Хрысціянства
назад

ЭСТЭР 9

1І ў дванаццаты месяц, значыцца месяц Адар, у трынаццаты дзень яго, калі прыйшоў час споўніцца слову валадара і загаду ягонаму, у той дзень, калі ворагі Юдэяў спадзяваліся запанаваць над імі, і зьмянілася ўсё, так што Юдэі запанавалі над ворагамі сваімі,

2сабраліся Юдэі ў гарадах сваіх, у-ва ўсіх акругах валадара, каб узьняць руку на тых, якія шукалі ім ліха; і ніхто ня стаў перад абліччам іхнім, бо страх перад імі ахапіў усе народы.

3І ўсе князі акругаў і сатрапы, і ваяводы, і выканаўцы працаў валадарскіх падтрымлівалі Юдэяў, бо ахапіў іх страх перад Мардэхаем.

4Бо вялікі быў Мардэхай у доме валадара, і вестка пра яго разыходзілася ў-ва ўсе акругі, бо чалавек гэты, Мардэхай, падымаўся і ўзьвялічваўся.

5І білі Юдэі ўсіх ворагаў сваіх ударамі мяча, забіваючы і зьнішчаючы, і рабілі паводле жаданьня свайго тым, што ненавідзелі іх.

6У Шушане сталіцы забілі Юдэі і вынішчылі пяцьсот чалавек.

7І Паршандату, Далфона, Аспату,

8Парату, Адалію, Арыдату,

9Пармашту, Арысая, Арыдая і Ваізату, —

10дзесяць сыноў Амана, сына Гамэдата, прыгнятальніка Юдэяў, яны забілі, але на рабаваньне ня выцягнулі рукі сваёй.

11У той дзень дайшоў перад аблічча валадара лік забітых у Шушане сталіцы.

12І сказаў валадар валадарцы Эстэр: «У Шушане сталіцы забілі Юдэі і выгубілі пяцьсот чалавек і дзесяцёх сыноў Амана. А ў пазасталых акругах валадарскіх што яны зрабілі? Якое жаданьне тваё? І яно будзе дадзена табе. І якая яшчэ просьба твая? І так станецца».

13І сказала Эстэр: «Калі валадару [падаецца] добрым, няхай таксама дазволена будзе Юдэям, якія ў Шушане, і заўтра рабіць паводле закону сёньняшняга дня. А дзесяцёх сыноў Амана няхай павесяць на дрэве».

14І сказаў валадар зрабіць гэтак, і быў абвешчаны закон у Шушане, і дзесяцёх сыноў Амана павесілі.

15І сабраліся Юдэі, якія ў Шушане, таксама ў чатырнаццаты дзень месяца Адар, і забілі ў Шушане трыста чалавек, але на рабаваньне ня выцягнулі рукі сваёй.

16А рэшта Юдэяў, якія [былі] ў акругах валадарскіх, сабраліся і сталі на [абарону] жыцьця свайго, і супакоіліся ад ворагаў сваіх, і забілі тых, якія ненавідзелі іх, семдзясят тысячаў, але на рабаваньне ня выцягнулі рукі сваёй.

17[Так было] ў трынаццаты дзень месяца Адар; а ў чатырнаццаты [дзень] яны супакоіліся і зрабілі яго днём частаваньня і радасьці.

18А Юдэі, якія [былі] ў Шушане, сабраліся ў трынаццаты дзень яго і ў чатырнаццаты дзень яго; а ў пятнаццаты дзень яго супакоіліся і зрабілі яго днём частаваньня і радасьці.

19Дзеля гэтага Юдэі местачковыя, якія жывуць у гарадах неагароджаных, праводзяць чатырнаццаты дзень месяца Адар у радасьці і частаваньнях, як дзень сьвяточны, пасылаючы адны адным падарункі.

20І апісаў Мардэхай гэтыя падзеі, і паслаў лісты да ўсіх Юдэяў, якія ў-ва ўсіх акругах валадара Ахашвэроша, да блізкіх і да далёкіх,

21Каб яны з’абавязаліся сьвяткаваць чатырнаццаты дзень месяца Адар і пятнаццаты дзень яго, год у год,

22як дні, у якія Юдэі супакоіліся ад ворагаў сваіх, і [як] той месяц, у які замяніўся для іх смутак у радасьць, і жалоба — у дзень сьвяточны, каб яны зрабілі іх днямі частаваньня і радасьці, пасылаючы адны адным падарункі і дары для бедных.

23І прынялі Юдэі тое, што ўжо самі пачалі рабіць і пра што Мардэхай напісаў ім,

24што Аман, сын Гамэдата, Агагянін, прыгнятальнік Юдэяў, думаў загубіць Юдэяў і кідаў пур, значыцца жэрабя, каб расьцярушыць іх і загу­біць іх,

25і што [Эстэр] прыйшла перад аблічча валадара, і ён сказаў у лісьце, каб намер нягодны, які [Аман] надумаў супраць Юдэяў, зьвярнуўся на галаву ягоную, і павесілі яго і сыноў ягоных на дрэве.

26Дзеля гэтага назвалі дні гэтыя Пурым, ад слова “пур”. Дзеля гэтага паводле ўсіх словаў лісту гэтага і таго, што самі бачылі і што адбылося з імі,

27пастанаўляючы, пастанавілі Юдэі і прынялі на сябе і на насеньне сваё, і на ўсіх, хто далучыцца да іх, непарушна сьвяткаваць гэтыя два дні паводле напісанага пра іх і паводле тэрміну іхняга, кожны год.

28І дні гэтыя маюць узгадвацца і сьвяткавацца ў-ва ўсіх пакаленьнях, і ў кожнай сям’і, і ў кожнай акрузе, і ў кожным горадзе. І дні гэтыя Пурыму не забудуцца сярод Юдэяў, па­мяць пра іх ня зьнішчыцца ў насеньні іхнім.

29І напісала Эстэр валадарка, дачка Абіхаіла, і Мардэхай Юдэй з усёю ўладаю, каб выконвалі гэты другі ліст пра Пурым.

30І паслалі лісты да ўсіх Юдэяў, у сто дваццаць сем акругаў валадарства Ахашвэроша са словамі супакою і праўды,

31каб прызначыць гэтыя дні Пурыму ў тэрмін іхні, які прызначыў ім Мардэхай Юдэй і Эстэр валадарка, і як яны [самі] прызначылі сабе і насеньню свайму напамін посту і галашэньня свайго.

32І слова Эстэр зацьвердзіла гэты напамін пра Пурым, і было ўпісана ў кнігу.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath