасьць, і жыве ў сярэдзіне зямлі".

13Шэва і Дэдан, і купцы з Таршышу, і ўсе ільвяняты ягоныя скажуць табе: "Ці ты прыйшоў узяць здабычу? Ці ты сабраў зборышча тваё, каб рабаваць рабаваньнем, каб вынесьці срэбра і золата, каб узяць для сябе статкі і маёмасьць, каб узяць здабычу вялікую? "”

14Дзеля гэтага прароч, сыне чалавечы, і скажы Гогу: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ці ж у той дзень, калі народ Мой Ізраіль будзе жыць у бясьпецы, ты не даведаешся пра гэта?

15І ты прыйдзеш з месца свайго, з канца поўначы, ты і шмат народаў з табой, усе сядзяць на конях, зборышча вялікае і войска шматлікае.

16І ты выйдзеш супраць народу Майго Ізраіля, як хмара, каб пакрыць зямлю. Пры канцы дзён станецца [гэта], і Я прывяду цябе ў зямлю Маю, каб даведаліся пра Мяне народы, калі Я выяўлю сьвятасьць Маю на табе, Гог, на вачах іхніх”.

17Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ці ты — той, пра якога ў дні старадаўнія Я гаварыў праз рукі слугаў Маіх, прарокаў Ізраіля, якія ў тыя дні прадказвалі, што Я прывяду цябе да іх?

18І станецца ў той дзень, у дзень, калі Гог прыйдзе ў зямлю Ізраіля, кажа Госпад ГОСПАД, рэўнасьць Мая ўвойдзе ў ноздры Мае.

19І ў ярасьці Маёй, у полымі гневу Майго Я прамовіў: “Сапраўды, у той дзень станецца землятрус вялікі ў зямлі Ізраіля.

20І задрыжаць перад абліччам Маім рыбы марскія і птушкі нябесныя, зьвяры палявыя і ўсё, што поўзае па зямлі, і ўсе людзі, якія на абліччы зямлі. І будуць зруйнаваныя горы, і заваляцца стромыя [скалы], і ўсе муры ўпадуць на зямлю.

21І Я паклічу супраць яго меч на ўсіх гарах, кажа Госпад ГОСПАД, меч кожнага [зьвернецца] супраць брата.

22І Я буду судзіць яго заразаю, крывёй і дажджом залеўным, і градам каменным. Агонь і серку спашлю на яго, і на дружыны ягоныя, і на народы шматлікія, якія з ім.

23І Я ўзьвялічуся, і выяўлю сьвятасьць, і выяўлю Сябе перад вачыма народаў шматлікіх, і яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД”.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath