Хрысціянства
назад

ЭЗЭКІЭЛЬ 34

1І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

2«Сыне чалавечы, прароч супраць пастыраў Ізраіля, прароч і кажы пастырам: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Гора пастырам Ізраіля, якія пась­вяць самі сябе! Ці ж пастыры не павінны пасьвіць авечак?

3Вы малако спажываеце, у воўну апранаецеся, тлустае забіваеце, але авечак не пасьвіце.

4Вы саслабелых не ўмацоўвалі, хворай не лекавалі; скалечанай не перавязвалі, заблукалай не вярталі назад, згубленай не шукалі, а абыходзіліся з імі з гвалтам і з прымусам.

5І расьцярушыліся [авечкі], бо ня мелі пастыра, і сталіся здабычаю ўсіх зьвяроў палявых, і разьбегліся.

6Блукаюць авечкі Мае на ўсіх гарах і на кожным высокім узгорку, і па ўсім абліччы зямлі разьбегліся авечкі Мае, але ніхто не клапоціцца пра іх і ніхто не шукае іх.

7Дзеля гэтага, пастыры, слухайце слова ГОСПАДА.

8Як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што авечкі Мае сталіся здабычай і авечкі Мае сталіся спажывай для ўсіх зьвяроў палявых, бо ня мелі пастыра, бо пастыры Мае не шукалі авечак Маіх, але пасьвілі пастыры саміх сябе, а авечак Маіх ня пасьвілі,

9дзеля гэтага, пастыры, слухайце слова ГОСПАДА.

10Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я супраць пастыраў. І Я буду шукаць авечак Маіх з рук іхніх, і Я прыбяру іх, каб ня пасьвілі авечак, і ня будуць больш тыя пастыры пасьвіць саміх сябе; і Я вырву авечак Маіх з вуснаў іхніх, і ня будуць яны больш ім на спажываньне.

11Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я Сам буду шукаць авечак Маіх і буду даглядаць іх.

12Як аглядае пастух статак свой удзень, калі знаходзіцца сярод расьцярушаных авечак сваіх, так Я буду аглядаць авечак Маіх і вызвалю іх з усіх месцаў, у якія яны былі расьцярушаныя ў дзень хмары і імглы.

13І Я выведу іх з народаў, і зьбяру іх з земляў, і вярну іх у зямлю іхнюю, і буду пасьвіць іх на гарах Ізраіля, пры ручаях і ў-ва ўсіх паселішчах зямлі.

14Буду пасьвіць іх на пашах добрых, пашы іхнія будуць на высокіх гарах Ізраіля; там будуць адпачываць на пашах добрых, і на пашах сакавітых будуць пасьвіцца на гарах Ізраіля.

15Я буду пасьвіць авечак Маіх і дам супачынак ім, кажа Госпад ГОСПАД.

16Згубленую знайду, заблукалую прывяду, скалечаную перавяжу, хворую ўмацую, а тлустую і дужую зьнішчу. Буду пасьвіць іх паводле суду [справядлівага]”.

17А вам, авечкі Мае, гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я буду судзіць паміж авечкай і авечкай, паміж баранамі і казламі.

18Ці ж мала вам, што вы пасьвіцеся на пашы добрай? Чаму рэшту пашы вашай вы топчаце нагамі вашымі? І вы п’іцё ваду чыстую, а астатнюю каламуціце нагамі вашымі?

19І авечкі Мае пасьвяцца на тых [месцах], якія вы стапталі нагамі вашымі, і п’юць тое, што вы скаламуцілі нагамі вашымі”.

20Дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД да іх: “Вось, Я Сам буду судзіць паміж авечкай тлустай і авечкай худою.

21За тое, што вы ўсіх слабых адпіхвалі бакамі і плячыма і папіхалі іх рагамі вашымі, аж пакуль не павыганялі іх прэч,

22Я дапамагу авечкам Маім, і яны больш ня будуць здабычай, і буду судзіць паміж авечкай і авечкай.

23І Я пастаўлю для іх аднаго пастыра, слугу Майго Давіда, і ён будзе пасьвіць іх. Ён бу­дзе пасьвіць іх, і ён будзе для іх пастырам.

24А Я, ГОСПАД, буду для іх Богам, а слуга Мой Давід будзе князем сярод іх. Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта].

25І Я заключу з імі запавет супакою, і прыбяру зьвяроў ліхіх з зямлі гэтай, і яны будуць жыць у пустыні бясьпечна, і будуць спаць у лясах.

26І Я дам ім і ваколіцам узвышша Майго дабраславенства, і буду спасылаць дождж у свой час, гэта будзе дождж дабраславенства.

27І дасьць дрэва палявое плод свой, і зямля дасьць ураджай свой. І яны будуць жыць у бясьпецы ў зямлі сваёй, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі скрышу брускі ярма іхняга і вырву іх з рукі тых, якія зьняволілі іх.

28І ня будуць яны больш здабычай для народаў, і зьвяры зямныя ня будуць жэрці іх, але яны будуць жыць у бясьпецы, і [ніхто] ня будзе іх пужаць.

29І Я пастаўлю ім парасьць для славы, і ня будуць яны больш гінуць з голаду на зямлі, і ня будуць больш зносіць зьнявагі народаў.

30І даведаюцца, што Я — ГОС­ПАД, Бог іхні, з імі, а яны — народ Мой, дом Ізраіля, кажа Госпад ГОСПАД.

31Вы — авечкі Мае, авечкі пашы Маёй, вы — людзі, а Я — Бог ваш, кажа Госпад ГОСПАД”».

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath