Хрысціянства
назад

ВЫХАД 9

1I сказаў ГОСПАД Майсею: «Увайдзі да фараона і прамоў яму: “Гэтак кажа ГОСПАД, Бог Гебраяў: “Адпусьці народ Мой, і ён будзе служыць Мне”.

2Бо калі ты адмовішся выпусьціць і будзеш яшчэ трымаць іх,

3вось, рука ГОСПАДА будзе на статку тваім, які ў полі, на конях, на аслах, на вярблюдах, на валах і авечках, зараза вельмі цяжкая.

4I аддзеліць ГОСПАД статак Ізраіля ад статку Эгіпецкага, і нічога ня здохне з усяго таго, што ў сыноў Ізраіля”».

5I прызначыў ГОСПАД час, кажучы: «Заўтра зробіць ГОСПАД гэтае слова ў зямлі».

6I зрабіў ГОСПАД гэтае слова назаўтра, і паздыхаў увесь статак Эгіпецкі; а ў статку сыноў Ізраіля ня здохла аніводнага.

7I паслаў фараон, і вось, ня здохла ў статку Ізраіля аніводнага. І закамянела сэрца фараона, і ён не адпусьціў народ.

8I сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону: «Вазьміце сабе поўныя жмені сажы з печы, і няхай сыпне яе Майсей у неба перад вачыма фараона.

9I станецца яна пылам па ўсёй зямлі Эгіпецкай, і будзе яна на людзях і на скаціне як запаленьне са скуламі па ўсёй зямлі Эгіпецкай».

10І ўзялі яны сажу з печы, і сталі перад фараонам. І сыпнуў яе Майсей у неба, і сталася запаленьне са скуламі на людзях і на скаціне.

11I не маглі варажбіты ўстаяць перад Майсеем з прычыны запаленьня, бо запаленьне было на варажбітах і на ўсіх Эгіпцянах.

12I зацьвярдзіў ГОСПАД сэрца фараона, і ён не паслухаў іх, як казаў ГОСПАД Майсею.

13I сказаў ГОСПАД Майсею: «Устань раніцаю, і стань перад фараонам, і скажы яму: “Гэтак кажа ГОСПАД, Бог Гебраяў: "Адпусьці народ Мой, і ён будзе служыць Мне.

14Бо гэтым разам Я пашлю ўсе плягі Мае ў сэрца тваё, і на слугаў тваіх, і на народ твой, каб ты даведаўся, што няма падобнага да Мяне на ўсёй зямлі.

15Бо цяпер, калі Я выцягнуў руку Маю, і ўдару цябе і народ твой заразаю, ты будзеш выгублены з зямлі.

16Але дзеля таго Я захаваў цябе, каб паказаць табе сілу Маю і каб абвяшчалі імя Маё па ўсёй зямлі.

17Ты яшчэ ўзьвялічваешся над народам Маім, каб не адпусьціць іх.

18Вось, Я спашлю заўтра ў гэты самы час град вельмі вялікі, да якога падобнага не было ў Эгіпце ад дня яго заснаваньня аж дагэтуль.

19I цяпер пашлі, каб схаваць статак твой і ўсё, што ёсьць у цябе ў полі. Кожны чалавек і скаціна, якія будуць засьпетыя ў полі і ня будуць забраныя ў дамы, — зыйдзе на іх град, і яны памруць"”».

20Тыя са слугаў фараонавых, якія спужаліся слова ГОСПАДА, сабралі слугаў сваіх і статкі свае ў дамы.

21А хто не зьвярнуў сэрца свайго да слова ГОСПАДА, той пакінуў слугаў сваіх і статкі свае ў полі.

22I сказаў ГОСПАД Майсею: «Выцягні руку тваю да неба, і будзе град у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай, на чалавека, на скаціну і на ўсю траву палявую ў зямлі Эгіпецкай».

23I выцягнуў Майсей кій свой да неба; і ГОСПАД даў грымоты і град, і зыйшоў агонь на зямлю, і спаслаў ГОСПАД град на ўсю зямлю Эгіпецкую.

24I быў град і агонь, зьмяшаны з градам, вельмі вялікі, якога не было ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай з часу, як [Эгіпет] стаў народам.

25I пабіў град у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай усё, што было ў полі, ад чалавека да скаціны, і ўсю траву палявую пабіў град, і ўсе дрэвы ў полі паламіў.

26Толькі ў зямлі Гашэн, дзе [былі] сыны Ізраіля, не было граду.

27I паслаў фараон, і паклікаў Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Саграшыў я гэтым разам. ГОСПАД — праведны, а я і народ мой — ліхія.

28Прасіце ГОСПАДА, бо ўжо досыць грымотаў Божых і граду, і я пушчу вас, і ня будзеце больш заставацца».

29I сказаў яму Майсей: «Як толькі выйду з гораду, выцягну далоні свае да ГОСПАДА; грымоты спыняцца і граду больш ня будзе, каб ты ведаў, што ГОСПАДАВА зямля.

30Але ты і слугі твае, я ведаю, яшчэ ня маеце страху перад абліччам ГОСПАДА Бога».

31I лён, і ячмень былі пабітыя, бо ячмень красаваў, а лён квітнеў.

32А пшаніца і жыта не былі пабітыя, бо яны пазьнейшыя.

33I выйшаў Майсей ад фараона з гораду, і выцягнуў далоні свае да ГОСПАДА; і спыніліся грымоты і град, і дождж больш ня ліў на зямлю.

34I ўбачыў фараон, што спыніліся дождж, і град, і грымоты, і далей грашыў, і закамяніў сэрца сваё ён сам і слугі ягоныя.

35I зацьвярдзела сэрца фараона, і ён не адпусьціў сыноў Ізраіля, як і казаў ГОСПАД праз Майсея.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath