Хрысціянства
назад

ЭЗЭКІЭЛЬ 30

1І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

2«Сыне чалавечы, прароч і кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Галасіце дзеля таго дня!

3Бо блізкі дзень, блізкі дзень ГОСПАДА! Днём хмараў будзе час [кары] для народаў.

4І прыйдзе меч на Эгіпет, і будзе страх у Кушы, калі будуць падаць забітыя ў Эгіпце, калі забяруць мноства ягонае, калі будуць зруйнаваныя падмуркі ягоныя.

5Куш, Пут і Люд, і ўсе чужынцы, і Куб, і сыны зямлі запавету [разам] з імі пагінуць ад мяча.

6Гэта кажа ГОСПАД. Упадуць падпоры Эгіпту і ўпадзе пыхлівасць магутнасьці ягонай, ад Мігдолу аж да Сэвэны будуць падаць ад мяча, кажа Госпад ГОСПАД.

7І будзе ён спусташэньнем сярод земляў спустошаных, і гарады ягоныя будуць між гарадоў зруйнаваных.

8І яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі Я прывяду агонь пад Эгіпет і будуць патрушчаны ўсе, хто дапамагае яму.

9У той дзень выйдуць ад аблічча Майго пасланцы на караблях, каб патрывожыць спакой Кушу, і трывога падымецца сярод іх у дзень Эгіпту, бо вось, ён надыходзіць.

10Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Я зраблю канец мноству Эгіпта рукою Навухаданосара, валадара Бабілону.

11Ён і народ ягоны, магутныя між народаў, прыйдуць, каб нішчыць зямлю гэтую. Яны выцягнуць мячы свае супраць Эгіпту і напоўняць зямлю забітымі.

12І Я зраблю рэкі сухадолам, і аддам зямлю ў рукі ліхотнікаў, і спустошу зямлю і ўсё, што ў ёй, рукою чужынцаў. Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта]”.

13Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Я зьнішчу ідалаў і зраблю канец балванам з Нофу, і ня будзе больш князя ў зямлі Эгіпецкай. І Я спашлю страх на зямлю Эгіпецкую.

14І Я спустошу Патрос, і пушчу агонь на Цаан, і ўчыню суд у Но.

15І Я выльлю гнеў Мой на Сін, крэпасьць Эгіпецкую, і вынішчу шматлюдзтва ў Но.

16І Я спашлю агонь на Эгіпет; будзе качацца ад болю Сін, і Но будзе здабыты, а на Ноф [прыйдуць] ворагі ўдзень.

17Юнакі з Авэну і Пі-Бэсэту будуць падаць ад мяча, а [гарады] гэтыя пойдуць у няволю.

18У Тахпанхэсе сьцямнее дзень, калі Я зламлю там ярмо Эгіпецкае. І скончыцца ў ім пыхлівасьць магутнасьці ягонай. Хмара закрые яго, і дочкі ягоныя пойдуць у няволю.

19І Я ўчыню суды [Мае] ў Эгіпце, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД”».

20І сталася ў адзінаццатым го­дзе, у першым [месяцы], у сёмы [дзень] месяца, і было слова ГОС­ПАДА да мяне, кажучы:

21«Сыне чалавечы, Я зламаў рамяно фараона, валадара Эгіпту, і вось, яно ня будзе перавязанае, каб даць лекі, каб зрабіць павязку, каб перавязаць яго, каб ня меў ён сіл трымаць меч.

22Дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД: “Вось, Я супраць фараона, валадара Эгіпецкага, і Я зламлю рамёны ягоныя, тое моцнае і тое зламанае, і выкіну меч з рукі ягонай.

23І Я расьцярушу Эгіпцянаў сярод народаў, і раскідаю іх паміж земляў.

24І Я ўмацую рамёны валадара Бабілонскага, і дам меч Мой у руку ягоную; і Я зламлю рамёны фараона, і ён будзе стагнаць, як стогне паранены, перад абліччам ягоным.

25І Я ўмацую рамёны валадара Бабілонскага, а рамёны фараона аслаблю, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі дам меч Мой у руку валадара Бабілонскага і ён выцягне яго супраць зямлі Эгіпецкай.

26І Я расьцярушу Эгіпцянаў сярод народаў, і раскідаю іх паміж земляў, і яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД”».

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath