ЭФЭСЦАЎ 6
1Дзеці, слухайцеся бацькоў сваіх у Госпадзе, бо ў гэтым праведнасьць.
2«Шануй бацьку твайго і маці», — гэта першае прыказаньне з абяцаньнем:
3«каб было табе добра, і быў ты даўгалетнім на зямлі».
4І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх у дысцыплінаваньні і напамінаньні Госпадавым.
5Слугі, слухайцеся гаспадароў паводле цела, са страхам і трымценьнем, у шчырасьці сэрца вашага, як Хрыста,
6не на вачах толькі паслугуючы, як тыя, што людзям дагаджаюць, але як слугі Хрыстовыя, якія выконваюць волю Божую ад душы,
7з зычлівасьцю служачы Госпаду, а ня людзям,
8ведаючы, што кожны, хто зробіць добрае, атрымае тое самае ад Госпада, ці ён нявольнік, ці вольны.
9І вы, гаспадары, тое самае рабіце ім, паслабляючы пагрозы, ведаючы, што і ў вас саміх Госпад ёсьць у небе, і ў Яго няма ўзіраньня на аблічча.
10Нарэшце, браты мае, умацоўвайцеся ў Госпадзе і ва ўладзе магутнасьці Яго.
11Апраніцеся ў-ва ўсю зброю Божую, каб маглі ўстаяць супраць хітрыкаў д’ябла,
12бо нашая барацьба ня супраць крыві і цела, але супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць сусьветных дзяржаўцаў цемры гэтага веку, супраць духаў зласьлівасьці ў нябёсах.
13Дзеля гэтага вазьміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаць у дзень злы і, усё зрабіўшы, застацца стаяць.
14Дык станьце, падперазаўшы паясьніцу вашую праўдаю, і апрануўшы панцыр праведнасьці,
15і абуўшы ногі ў гатовасьць дабравесьціць супакой,
16і па-над усё ўзяўшы шчыт веры, якім зможаце затушыць усе распаленыя стрэлы злога.
17І шалом збаўленьня прыйміце, і меч Духа, які ёсьць слова Божае.
18Усякаю малітваю і просьбаю маліцеся ў-ва ўсякі час у Духу, і ў-ва ўсім гэтым чувайце з усёй настойлівасьцю і просьбамі за ўсіх сьвятых
19і за мяне, каб мне дадзена было слова, адчыніўшы вусны мае, адважна паведамляць таямніцу Эвангельля,
20дзеля якога я спаўняю пасольства ў ланцугах, каб у ім я гаварыў адважна, як і мушу гаварыць.
21А каб і вы ведалі пра мяне, што я раблю, усё вам паведаміць Тыхік, улюбёны брат і верны служыцель у Госпадзе,
22якога я і паслаў да вас дзеля гэтага самага, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суцешыў сэрцы вашыя.
23Супакой братам і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.
24Ласка з усімі, якія любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста ў незьнішчальнасьці. Амэн.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath