Хрысціянства
назад

ВЫХАД 8

1І сказаў ГОСПАД Майсею: «Прыйдзі да фараона і скажы яму: “Адпусьці народ Мой, і ён будзе служыць Мне.

2Калі ж ты адмаўляешся адпусьціць, вось, Я ўдару ўсе межы твае жабамі.

3I будзе раіцца рака жабамі, і яны выйдуць, і ўвойдуць у дом твой, і ў спальню тваю, і на ложак твой, і ў дом слугі твайго, і ў народ твой, і ў печы твае, і ў дзежы твае.

4І на цябе, і на народ твой, і на ўсіх слугаў тваіх узыйдуць жабы”».

5I сказаў ГОСПАД Майсею: «Скажы Аарону: “Выцягні руку тваю з кіем тваім на ручаі, і на рэкі, і на азёры, і ўзьвядзі жабаў на зямлю Эгіпецкую”».

6I выцягнуў Аарон руку сваю на воды Эгіпецкія, і выйшлі жабы, і пакрылі зямлю Эгіпецкую.

7I зрабілі так варажбіты варажбою сваёю, і ўзьвялі жабаў на зямлю Эгіпецкую.

8I паклікаў фараон Майсея і Аарона, і сказаў: «Прасіце ГОСПАДА, каб Ён аддаліў жабаў ад мяне і ад народу майго, і я адпушчу народ, і яны складуць ахвяры ГОСПАДУ».

9I сказаў Майсей фараону: «Прызнач мне, калі прасіць за цябе, і за слугаў тваіх, і за народ твой, каб жабы былі зьнішчаны ў цябе, у дамах тваіх, і засталіся толькі ў рацэ».

10Ён сказаў: «Заўтра». I сказаў [Майсей]: «Паводле слова твайго, каб ты даведаўся, што няма [нікога] як ГОСПАД, Бог наш.

11I адыйдуць жабы ад цябе, ад дамоў тваіх, і ад слугаў тваіх, і ад народу твайго, толькі ў рацэ застануцца».

12I выйшлі Майсей і Аарон ад фараона, і Майсей клікаў да ГОСПАДА адносна жабаў, якіх узьвёў на фараона.

13I зрабіў ГОСПАД паводле слова Майсея, і здохлі жабы ў дамах, і ў дварах, і на палях.

14I пазьбіралі іх купы купаў, і засьмярдзелася зямля.

15I ўбачыў фараон, што сталася палёгка, і закамяніў сэрца сваё, і не паслухаў іх, як і гаварыў ГОСПАД.

16I сказаў ГОСПАД Майсею: «Скажы Аарону: “Выцягні кій твой і ўдар у пыл зямлі, і станецца пыл камарамі ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай”».

17I яны зрабілі так, і выцягнуў Аарон руку сваю з кіем сваім, і ўдарыў у пыл зямлі, і зьявіліся камары на людзях і на скаціне. Увесь пыл зямлі стаўся камарамі ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.

18I рабілі так варажбіты варажбою сваёй, каб зьявіліся камары, але не змаглі. I былі камары на людзях і на скаціне.

19I сказалі варажбіты фараону: «Палец Божы гэта». Але сэрца фараона зацьвярдзела, і ён не паслухаў іх, як і гаварыў ГОСПАД.

20I сказаў ГОСПАД Майсею: «Устань раніцаю і стань перад фараонам. Вось, ён ідзе да вады, і ты скажы яму: “Гэтак кажа ГОСПАД: "Адпусьці народ Мой, і ён будзе служыць Мне.

21Бо калі не адпусьціш народ Мой, вось, Я пашлю на цябе, і на слугаў тваіх, і на народ твой, і на дамы твае мухаў, і напоўняцца дамы Эгіпцянаў мухамі, і таксама грунты, на якіх яны.

22I Я аддзялю ў той дзень зямлю Гашэн, у якой жыве народ Мой, каб ня было там мухаў, каб ты даведаўся, што Я — ГОСПАД пасярод зямлі.

23І Я зраблю розьніцу паміж народам Маім і народам тваім. Заўтра станецца знак гэты"”».

24I зрабіў ГОСПАД гэтак, і наляцелі ўцяжлівыя мухі на дом фараона, і на дом слугаў ягоных, і на ўсю зямлю Эгіпецкую; гінула зямля ад мухаў.

25I паклікаў фараон Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце, складзіце ахвяру Богу свайму ў гэтай зямлі».

26I сказаў Майсей: «Не належыцца рабіць гэтак, бо агіду для Эгіпцянаў мы складзем у ахвяру ГОСПАДУ, Богу нашаму; вось, мы будзем складаць у ахвяру тое, што агіднае ў Эгіпцянаў, перад вачыма іхнімі, і ці не ўкамянуюць яны нас?

27На тры дні дарогі мы пойдзем у пустыню і складзем ахвяру ГОСПАДУ, Богу нашаму, як Ён скажа нам».

28I сказаў фараон: «Я адпушчу вас, і вы складзеце ахвяру Богу свайму ў пустыні; толькі аддаляючыся, не аддаляйцеся, каб зыйсьці. Прасіце за мяне».

29I сказаў Майсей: «Вось, я выйду ад цябе, і буду прасіць ГОСПАДА, і адыйдуць мухі ад фараона, і ад слугаў ягоных, і ад народу ягонага заўтра. Толькі няхай фараон больш не падманвае, не адпускаючы народ скласьці ахвяру ГОСПАДУ».

30I выйшаў Майсей ад фараона, і прасіў ГОСПАДА.

31I зрабіў ГОСПАД паводле слова Майсея, і адвёў мухаў ад фараона, ад слугаў ягоных і ад народу ягонага; не засталося аніводнай.

32Але фараон закамяніў сэрца сваё таксама гэтым разам і не адпусьціў народ.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath