ЭСТЭР 1
1І сталася [гэта] ў дні Ахашвэроша. Гэты Ахашвэрош валадарыў ад Індыі аж да Куша [і меў] сто дваццаць сем акругаў.
2У тыя дні, калі валадар Ахашвэрош сядзеў на пасадзе валадарства свайго, які ў Шушане сталіцы,
3у трэці год валадараньня свайго ён справіў гасьціну для ўсіх князёў сваіх і слугаў сваіх, гетманаў Пэрсаў і Мідзянаў, магнатаў і князёў акругаў, што былі перад ім,
4паказваючы багацьце славы валадарства свайго і гонар красы велічнасьці сваёй шмат дзён, сто восемдзясят дзён.
5Пасьля сканчэньня дзён гэтых валадар справіў гасьціну для ўсяго народу, які знаходзіўся ў Шушане сталіцы, ад вялікага аж да малога, сем дзён у садовым панадворку палацу валадара.
6Белыя, зялёныя і блакітныя тканіны былі прымацаваныя шнурамі з вісону і пурпуру да кольцаў срэбных і слупоў мармуровых. Залатыя і срэбныя ложкі [стаялі] на падлозе з алябастру, пэрлаў і чорнага мармуру.
7І напоі ў посудзе залатым, і посуд ад посуду адрозьніваўся, і віна валадарскага шмат, паводле [магчымасьці] рукі валадара.
8І да піцьця паводле загаду не было прымусу, бо валадар так вызначыў усёй службе дому свайго, каб яны рабілі паводле жаданьня кожнага.
9Таксама Вашці валадарка справіла банкет для жанчынаў у доме валадарскім, які [належаў] валадару Ахашвэрошу.
10У сёмы дзень, калі добра стала на сэрцы валадара ад віна, ён сказаў Мегуману, Бізэце, Харбоне, Бігце і Абагце, Зэтару і Каркасу, сямём эўнухам, якія служылі перад абліччам валадара Ахашвэроша,
11каб яны прывялі перад аблічча валадара валадарку Вашці ў кароне валадарскай, каб паказаць народу і князям прыгажосьць ейную, бо яна была вельмі прыгожая.
12І адмовілася валадарка Вашці прыйсьці паводле слова валадара да эўнухаў. І моцна загневаўся валадар, і гнеў ягоны ўзгарэўся ў ім.
13І сказаў валадар да мудрацоў, якія ведаюць часы, бо справа валадара [ішла] да ўсіх, што ведалі законы і суд.
14А найбліжэйшымі да яго былі Каршэна, Шэтар, Адмата, Таршыш, Мэрэс, Марсэн і Мэмухан — сем князёў Пэрсаў і Мідзянаў, якія бачылі аблічча валадара і сядзелі першымі ў валадарстве.
15«Што зрабіць паводле законаў з валадаркай Вашці за тое, што яна не зрабіла паводле слова валадара Ахашвэроша, [дадзенага] праз рукі эўнухаў?»
16І сказаў Мэмухан перад абліччам валадара і князёў: «Не перад адным валадаром завінілася валадарка Вашці, а перад усімі князямі і перад усімі народамі, якія ў-ва ўсіх акругах валадара Ахашвэроша.
17Бо разыйдзецца слова пра валадарку да ўсіх жанчынаў, і яны будуць грэбаваць мужамі сваімі, і казаць: “Валадар Ахашвэрош сказаў, каб прывялі валадарку Вашці перад аблічча сваё, а яна не прыйшла”.
18І сёньня княгіні Пэрсаў і Мідзянаў, якія пачулі пра словы валадаркі, тое самае скажуць усім князям валадара; і будзе шмат пагарды і абурэньня, і злосьці.
19Калі валадар [палічыць] добрым, няхай выйдзе слова валадара ад яго, і няхай будзе ўпісана ў законы Пэрсаў і Мідзянаў і ня будзе адменена, што Вашці ня прыйдзе [больш] перад аблічча валадара Ахашвэроша, і годнасьць валадарскую ейную няхай дасьць валадар іншай, лепшай за яе.
20І пачуюць загад валадара, які ён зробіць у-ва ўсім валадарстве сваім, хоць яно вялікае, і ўсе жанчыны будуць шанаваць мужоў сваіх ад вялікага аж да малога».
21І добрым было слова гэтае ў вачах валадара і князёў, і зрабіў валадар паводле слова Мэмухана.
22І ён паслаў лісты ў-ва ўсе акругі валадарскія, у кожную акругу пісьмом ейным і да кожнага народу — моваю ягонай, каб кожны муж быў гаспадаром у доме сваім, і прамоўлена гэта было моваю ўсіх народаў.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath