Хрысціянства
назад

ВЫХАД 19

1У трэці месяц пасьля выхаду сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай, у першы дзень прыйшлі яны ў пустыню Сынай.

2I вырушылі яны з Рэфідыму, і прыйшлі ў пустыню Сынай, і сталі табарам у пустыні; і стаў табарам там Ізраіль насупраць гары.

3А Майсей узыйшоў да Бога, і паклікаў яго ГОСПАД з гары, кажучы: «Гэтак скажы дому Якуба і паведамі сынам Ізраіля:

4“Вы бачылі, што Я зрабіў Эгіпту, а вас насіў на крылах арліных, і прынёс вас да Сябе.

5І цяпер, калі вы, слухаючы, будзеце слухаць голас Мой і будзеце захоўваць запавет Мой, дык вы будзеце Маёй уласнасьцю з усіх народаў, бо Мая ўся зямля.

6І вы будзеце Маім валадарствам сьвятароў і народам сьвятым”. Гэта словы, якія ты прамовіш да сыноў Ізраіля».

7I прыйшоў Майсей, і паклікаў старшыняў народу, і прадставіў перад імі ўсе тыя словы, якія загадаў яму ГОСПАД.

8I адказаў увесь народ разам, і сказалі: «Усё, што сказаў ГОСПАД, зробім». I перадаў Майсей ГОСПАДУ словы народу.

9I сказаў ГОСПАД Майсею: «Вось, Я прыйду да цябе ў густым воблаку, каб чуў народ, як Я буду гаварыць з табою, і каб таксама паверылі табе на вякі». I пераказаў Майсей ГОСПАДУ словы народу.

10I сказаў ГОСПАД Майсею: «Ідзі да народу і асьвяці яго сёньня і заўтра; і няхай памыюць адзеньне сваё,

11і няхай будуць гатовыя да трэцяга дня; бо ў трэці дзень зыйдзе ГОСПАД перад вачыма ўсяго народу на гару Сынай.

12I правядзі мяжу народу наўкола, кажучы: “Сьцеражыцеся, каб узыходзіць на гару і дакранацца да краю яе; кожны, хто дакранецца да гары, сьмерцю памрэ.

13Няхай не дакранецца да яе рука, бо камянуючы, укамянуюць яго альбо прабіваючы, праб’юць стралою; жывёла гэта ці чалавек, ня будуць жыць”. Калі працягла затрубіць рог, могуць узыйсьці на гару».

14I зыйшоў Майсей з гары да народу, і асьвяціў народ, і яны памылі адзеньне сваё.

15I сказаў народу: «Будзьце гатовыя да трэцяга дня; не набліжайцеся да жанчыны».

16I сталася ў трэці дзень, прыйшла раніца, і былі грымоты, і маланкі, і воблака цяжкае над гарою, і гук трубы вельмі моцны; і задрыжаў увесь народ, які быў у табары.

17I вывеў Майсей народ з табару насустрач Богу, і стаялі ля падножжа гары.

18А гара Сынай уся дымілася, бо зыйшоў на яе ГОСПАД у агні; і ўзыходзіў ад яе дым, як дым з печы, і ўся гара вельмі хісталася.

19I быў гук трубы, і павялічваўся, і мацнеў. Майсей гаварыў, а Бог адказаваў яму голасам.

20I зыйшоў ГОСПАД на гару Сынай, на вяршыню гары, і паклікаў ГОСПАД Майсея на вяршыню гары, і ўзыйшоў Майсей.

21I сказаў ГОСПАД Майсею: «Зыйдзі, папярэдзь народ, каб ня рваўся да ГОСПАДА, каб убачыць, і не загінула з яго мноства.

22I таксама сьвятары, якія набліжаюцца да ГОСПАДА, няхай асьвяцяцца, каб ня выгубіў іх ГОСПАД».

23I сказаў Майсей ГОСПАДУ: «Ня можа народ узыйсьці на гару Сынай, бо Ты папярэдзіў нас, кажучы: “Правядзі мяжу наўкола гары і асьвяці яе”».

24I сказаў яму ГОСПАД: «Ідзі, зыйдзі і ўзыйдзі ты і Аарон з табою; а сьвятары і народ няхай ня рвуцца ўзыйсьці да ГОСПАДА, каб Я ня выгубіў іх».

25I зыйшоў Майсей да народу і сказаў ім.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath