Хрысціянства
назад

ЭЗЭКІЭЛЬ 26

1І сталася ў адзінаццатым годзе, у першы [дзень] месяца, і было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

2«Сыне чалавечы, за тое, што Тыр сказаў Ерусаліму: “Ага! Зламаная брама народаў; ён зьвяртаецца да мяне, я буду багаты, бо ён спустошаны”,

3дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД: “Вось, Я супраць цябе, Тыр, і Я прывяду супраць цябе народы шматлікія, як мора ўздымае хвалі свае.

4І яны зруйнуюць муры Тыру, і разваляць вежы ягоныя. І Я вымяту з яго пыл ягоны, і зраблю з яго голую скалу.

5Ён станецца пасярод мора месцам, каб сушыць сеткі, бо Я прамовіў [гэта], кажа Госпад ГОСПАД, і будзе ён здабычай для народаў.

6Дочкі ягоныя, якія на полі, пагінуць ад мяча, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД”.

7Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я прывяду з поўначы супраць Тыру Навухаданосара, валадара Бабілону, валадара валадароў, з коньмі, калясьніцамі і вершнікамі, з войскам і мноствам народу.

8І дочак тваіх, якія на полі, ён заб’е мячом, і паставіць супраць цябе вежу, і насыпле супраць цябе вал, і паставіць супраць цябе шчыт.

9А галавіцу таранаў сваіх ён наставіць супраць муроў тваіх, і вежы твае разваліць мячамі сваімі.

10Ад мноства коней ягоных пакрые цябе куродым іхні, ад грукату вершніка, колаў і калясьніцаў будуць дрыжаць муры твае, калі яны будуць уваходзіць у брамы твае, як пры ўваходзе ў здабыты горад.

11Капытамі коней сваіх ён паб’е ўсе вуліцы твае, народ твой мячом пазабівае, а слупы магутнасьці тваёй паваліць на зямлю.

12І разрабуюць багацьці твае, і забяруць тавары твае, і зруйнуюць муры твае, і дамы твае багатыя разбураць, а камяні твае, і дрэва тваё, і парахно тваё кінуць у сярэдзіну мора.

13І Я спыню гук сьпеваў тваіх, і голас гусьляў тваіх ня будзе больш чутны.

14І Я зраблю з цябе голую скалу, і ты станешся месцам, каб сушыць сеткі, больш ня будзеш адбудаваны, бо Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта], кажа Госпад ГОСПАД”.

15Гэта кажа Госпад ГОСПАД Тыру: “Ці ад гуку руйнаваньня твайго, калі будуць стагнаць параненыя, калі забіваньнем будуць забіваць пасярод цябе, не задрыжаць астравы?

16І зыйдуць з вышыні пасадаў сваіх усе князі мора, скінуць з сябе плашчы свае, здымуць з сябе вышываныя шаты, апрануцца ў страх, сядуць на зямлі, і будуць дрыжаць без перапынку, і трэсьціся будуць з тваёй прычыны.

17Яны будуць галасіць дзеля цябе і скажуць табе: “Як ты загінуў, як адарваны ад мора, горад слаўны, які быў моцным на моры, ты і жыхары твае, якія прыносілі страх свой усім жыхарам ягоным!

18Цяпер дрыжаць астравы ў дзень загубы тваёй; стрывожыліся астравы, якія на моры, адыходам тваім”.

19Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Калі Я зраблю цябе горадам спустошаным, як гарады, у якіх ніхто не жыве, калі навяду на цябе бездань, і накрыюць цябе воды вялікія,

20Я скіну цябе да тых, якія зыйшлі ў магілу, да людзей старадаўніх, і пасялю цябе ў зямлі падземнай, як руіны адвечныя, з тымі, якія зыйшлі ў магілу, каб [больш] ня быў ты заселены і ня меў славы ў зямлі жывых.

21Я зраблю цябе страхоцьцем, і ня будзе цябе. І будуць шукаць [цябе], і ня знойдуць ніколі, на вякі, кажа Госпад ГОСПАД”».

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath