Хрысціянства
назад

ДРУГАЗАКОНЬНЕ 25

1Калі будзе спрэчка паміж людзьмі, няхай яны стануць перад судом, і судзяць іх, і праведнага прызнаюць нявінным, а вінаватага пакараюць.

2Калі вінаваты будзе варты, каб яго білі, няхай паложаць яго [на зямлю] і будуць біць яго перад абліччам судзьдзі, адпаведна правіны ягонай лічачы [ўдары].

3Сорак удараў можа ён атрымаць, і нельга дадаваць [больш], каб біцьцё не было па-над меру, і ня быў зьнявечаны брат твой перад вачыма тваімі.

4Не завязвай пысы валу, які малоціць.

5Калі браты жывуць сумесна і адзін з іх памрэ, і ня будзе мець сына, ня выйдзе жонка памёршага замуж за мужа іншага, але швагер ейны прыйдзе да яе і возьме яе за жонку сабе, і будзе жыць з ёю.

6І станецца, што сыну першароднаму, якога яна наро­дзіць, дадуць імя памёршага брата, і не загіне імя ягонае ў Ізраілі.

7А калі той мужчына не захоча узяць братавай сваёй за жонку, пойдзе братавая ў браму [гораду] да старшыняў і скажа: “Швагер мой адмаўляецца аднавіць імя брата свайго ў Ізраілі, ня хоча жыць са мною”.

8І старшыні гораду ягонага паклічуць яго і запытаюцца ў яго. І калі ён адмовіцца і скажа: “Не хачу яе ўзяць за жонку”,

9тады братавая падыйдзе да яго на вачах старшыняў і здыме сандал ягоны з нагі ягонай, і плюне яму ў твар, і адкажа, і скажа: “Так робяць з чалавекам, які ня хоча адбудаваць дом брата свайго”.

10І будзе названа імя ягонае ў Ізраілі: “Дом разутага”.

11Калі будуць біцца паміж сабою мужчыны, адзін супраць другога, і наблізіцца жонка аднаго з іх, каб вырваць мужа з рук таго, хто б’е, і выцягне руку сваю, і схопіць яго за сорам ягоны,

12адрэжаш ёй далонь, няхай не шкадуе яе вока тваё.

13Няхай ня будзе ў торбе тваёй камянёў вагавых большых і меншых.

14Няхай ня будзе ў доме тваім эфы большай і меншай.

15Камень вагавы няхай будзе праведны і дакладны; і эфа няхай будзе ў цябе дакладная і праведная, каб доўгія былі дні твае на зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой.

16Бо брыдзіцца ГОСПАД, Бог твой, кожным, хто так робіць, кожным, хто чыніць беззаконьне.

17Памятай, што зрабіў табе ў дарозе Амалек, калі выйшаў ты з Эгіпту.

18Ён сустрэў цябе на шляху і забіў сярод цябе ўсіх змучаных у апошніх шэрагах тваіх, а ты быў змораны і зьняможаны, і ён не баяўся Бога.

19Калі ГОСПАД, Бог твой, дасьць табе супакой ад усіх ворагаў тваіх, якія вакол цябе, у зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, у спадчыну, каб ты авалодаў ёю, ты сатрэш памяць пра Амалека пад небам. Не забудзься [пра гэта].

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath