Хрысціянства
назад

ЭЗЭКІЭЛЬ 22

1І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

2«А ты, сыне чалавечы, ці будзеш судзіць? Ці будзеш судзіць горад крыві? Пакажы яму ўсе брыдоты ягоныя,

3і скажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Горад, які разьлівае кроў пасярод сябе, каб гэтым наблізіць час свой, і робіць ідалаў для сябе, каб паганіцца [імі].

4Крывёю тваёй, якую ты праліў, ты саграшыў, і ідаламі тваімі, якіх ты зрабіў, ты апаганіўся. І ты наблізіў дні твае, і прыйшлі гады твае. Таму Я аддам цябе на ганьбу сярод народаў і на пасьмешышча для ўсіх земляў.

5Блізкія і далёкія ад цябе будуць сьмяяцца з цябе, [горад] з нячыстым імем і поўны замяшаньня.

6Вось, князі Ізраіля, кожны ў [сіле] рамяна свайго, былі ў табе, каб разьліваць кроў.

7Бацька і маці зьневажаюцца ў цябе, прыхадню робяць крыўду пасярод цябе, сірата і ўдава прыгнятаныя ў цябе.

8Сьвятыні Мае ты зневажаеш і суботы Мае зьнеслаўляеш.

9Паклёпнікі ёсьць у цябе, каб праліваць кроў, на гарах ядуць у цябе і робяць распусту пасярод цябе.

10Голасьць бацькі адкрываецца ў цябе, [жанчыну] ў пару нячыстасьці ейнай гвалцяць у цябе.

11Адзін робіць брыдоту з жонкай бліжняга свайго, другі пляміцца распустай з нявесткай сваёй, а іншы гвалтуе ў цябе сястру сваю, дачку бацькі свайго.

12Прыймаюць падарункі ў цябе, каб праліваць кроў, ты бярэш адсоткі і ліхву, рабуеш і ўціскаеш бліжняга свайго, а пра Мяне забываешся, кажа Госпад ГОСПАД.

13Вось, Я ўдару ў далоні Мае з прычыны набыткаў, якія ты зьбіраеш, і з прычыны крыві, якая [праліваецца] пасярод цябе.

14Ці ўстаіць сэрца тваё? Ці будуць рукі твае моцныя ў тыя дні, калі Я вазьмуся за цябе? Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта] і зраблю.

15І Я расьцярушу цябе сярод народаў, і раскідаю паміж земляў, і прыму з цябе нячыстасьць тваю.

16І ты будзеш зьняслаўлены на вачах народаў, і даведаешся, што Я — ГОСПАД”».

17І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

18«Сыне чалавечы, дом Ізраіля стаўся для Мяне як жужаль; усе яны — медзь, цына, жалеза і волава ў сярэдзіне горана, сталіся яны жужалем ад срэбра.

19Дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД: “За тое, што ўсе вы сталіся жужалем, Я зьбяру вас у сярэдзіне Ерусаліму.

20Як зьбіраюць разам у горане срэбра, медзь, жалеза, волава і цыну, каб распа­ліць унізе агонь і растапіць іх, так і Я зьбяру вас у гневе Маім і абурэньні Маім, і пакладу вас, і растаплю.

21І Я зьбяру вас, і распалю супраць вас агонь гневу Майго, і вы будзеце растопленыя ў сярэдзіне [гораду].

22Як срэбра топіцца ў сярэдзіне горана, так і вы будзеце растопленыя ў сярэдзіне яго, і даведаецеся, што Я, ГОСПАД, выліў на вас лютасьць Маю”».

23І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

24«Сыне чалавечы, скажы [зямлі Ізраіля]: “Ты — зямля неачышчаная, ты не была абмытая дажджом у дзень гневу.

25Змова прарокаў ейных пасярод яе, яны як ільвы рыклівыя, што разьдзіраюць здабычу; яны жаруць душы, забіраюць багацьці і каштоўнасьці і памнажаюць удоваў пасярод яе.

26Сьвятары ейныя парушаюць Закон Мой, паганяць сьвятыні Мае, не аддзяляюць сьвятое ад несьвятога і не адрозьніваюць чыстага ад нячыстага, і ад суботаў Маіх адвярнулі вочы свае, і Я зьняважаны сярод іх.

27Князі ейныя пасярод яе як ваўкі, якія разьдзіраюць здабычу; яны разьліваюць кроў, забіваюць душы, здабываюць набытак [няправедны].

28А прарокі ейныя пакрываюць усё тынкам, бачаць відзежы марныя і прадказваюць фальшыва, кажуць: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД”, а ГОСПАД не прамаўляў.

29Народ зямлі гэтай уціскаюць уціскам і рабуюць рабункам, крыўдзяць убогага і беднага, і прыхадня прыгнятаюць беззаконна.

30І Я шукаў сярод іх чалавека, які паставіў бы мур і стаў бы ў выломе перад абліччам Маім за зямлю гэтую, каб Я ня зьнішчыў яе, і не знайшоў.

31І Я выліў на іх гнеў Мой, у агні абурэньня Майго вынішчу іх, шляхі іхнія ўскладу на галовы іхнія, кажа Госпад ГОСПАД”».

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath