Хрысціянства
назад

ДРУГАЗАКОНЬНЕ 23

1Ніхто не павінен браць жонкі бацькі свайго і адкрываць крысо адзе­ньня бацькі свайго.

2Той, хто мае струшчаныя яечкі або адрэзаны чэляс, ня ўвойдзе ў царкву ГОСПАДА.

3Ня ўвойдзе байструк у царкву ГОСПАДА, нават у дзясятым пакаленьні ня ўвойдзе ён у царкву ГОСПАДА.

4Ня ўвойдзе Аманянін і Мааўлянін у царкву ГОСПАДА нават у дзясятым пакаленьні; ня ўвойдзе ён у царкву ГОСПАДА на вякі,

5за тое, што яны не сустрэлі вас з хлебам і вадой на шляху, калі вы ішлі з Эгіпту, і аплацілі супраць цябе Білеама, сына Бэора, з Пэтору, што ў Арам-Нагараіме, каб цябе праклінаў.

6Але ГОСПАД, Бог твой, не хацеў слухаць Білеама, і ГОСПАД, Бог твой, замяніў праклён адносна цябе на дабраславенства, бо ГОСПАД, Бог твой, палюбіў цябе.

7Ня будзеш жадаць для іх міру і дабрабыту ў-ва ўсе дні твае і на вякі.

8Ня будзеш брыдзіцца Эдомцам, бо ён — брат твой. Ня будзеш брыдзіцца Эгіпціянінам, бо прыхаднем ты быў у зямлі ягонай.

9Сыны, якія народзяцца ім, у трэцім пакаленьні ўвойдуць у царкву ГОСПАДА.

10Калі вырушыш табарам супраць ворагаў тваіх, сьцеражыся ад усякай справы ліхой.

11Калі будзе ў цябе чалавек нячысты дзеля выпадку начнога, няхай выйдзе ён па-за табар і ня ўвойдзе ў табар.

12Увечары няхай памыецца ў вадзе, а пасьля заходу сонца ўвойдзе ў табар.

13Будзеш мець месца па-за табарам, у якое будзеш хадзіць па патрэбе.

14І будзе шуфлік сярод прыладаў тваіх, і калі выйдзеш навонкі, прыгатуеш [ямку], і, вяртаючыся, прыкрыеш зямлёю тое, што выйшла з цябе.

15Бо ГОСПАД, Бог твой, ходзіць пасярод табару твайго, каб ратаваць цябе і выдаваць ворагаў тваіх перад абліччам тваім. Няхай табар твой будзе сьвяты, і нічога ў ім ня мае быць бачна паганага, каб Ён не адвярнуўся ад цябе.

16Не выдавай нявольніка, які да цябе ўцёк ад гаспадара свайго, гаспадару ягонаму.

17Будзе ён жыць з табою, у месцы, якое ён выбраў у адной з брамаў тваіх, дзе будзе добра яму, і ты не засмучай яго.

18Ня будзе блудніцы сярод дачок Ізраіля, ані мужчыны блудніка сярод сыноў Ізраіля.

19Не занясеш у Дом ГОСПАДА, Бога твайго, заробку распусьніцы і грошы сабакі, як шлюбаваныя, бо ГОСПАД, Бог твой, брыдзіцца адным і другім.

20Не вымагай ад брата свайго адсоткаў са срэбра, ці з харчаваньня, ці з кожнай рэчы, якую пазычыш.

21Ад чужога можаш выма­гаць адсоткаў, але ад брата ня будзеш вымагаць адсоткаў, каб ГОСПАД, Бог твой, дабраславіў цябе ў-ва ўсім, да чаго прыкладзеш ты руку тваю ў зямлі, якую ідзеш авалодаць.

22Калі складзеш шлюбаваньне ГОСПАДУ, Богу твайму, не марудзь выканаць яго, бо ГОСПАД, Бог твой, запатрабуе гэтага ад цябе і будзе гэта табе як грэх.

23Калі ўстрымаешся ад шлюбаваньня, ня будзе на табе грэху.

24Тое, што выйшла з вуснаў тваіх, захоўвай і рабі, як абяцаў ты ГОСПАДУ, Богу твайму; з уласнай волі і вуснамі сваімі ты [гэта] абяцаў.

25Калі ўвойдзеш у вінаграднік бліжняга твайго, еш вінаград, колькі [падабаецца] душы тваёй, але ў кошык твой не кладзі.

26Калі ўвойдзеш у збожжа бліжняга твайго, рві каласы рукою тваёй, але сярпом ня жні.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath