Хрысціянства
назад

ЭКЛЕЗІЯСТ 1

1Слова Эклезіяста, сына Давіда, валадара ў Ерусаліме.

2Марнасьць марнасьцяў, сказаў Эклезіяст, марнасьць марнасьцяў, усё — марнасьць.

3Якая карысьць чалавеку з усёй цяжкай працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам?

4Пакаленьне адыходзіць і пакаленьне прыходзіць, а зямля на вякі трывае.

5Узыйшло сонца, і зайшло сонца, і сьпяшаецца на месца сваё, дзе яно ўзыходзіць.

6Вецер ідзе на поўдзень і паварочвае на поўнач, кружляючы, кружляе, дзьме вецер і вяртаецца вецер на кружэньне сваё.

7Усе рэкі цякуць у мора, і мора не перапаўняецца; да месца, з якога рэкі цякуць, вяртаюцца яны, каб [зноў] адтуль выцякаць.

8Усе словы стамляюць, ня можа чалавек выказаць [усяго]. Не насыціцца вока гляджэньнем, і не напоўніцца вуха слуханьнем.

9Што было, тое і будзе, а што рабілася, тое і будзе рабіцца, і няма нічога новага пад сонцам.

10Бывае рэч, пра якую кажуць: “Глядзі, вось гэта новае”, але гэта было ўжо ў вяках, што былі перад намі.

11Няма памяці пра тых, што раней жылі, і таксама пра тых, што потым жыць будуць, ня будзе памяці ў тых, якія бу­дуць пасьля іх.

12Я, Эклезіяст, быў валадаром Ізраіля ў Ерусаліме.

13І аддаў я сэрца маё, каб шукаць і дасьледаваць з мудрасьцю ўсё, што дзеецца пад небам. Гэты кепскі занятак даў Бог сынам чалавечым, каб былі занятыя ім.

14Глядзеў я на ўсе справы, якія робяцца пад сонцам; і вось, усё — марнасьць і пагоня за ветрам.

15Крывое ня можна зрабіць простым, і тое, чаго няма, нельга палічыць.

16Сказаў я ў сэрцы маім, кажучы: “Вось, я ўзьвялічыўся і прыдбаў мудрасьці больш за ўсіх, што былі раней за мяне ў Ерусаліме; і сэрца маё ўбачыла шмат мудрасьці і веданьня”.

17І аддаў я сэрца маё, каб пазнаць мудрасьць і пазнаць шаленства і глупоту; і спазнаў, што і гэта — турбаваньне духа.

18Бо з вялікай мудрасьці шмат смутку, і хто павялічвае веданьне, павялічвае боль.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath