Хрысціянства
назад

ДРУГАЗАКОНЬНЕ 29

1Гэта словы запавету, які загадаў ГОСПАД Майсею заключыць з сынамі Ізраіля ў зямлі Мааў, апрача запавету, які заключыў з імі на Харэве.

2І склікаў Майсей увесь Ізраіль, і сказаў ім: «Вы бачылі ўсё, што зрабіў ГОСПАД на вачах вашых у зямлі Эгіпецкай фараону і ўсім слугам ягоным, і ўсёй зямлі ягонай,

3тыя вялікія плягі, якія бачылі вочы вашыя, знакі і цуды вялікія.

4І ня даў вам ГОСПАД сэрца, якое разумее, вачэй, якія бачаць, і вушэй, якія чуюць, аж да сёньняшняга дня.

5І вёў я вас сорак гадоў праз пустыню; ня сьцёрліся адзеньні вашыя, сандалы вашыя на нагах вашых не падраліся.

6Хлеба вы ня елі, віна і сікеры не пілі, каб вы ведалі, што Я — ГОСПАД, Бог ваш.

7І прыйшлі вы на месца гэтае, і выйшлі Сыгон, валадар Хешбону, і Ог, валадар Башану, супраць вас вайною, і мы іх пабілі.

8І забралі мы зямлю іхнюю, і аддалі яе на ўласнасьць [сынам] Рубэна і Гада і палове калена Манасы.

9Дык захоўвайце словы запавету гэтага і выконвайце іх, каб мелі вы посьпех у-ва ўсім, што будзеце рабіць.

10Вы стаіцё сёньня ўсе перад абліччам ГОСПАДА, Бога вашага; начальнікі каленаў вашых, старшыні вашыя, наглядчыкі вашыя і кожны Ізраільцянін,

11дзеці вашыя і жонкі вашыя, і прыхадзень твой, які ў сярэдзіне табару твайго, [пачынаючы] ад тых, якія сякуць дровы, аж да тых, якія чэрпаюць ваду,

12каб увайшоў ты ў запавет з ГОСПАДАМ, Богам тваім, і прысягай [запячатаў] тое, што сёньня ГОСПАД, Бог твой, заключыў з табою,

13каб паставіць цябе сёньня як народ Ягоны, і каб Ён быў Богам тваім, як абяцаў табе і як запрысяг Ён бацькам тваім, Абрагаму, Ісааку і Якубу.

14Ня толькі з вамі аднымі заключаю я гэты запавет і [зацьвярджаю] яго прысягай,

15але з тымі, хто тут з намі стаяць перад абліччам ГОСПАДА, Бога нашага, і з тымі, каго сёньня тут няма з намі.

16Бо вы ведаеце, як мы жылі ў зямлі Эгіпецкай і як ішлі між народамі, праз якія вы прайшлі.

17І вы бачылі брыдоты іхнія і ідалаў іхніх, дрэвы і камяні, срэбра і золата, якія ў іх.

18Няхай ня будзе сярод вас мужчыны або жанчыны, сям’і або пакаленьня, сэрца якога адвярнулася ад ГОСПАДА, Бога вашага, каб ісьці і служыць багам гэтых народаў. Няхай ня будзе паміж вас корань, які родзіць атруту і палын.

19Калі нехта пачуе словы прысягі гэтай і будзе пату­раць сабе ў сэрцы сваім, кажучы: “Супакой мець буду, хоць буду хадзіць у закамянеласьці сэрца майго”, той сьцягвае загубу [на зямлю], як наводненую, так і сухую.

20ГОСПАД не даруе яму, але тады ўзгарыцца гнеў ГОСПАДА і лютасьць Ягоная супраць чалавека таго, і прыйдуць на яго ўсе праклёны, запісаныя ў кнізе гэтай, і выкрасьліць ГОСПАД імя ягонае пад небам,

21і аддзеліць яго ГОСПАД на загубу з усіх каленаў Ізраіля, паводле ўсіх праклёнаў запавету, запісаных у гэтай кнізе Закону.

22І пакаленьні наступныя, сыны вашыя, якія паўстануць пасьля вас, і чужынец, які прыйшоў з зямлі далёкай, убачаць плягі зямлі гэтай і немачы ейныя, якія спашле на яе ГОСПАД, і скажуць:

23“Серка і соль, і пажарышча на ўсёй зямлі. Ня будзе яна больш засяваная і не зазелянее яна, і ня вырасьце на ёй аніякая трава, як пасьля загубы Садома і Гаморы, Адмы і Цэвоіма, якія ГОСПАД зьнішчыў у гневе Сваім і ў ярасьці Сваёй”.

24І скажуць усе народы: “За што ГОСПАД зрабіў так зямлі гэтай? Чаму такі вялікі жар гневу Ягонага?”

25І адкажуць: “За тое, што пакінулі яны запавет ГОСПАДА, Бога бацькоў іхніх, які заключыў Ён з імі, калі вывеў іх з зямлі Эгіпецкай,

26і пайшлі, і служылі багам чужым, і пакланяліся багам, якіх ня ведалі, і якіх Ён ім не прызначыў.

27І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА супраць зямлі гэтай, і Ён спаслаў на яе ўсе праклёны, запісаныя ў кнізе гэтай.

28І выгнаў ГОСПАД іх з зямлі іхняй у гневе, ярасьці і абурэньні вялікім, і выгнаў іх у зямлю чужую, як гэта ёсьць сёньня”.

29Схаванае [належыць] ГОСПАДУ, Богу нашаму, а адкрытае — нам і сынам нашым аж на вякі, каб мы выконвалі ўсе словы Закону гэтага.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath