Хрысціянства
назад

ЭЗЭКІЭЛЬ 32

1І сталася ў дванаццатым годзе, у дванаццатым месяцы, у першы [дзень] месяца, і было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

2«Сыне чалавечы, узьнімі лямант над фараонам, валадаром Эгіпецкім, і скажы яму: “Львянятка народаў, ты прапаў, а быў ты як цмок у моры, пырхаў у рэках тваіх, муціў ваду лапамі тваімі і ўзбураў хвалі ягоныя”.

3Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Я расьцягну над табою сетку Маю на сходзе народаў шматлікіх, і яны выцягнуць цябе сеткаю Маёй.

4І Я кіну цябе на зямлю, і выкіну цябе на аблічча палёў, і дам абжыцца на табе ўсім птушкам нябесным, і накармлю табою зьвяроў усёй зямлі.

5І раскідаю па гарах цела тваё, і напоўню даліны падлінай тваёй.

6І напаю зямлю крывёю тваёй аж па горы, і напоўняцца табою яры.

7Калі будзеш чэзнуць, Я закрыю неба і зацямню зоркі, сонца закрыю хмарамі, а месяц ня дасьць бляску свайго.

8Усе сьвяцілы, якія сьвецяць на небе, Я зацямню дзеля цябе і спашлю цемру на зямлю тваю, кажа Госпад ГОСПАД.

9І Я занепакою сэрца народаў шматлікіх, калі прынясу [вестку] пра зьнішчэньне тваё да народаў зямлі, якіх ты ня ведаеш.

10І Я ўстрывожу дзеля цябе народы шматлікія, і валадары іхнія спалохаюцца дзеля цябе, калі буду махаць мячом Маім перад абліччам іхнім, і будуць безупынна дрыжэць у страху за душу сваю ў дзень падзеньня твайго.

11Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД. Меч валадара Бабілонскага прыйдзе на цябе.

12Я разаб’ю мячамі волатаў мноства тваё, яны ўсе — найгоршыя з народаў. І яны зьніш­чаць пыху Эгіпту, і будзе выгубленае ўсё мноства ягонае.

13І Я зьнішчу ўсё быдла ягонае пры водах вялікіх, і больш ня будзе каламуціць іх нага чалавека, і капыт жывёлы ня будзе каламуціць іх.

14Тады Я ачышчу воды іхнія, і рэкі іхнія як алей пацякуць, кажа Госпад ГОСПАД.

15Калі Я перамяню зямлю Эгіпецкую ў пустку, і спустошаная будзе зямля ад таго, што ў ёй, калі выб’ю ўсіх жыхароў ейных, тады даведаюцца, што Я — ГОСПАД”.

16Гэта лямант, і будуць лямантаваць дочкі народаў, і будуць плакаць дзеля Эгіпту, і дзеля ўсяго мноства ягонага будуць лямантаваць, кажа Госпад ГОСПАД».

17І сталася ў дванаццатым годзе, у пятнаццаты [дзень] месяца, і было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

18«Сыне чалавечы, бядуй дзеля мноства Эгіпту і скінь яго, яго і дочак народаў магутных, у краіну падземную, да тых, якія зыйшлі ў магілу.

19За каго ты стаў прыгажэйшы? Зыйдзі і ляж сярод неабрэзаных.

20Яны пападаюць сярод забітых мячом. Меч дадзены, цягніце [Эгіпет] і ўсе народы ягоныя.

21Прамовяць да яго з сярэдзіны адхлані волаты магутныя разам з паплечнікамі [сваімі]: ”Зыйшлі [ў магілу], ляжаць неабрэзаныя, забітыя мячом!”

22Там Ашур і ўсе дружыны ягоныя, кругом яго — труны ягоныя, гэта ўсё забітыя, што паляглі ад мяча.

23Труны іхнія ў найглыбейшай магіле, і дружыны ягоныя вакол труны ягонай, усе яны пазабіваныя, паляглі ад мяча тыя, якія палохалі зямлю жывых.

24Там Элям і ўсё мноства яго вакол труны ягонай, гэта ўсё пазабіваныя, якія паляглі ад мяча, якія зыйшлі неабрэзаныя ў краіну падземную, гэта тыя, што сеялі страх у зямлі жывых. Ганьбу яны сваю нясуць разам з тымі, што зыйшлі ў магілу.

25Сярод забітых далі ложак яму, і ўсё мноства ягонае вакол труны ягонай, усе яны неабрэзаныя, забітыя мячом; яны сеялі страх у зямлі жывых і панесьлі ганьбу сваю з тымі, што зыходзяць у магілу; сярод забітых ён паложаны.

26Там Мэшэк, Туваль і ўсё мноства іхняе вакол трунаў іхніх, усе яны неабрэзаныя, забітыя мячом, бо яны сеялі страх у зямлі жывых.

27Ляжаць яны не пры волатах, якія пападалі з неабрэзанымі, якія ў поўнай зброі баявой зыйшлі ў адхлань, якім палажылі мячы іхнія пад галовы, і беззаконьні іхнія — на костках іхніх, бо былі яны страхам для волатаў у зямлі жывых.

28І ты будзеш кінуты сярод неабрэзаных, і будзеш ляжаць сярод тых, якія забітыя мячом.

29Там Эдом і валадары ягоныя, і ўсе князі ягоныя, якія пры ўсёй сіле сваёй паложаны сярод тых, якія забітыя мячом. Яны ляжаць сярод неабрэзаных, сярод тых, што зыйшлі ў магілу.

30Там валадары поўначы, усе яны і ўсе Сідонцы, якія зыйшлі разам з забітымі, асаромленыя, хоць сеялі страх моцай сваёй. І ляжаць яны, неабрэзаныя, з тымі, якія забітыя мячом, і нясуць ганьбу сваю разам з тымі, што зыйшлі ў магілу.

31Убачыць іх фараон і ўсьцешыцца з усім мноствам сваім. Забітыя мячом фараон і ўсё войска ягонае, кажа Гос­пад ГОСПАД.

32Страх сеяў ён у зямлі жывых, таму кінуць яго, каб ляжаў сярод неабрэзаных, з тымі, якія забітыя мячом, фараон і ўсё мноства ягонае, кажа Гос­пад ГОСПАД».

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath