ЭФЭСЦАЎ 1
1Павал, апостал Ісуса Хрыста з волі Божай, — сьвятым, што ў Эфэсе, і верным у Хрысьце Ісусе:
2ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3Дабраслаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраславіў нас у Хрысьце ўсякім духоўным дабраслаўленьнем у нябёсах,
4бо Ён выбраў нас у Ім да стварэньня сьвету, каб быць нам сьвятымі і беззаганнымі перад Ім у любові,
5прадвызначыўшы нас на ўсынаўленьне Сабе праз Ісуса Хрыста з упадабаньня волі Сваёй,
6на пахвалу славы ласкі Сваёй, якой абдарыў нас ва Улюбёным,
7у Якім маем адкупленьне праз кроў Яго, адпушчэньне грахоў, паводле багацьця ласкі Яго,
8якую Ён шчодра зьявіў нам у-ва ўсякай мудрасьці і разуменьні,
9даўшы нам ведаць таямніцу волі Сваёй, паводле ўпадабаньня Свайго, што Ён раней пастанавіў у Сабе,
10дзеля ўпарадкаваньня поўні часоў, каб усё, што ў небе і што на зямлі, было пад галавою — Хрыстом.
11У Ім, у Якім і мы сталіся спадкаемцамі, былі мы прадвызначаныя на гэта паводле вызначэньня Таго, Хто ўсё зьдзяйсьняе паводле жаданьня волі Сваёй,
12каб быць нам на пахвалу славы Яго, нам, якія раней спадзяваліся на Хрыста.
13У Ім і вы, пачуўшы слова праўды, Эвангельле вашага збаўленьня, і паверыўшы ў Яго, запячатаныя абяцаным Духам Сьвятым,
14Які ёсьць зарука спадчыны нашае на выкупленьне ўдзелу, на пахвалу славы Яго.
15Дзеля гэтага і я, пачуўшы пра вашую веру ў Хрыста Ісуса і пра любоў да ўсіх сьвятых,
16няспынна дзякую за вас Богу, узгадваючы пра вас у малітвах маіх,
17каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасьці і адкрыцьця ў пазнаньні Яго,
18прасьветленыя вочы сэрца вашага, каб вы ўбачылі, якая ёсьць надзея пакліканьня Яго, і якое багацьце славы спадчыны Яго для сьвятых,
19і якая бязьмерная вялікасьць моцы Яго для нас, якія вераць праз дзеяньне ўладнай магутнасьці Яго,
20якою Ён дзейнічаў у Хрысьце, уваскрасіўшы Яго з мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе ў небе,
21вышэй за ўсякае начальства, і ўладу, і сілу, і панаваньне, і ўсякае імя, названае ня толькі ў гэтым веку, але і ў будучым,
22і ўсё Ён скарыў пад ногі Ягоныя і даў Яго за галаву над усім у Царкве,
23якая ёсьць Цела Ягонае, поўня Таго, Які ўсё ў-ва ўсім напаўняе.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath