ВЫХАД 12
1I сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону ў зямлі Эгіпецкай, кажучы:
2«Месяц гэты няхай будзе ў вас пачаткам месяцаў; першым няхай ён будзе ў вас месяцам году.
3Прамоўце да ўсёй грамады Ізраіля, кажучы: “У дзясяты [дзень] гэтага месяца няхай возьме сабе кожны ягня для дому бацькоў, ягня на дом.
4I калі малы дом, каб [спажыць] ягня, няхай возьме ён і сусед найбліжэйшы да дому ягонага, паводле ліку душаў; паводле таго, колькі кожны зьесьць, палічыце на ягня.
5Ягня беззаганнае, самец аднагодак мае быць у вас; з авечак альбо з козаў возьмеце [яго].
6I будзеце захоўваць яго да чатырнаццатага дня гэтага месяца. І зарэжа яго ўся царква грамады Ізраіля адвячоркам.
7I возьмуць кроў [ягоную], і памажуць абодва вушакі і вершнікі ў дамах, у якіх будуць есьці яго.
8І будуць есьці ў гэтую ноч мяса [ягонае], сьпечанае на агні, і праснакі; з горкімі травамі будуць есьці [яго].
9Ня ешце з яго сырога або зваранага ў вадзе, але сьпечанае на агні, галаву ягоную з галёнкамі ягонымі і нутром ягоным.
10I не пакідайце [нічога] з яго да раніцы; і тое, што застанецца з яго да раніцы, спаліце на агні.
11I гэтак будзеце есьці яго: няхай будуць сьцёгны вашыя падперазаныя, абутак ваш — на нагах вашых і кій ваш — у руцэ вашай, і ешце яго пасьпешліва. Гэта — Пасха для ГОСПАДА”.
12I Я прайду па зямлі Эгіпецкай у гэтую ноч, і заб’ю кожнага першароднага ў зямлі Эгіпецкай, ад чалавека аж да скаціны, і над усімі багамі Эгіпту Я ўчыню суды. Я — ГОСПАД.
13I будзе для вас кроў знакам на дамах, у якіх вы будзеце, і Я ўбачу кроў, і абміну вас, і ня будзе сярод вас плягі зьнішчэньня, калі Я буду забіваць у зямлі Эгіпецкай.
14I будзе дзень гэты для вас на ўспамін, і будзеце сьвяткаваць яго як сьвята для ГОСПАДА ў пакаленьнях вашых; як пастанову вечную будзеце сьвяткаваць яго.
15Сем дзён будзеце есьці праснакі; і ўжо ў першы дзень прыміце кісьлю з дамоў вашых; бо кожны, хто будзе есьці кіслае з першага дня да сёмага дня, душа таго будзе выгублена з Ізраілю.
16А ў першы дзень — сьвяты збор, і ў сёмы дзень сьвяты збор будзе ў вас, ніякай работы ня будзеце рабіць у іх; толькі тое, што есьці кожнай душы, адно тое можна рабіць вам.
17I захоўвайце [Сьвята] Праснакоў, бо ў гэты дзень Я вывеў войска вашае з зямлі Эгіпецкай; і захоўвайце гэты дзень у пакаленьнях вашых як пастанову вечную.
18У першы [месяц], у чатырнаццаты дзень месяца з вечара будзеце есьці праснакі аж да вечара дваццаць першага дня таго самага месяца.
19Сем дзён кісьля няхай ня знойдзецца ў дамах вашых; бо хто будзе есьці кіслае, выгублена будзе душа тая з грамады Ізраіля, ці гэта прыхадзень, ці той, што нарадзіўся ў гэтай зямлі.
20Нічога кіслага ня будзеце есьці; у-ва ўсіх сядзібах вашых будзеце есьці праснакі».
21I паклікаў Майсей усіх старшыняў Ізраіля, і сказаў ім: «Выберыце і вазьміце сабе ягнятка паводле плямёнаў вашых і зарэжце яго [як ахвяру] пасхальную.
22I вазьміце вязку ізопу, і занурыце ў кроў, якая ў мядніцы, і памажаце вершнік і абодва вушакі крывёю, якая ў мядніцы, і вы самі не выходзьце ніхто за дзьверы дому свайго аж да раніцы.
23I пойдзе ГОСПАД, каб губіць Эгіпет, і ўбачыць кроў на вершніку і на абодвух вушаках, і пройдзе ГОСПАД каля дзьвярэй, і ня дасьць нішчыцелю ўвайсьці ў дамы вашыя, каб губіць.
24I будзеце захоўваць слова гэтае, як пастанову для сябе і для сыноў вашых на вякі.
25I станецца, што, калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую дасьць вам ГОСПАД, як Ён казаў, вы будзеце захоўваць служэньне гэтае.
26I станецца, што скажуць вам сыны вашыя: “Што гэта за служэньне ў вас?",
27а вы адкажаце: “Гэта ахвяра — Пасха для ГОСПАДА, Які абмінуў дамы сыноў Ізраіля ў Эгіпце, калі губіў Эгіпет, а дамы нашыя захаваў”». I схіліўся народ, і пакланіўся.
28I пайшлі, і зрабілі сыны Ізраіля; як загадаў ГОСПАД Майсею і Аарону, так і зрабілі.
29I сталася а палове ночы, і забіў ГОСПАД усіх першародных у зямлі Эгіпецкай, ад першароднага фараона, які сядзеў на пасадзе сваім, аж да першароднага вязьня, які ў вязьніцы, і ўсіх першародных у жывёлы.
30I ўстаў фараон уначы, сам і ўсе слугі ягоныя, і ўвесь Эгіпет; і сталася вялікае галашэньне ў Эгіпце, бо не было дому, у якім не было б памерлага.
31I паклікаў ён Майсея і Аарона ўначы, і сказаў: «Устаньце, выйдзіце з асяродзьдзя народу майго, і вы, і таксама сыны Ізраіля, і ідзіце, служыце ГОСПАДУ, як вы казалі.
32Таксама авечак вашых, таксама валоў вашых вазьміце, як вы казалі, і ідзіце, і дабраславіце таксама мяне».
33I прысьпешвалі Эгіпцяне народ, каб хутчэй выслаць яго з зямлі той, бо яны казалі: «Усе мы памром».
34I панёс народ цеста сваё перш, чым яно скісла, дзежы свае, завязаныя ў шаты свае, на плячах сваіх.
35I сыны Ізраіля зрабілі паводле слова Майсея, і пазычылі ў Эгіпцянаў начыньне срэбнае і начыньне залатое, і адзеньне.
36I ГОСПАД даў ласку народу ў вачах Эгіпцянаў, і яны пазычалі ім; і абрабавалі яны Эгіпет.
37I вырушылі сыны Ізраіля з Рамсэса ў Сукот [у ліку] каля шасьцісот тысячаў пешых мужчынаў, апрача дзяцей.
38Таксама мноства плямёнаў выйшла з імі, і авечкі, і валы, набытак вельмі вялікі.
39I сьпяклі яны з цеста, якое вынесьлі з Эгіпту, прэсныя аладкі, бо яно яшчэ ня скісла, бо яны былі выгнаныя з Эгіпту і не маглі затрымацца, і нават ежы не прыгатавалі сабе [ў дарогу].
40А [час] аселасьці сыноў Ізраіля, колькі яны жылі ў Эгіпце, быў чатырыста трыццаць гадоў.
41I сталася па заканчэньні чатырыста трыццаці гадоў, што ў гэтым самы дзень выйшла ўсё войска ГОСПАДА з зямлі Эгіпецкай.
42Гэта ноч чуваньня для ГОСПАДА, калі Ён вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, і гэтая самая ноч — чуваньне перад ГОСПАДАМ для ўсіх сыноў Ізраіля ў пакаленьні іхнія.
43I сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону: «Вось пастанова Пасхі: ніякі чужынец ня будзе есьці яе.
44А кожны слуга — чалавек, набыты за срэбра, калі ты абрэжаш яго, можа есьці яе.
45Прыхадзень і найміт ня будзе есьці яе.
46У адным доме маеце есьці яе, не выносьце мяса вонкі з дому, і косткі яе не ламіце.
47Уся грамада Ізраіля мае рабіць гэта.
48I калі чужынец будзе жыць з табою, і [захоча] ўчыніць Пасху ГОСПАДА, абрэж у яго ўсіх мужчынаў, і тады няхай наблізіцца, каб рабіць яе, і будзе ён як тутэйшы ў зямлі; але ніхто неабрэзаны ня будзе есьці яе.
49Адзін закон будзе для тутэйшага і для чужынца, што жыве сярод вас».
50I зрабілі гэта ўсе сыны Ізраіля; як ГОСПАД загадаў Майсею і Аарону, так і зрабілі.
51I сталася, што ў той самы дзень ГОСПАД вывеў сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай паводле дружынаў іхніх.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath