ЭЗЭКІЭЛЬ 28
1І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2«Сыне чалавечы, скажы князю Тыру: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што ўзьвялічылася сэрца тваё і ты сказаў: “Я — бог, я сяджу на пасадзе Божым у сэрцы мораў!” Але ты чалавек, а ня бог, і ты паставіў сэрца тваё як сэрца Бога.
3Вось, ты мудрэйшы за Данііла, ніякая таямніца не схаваная ад цябе!
4Мудрасьцю тваёй і розумам тваім ты здабыў сабе багацьце і назьбіраў золата і срэбра ў скарбніцах тваіх.
5Вялікай мудрасьцю тваёй у гандлі тваім ты памножыў багацьце тваё, і сэрца тваё ўзьвялічылася з прычыны багацьцяў тваіх.
6Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што ты сэрца тваё паставіў як сэрца Бога,
7вось, Я прывяду на цябе чужынцаў, найгоршыя народы. Яны павернуць мячы свае супраць прыгажосьці мудрасьці тваёй і збэсьцяць бляск твой,
8і сапхнуць цябе ў яму, і памрэш ты сьмерцю забітага ў сэрцы мораў.
9Ці будзеш гаварыць. “Я — Бог!” перад абліччам таго, які забівае цябе. Ты чалавек, а ня Бог у руцэ забойцаў тваіх.
10Сьмерцю неабрэзаных ты памрэш ад рукі чужынцаў, бо Я прамовіў [гэта], кажа Госпад ГОСПАД”».
11І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
12«Сыне чалавечы, узьнімі лямант над валадаром Тыру і скажы яму: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ты — пячатка дасканаласьці, поўны мудрасьці, вяршыня прыгажосьці.
13Ты быў у Эдэме, у садзе Божым, усялякія камяні дарагія пакрывалі цябе: рубін, тапаз, ясьпіс, таршыш, онікс, бэрыль, шафір, гранат, шмарагд і золата, былі зробленыя бубны твае, і дуды твае былі падрыхтаваныя для цябе ў дзень стварэньня твайго.
14Ты — памазаны херувім, які асланяе, і Я даў табе быць на сьвятой гары Божай, і ты хадзіў між агністых камянёў.
15Ты быў дасканалы ў шляхах тваіх ад дня стварэньня твайго, пакуль не знайшлося ў табе беззаконьне.
16З пашырэньнем гандлю твайго напоўнілася нутро тваё гвалтам, і ты саграшыў. І Я скінуў цябе з гары Божай, і выгнаў цябе, херувім, які асланяе, спаміж агністых камянёў.
17Узьвялічылася сэрца тваё дзеля прыгажосьці тваёй; і ты згубіў мудрасьць тваю дзеля красы тваёй. І Я кінуў цябе на зямлю, перад абліччам валадароў паставіў цябе, каб бачылі цябе.
18Мноствам беззаконьняў тваіх і няправеднасьцю гандлю твайго ты апаганіў сьвятыню тваю. І Я вывеў агонь з нутра твайго, і ён зьеў цябе, і Я зрабіў цябе попелам на зямлі на вачах усіх, якія бачылі цябе.
19Усе, хто ведае цябе сярод народаў, аслупянеюць дзеля цябе, бо ты стаўся страхоцьцем, і ня будзе цябе на вякі”».
20І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
21«Сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё на Сідон і прароч супраць яго,
22і кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я супраць цябе, Сідоне. І Я ўслаўлюся пасярод цябе, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі ўчыню ў ім суды [Мае] і зьяўлю сьвятасьць [Маю] ў ім.
23І Я спашлю на яго пошасьць і кроў на вуліцы ягоныя, і будуць падаць пасярод яго забітыя ад мяча, які [прыйдзе] да яго з усіх бакоў, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД.
24І ўжо больш ня будзе для дому Ізраіля церня калючага і асоту, які прыносіць боль, ад усіх, якія вакол яго і якія пагарджаюць ім, і яны даведаюцца, што Я — Госпад ГОСПАД.
25Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Калі Я зьбяру дом Ізраіля спаміж народаў, сярод якіх яны былі расьцярушаныя, Я зьяўлю сьвятасьць [Маю] на вачах усіх народаў, і яны будуць жыць на зямлі сваёй, якую Я даў слузе Майму Якубу.
26І будуць жыць у ёй бясьпечна, будуць будаваць дамы, будуць садзіць вінаграднікі; будуць жыць бясьпечна ў той час, калі над усімі вакол, хто пагарджае імі, Я буду праводзіць суд, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД, Бог іхні”».
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath