Хрысціянства
назад

ДРУГАЗАКОНЬНЕ 6

1І вось прыказаньні, пастановы і прысуды, якія загадаў ГОСПАД, Бог ваш, каб навучыць вас, каб вы выконвалі іх у зямлі, у якую вы ідзіцё, каб узяць яе на ўласнасьць,

2каб ты баяўся ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўваў усе прыказаньні і загады Ягоныя, якія я загадваю табе, сынам тваім і сынам сыноў тваіх на ўсе дні жыцця твайго, каб даўгавечныя былі дні твае.

3Слухай, Ізраіль, і захоўвай, і выконвай іх, каб добра табе было, і ты вельмі памножыўся ў зямлі, якая ацякае малаком і мёдам, як прамаўляў да цябе ГОСПАД, Бог бацькоў тваіх.

4Слухай, Ізраіль! ГОСПАД, Бог наш, — ГОСПАД адзіны.

5Любі ГОСПАДА, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй і ўсёй моцай тваёю.

6Гэтыя словы, якія я загадваю табе сёньня, няхай будуць у сэрцы тваім.

7Паўтарай іх дзецям тваім, гавары іх, седзячы ў доме тваім, ідучы па дарозе, калі засынаеш і калі прачынаешся.

8Прывяжы іх як знак да рукі сваёй, няхай будуць яны павязкаю над вачыма тваімі.

9Напішы іх на дзьвярах дому твайго і на брамах тваіх.

10Калі ўвядзе цябе ГОСПАД, Бог твой, у зямлю, якую запрысяг бацькам тваім, Абрагаму, Ісааку і Якубу, калі дасьць табе гарады вялікія і добрыя, якіх ты не будаваў,

11дамы, поўныя ўсякіх багацьцяў, якіх ты не зьбіраў, выкапаныя студні, якіх ты не капаў, вінаграднікі і аліўкавыя сады, якіх ты не садзіў, калі будзеш есьці і наясіся,

12сьцеражыся, каб не забыўся ты пра ГОСПАДА, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.

13ГОСПАДА, Бога твайго, бойся, і Яму служы, і Ягоным імем прысягай.

14Не ідзі за багамі чужымі, за багамі народаў, якія навакол цябе,

15бо ГОСПАД, Бог твой, Які ёсьць пасярод цябе, — Бог зай­здросны. [Сьцеражыся], каб не ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА, Бога твайго, на цябе і каб ня сьцёр Ён цябе з аблічча зямлі.

16Не выпрабоўвайце ГОСПАДА, Бога вашага, як вы выпрабоўвалі ў Масе.

17Захоўваючы, захоўвайце прыказаньні ГОСПАДА, Бога вашага, і сьведчаньні Ягоныя, і пастановы Ягоныя, якія Ён загадаў вам;

18і рабі тое, што належыцца і што добрае ў вачах ГОСПАДА, каб было табе добра і ты ўвайшоў і ўспадкаеміў зямлю добрую, якую запрысяг ГОСПАД бацькам тваім,

19каб выгнаў Ён усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім, як прамовіў ГОСПАД.

20Калі спытаецца цябе ў будучыні сын твой, кажучы: “Што гэта за сьведчаньні, пастановы і прысуды, якія загадваў вам ГОСПАД, Бог наш?”,

21ты скажаш сыну твайму: “Былі мы нявольнікамі ў фараона ў Эгіпце, але вывеў нас ГОСПАД з Эгіпту рукою моцнаю,

22і чыніў цуды і знакі вялікія і жудасныя ў Эгіпце супраць фараона і ўсяго дому ягонага на вачах нашых,

23і вывеў нас адтуль, каб увесьці нас у зямлю, якую запрысяг бацькам нашым даць нам.

24І загадаў нам ГОСПАД, каб мы выконвалі ўсе пастановы гэтыя і баяліся ГОСПАДА, Бога нашага, і каб добра нам было ўсе дні жыцьця нашага, як [гэта ёсьць] сёньня.

25І будзе праведнасьць нашая ў тым, што мы будзем захоўваць і выконваць усе прыказаньні гэтыя перад абліччам ГОСПАДА, Бога нашага, як Ён нам загадаў”.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath