ДРУГАЗАКОНЬНЕ 2
1І павярнуліся мы, і рушылі мы ў пустыню шляхам да Мора Чырвонага, як да мяне прамовіў ГОСПАД, і шмат дзён абыходзілі вакол гару Сэір.
2І сказаў ГОСПАД мне, кажучы:
3“Досыць вам хадзіць кругом гары гэтай, Зьвярніце на поўнач.
4А народу загадай, кажучы: "Вы будзеце праходзіць праз пасяленьні братоў вашых, сыноў Эзава, якія жывуць у Сэіры, і яны будуць баяцца вас, і вы будзьце вельмі ўважлівыя,
5не чапайце іх, бо Я ня дам вам зямлі іхняй нават на стапу нагі, таму што гару Сэір Я даў у валоданьне Эзаву.
6Ежу купляйце ў іх за срэбра і ешце; таксама ваду купляйце ў іх за срэбра і піце.
7Бо ГОСПАД, Бог твой, дабраславіў цябе ў кожнай справе рук тваіх. Ён ведае вандроўку тваю ў гэтай пустыні вялікай. Вось, сорак гадоў ГОСПАД, Бог твой, з табою, і нічога табе не бракавала"”.
8І абмінулі мы братоў нашых, сыноў Эзава, якія жылі ў Сэіры, шляхам на Арабу, Элят і Эцыён-Гэбэр, і завярнулі, і пайшлі шляхам у пустыню Мааў.
9І сказаў мне ГОСПАД: “Не варагуй супраць Мааву і не пачынай з імі вайны, бо Я ня дам нічога ў валоданьне табе з зямлі іхняй, бо Я аддаў Ар у валоданьне сынам Лота’”.
10Перад тым жылі ў ёй Эмімы, народ вялікі, шматлікі і высокі, як [сыны] Анака.
11Лічылі іх Рэфаімамі, як і [сыноў] Анака. А Мааўляне называюць іх Эмімамі.
12А ў Сэіры жылі раней Харэі, але сыны Эзава выгналі іх, і вынішчылі іх перад абліччам сваім, і пасяліліся на месцы іхнім, як зрабіў Ізраіль у зямлі спадчыны сваёй, якую даў яму ГОСПАД.
13“Цяпер уставайце і перайдзіце праз ручай Зарэд”. І перайшлі мы ручай Зарэд.
14А дзён, калі мы ішлі з Кадэш-Барнэа да ручая Зарэд, было трыццаць восем гадоў, аж пакуль не згінула ў табары ўсё тое пакаленьне ваяроў, як ім гэта запрысяг ГОСПАД.
15Таксама рука ГОСПАДА была супраць іх, каб зьнішчыць іх у табары, аж пакуль яны не загінулі.
16І сталася, калі згінулі ўсе ваяры, паміраючы сярод народу,
17прамовіў да мяне ГОСПАД, кажучы:
18“Ты сёньня пяройдзеш Ар, мяжу Мааву,
19і наблізішся да сыноў Амона. Не чапай іх і не пачынай вайны з імі, бо Я ня дам табе нічога ў валоданьне з зямлі сыноў Амона, бо Я аддаў [зямлю гэтую] ў валоданьне сынам Лота”.
20Яна лічылася зямлёй Рэфаімаў; раней жылі ў ёй Рэфаімы, а сыны Амона называлі іх Замзумімамі.
21Народ гэта вялікі, шматлікі і высокі ростам, як сыны Анака, і зьнішчыў іх ГОСПАД перад абліччам [сыноў Амона], і яны пасяліліся на месцы іхнім.
22Таксама зрабіў ГОСПАД сынам Эзава, якія жывуць у Сэіры, вынішчаючы перад імі Харэяў, і яны выгналі іх, і самі жывуць на месцы іхнім аж да гэтага дня.
23І Авімаў, што жылі ў паселішчах аж да Газы, выгубілі Кафтарымы, якія выйшлі з Кафтору, і пасяліліся на месцы іхнім.
24“Уставайце, рушце ў дарогу, і пераходзьце ручай Арнон. Вось, Я аддаў у рукі твае Сыгона, валадара Хешбону, Амарэйца; бяры на ўласнасьць зямлю ягоную, і пачынай вайну супраць яго.
25Сёньня Я пачну распаўсюджваць страх і жах перад табою на народы пад усім небам, каб пачуўшы імя тваё, яны баяліся і дрыжэлі перад табою”.
26І паслаў я пасланцоў з пустыні Кэдэмот да Сыгона, валадара Хешбону, са словамі мірнымі, кажучы:
27“Дазволь мне прайсьці праз зямлю тваю. Я пайду гасьцінцам, ня збочу ані ўправа, ані ўлева.
28Жыўнасьць продай мне за срэбра, каб я мог есьці. Таксама ваду продай мне за срэбра, каб я мог піць. Дазволь мне толькі прайсьці пехатою,
29як дазволілі мне сыны Эзава, якія жывуць у Сэіры, і Мааўляне, якія жывуць у Ары, аж пакуль я дайду да Ярдану і перайду ў зямлю, якую мае даць нам ГОСПАД, Бог наш”.
30Але Сыгон, валадар Хешбону, не захацеў дазволіць нам прайсьці праз зямлю ягоную, бо ГОСПАД, Бог наш, закамяніў дух ягоны і сэрца ягонае зрабіў цьвёрдым, каб аддаць яго ў рукі твае, як гэта [сталася] сёньня.
31І сказаў ГОСПАД мне: “Вось, Я пачынаю аддаваць табе Сыгона і зямлю ягоную. Пачынай, авалодвай, каб успадкаеміць зямлю ягоную”.
32І выйшаў супраць нас Сыгон, ён і ўвесь народ ягоны, на вайну ў Ягац.
33І выдаў яго нам ГОСПАД, Бог наш; і пабілі мы яго, і сыноў ягоных, і ўвесь народ ягоны.
34У той час узялі мы ўсе гарады ягоныя і палажылі закляцьце на кожны горад, на мужчынаў, і жанчынаў, і дзяцей, нікога з іх не пакінулі,
35акрамя жывёлы, якую ўзялі сабе, і здабычы з гарадоў, занятых намі.
36Ад Араэру, які на беразе ручая Арнон, і ад гораду ў даліне аж да Гілеаду не было для нас гораду, які быў мацнейшы за нас; усё аддаў нам ГОСПАД, Бог наш.
37Толькі да зямлі сыноў Амона ты не набліжаўся, і да мясцовасьцяў вакол ручая Ябок, да гарадоў у гарах, і ўсё [было], як загадаў ГОСПАД, Бог наш.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath