Хрысціянства
назад

ДАНІІЛ 9

1У першым годзе Дарыя, сына Ахашвэроша, з насеньня Мідзянаў, які валадарыў над валадарствам Халдэйскім,

2у першы год валадараньня ягонага, я, Данііл, зразумеў з кнігаў лік гадоў, пра якія было слова ГОСПАДА да Ярэміі прарока, што маюць споўніцца семдзясят гадоў спусташэньню Ерусаліму.

3І я зьвярнуў аблічча маё да Госпада Бога, каб шукаць [Яго] ў малітве і ў маленьнях, у посьце, зрэбніцы і попеле.

4І я маліўся да ГОСПАДА, Бога майго, і спавядаўся, і казаў: «Госпадзе, Божа вялікі і страшны, Які захоўваеш запавет і міласэрнасьць да тых, якія любяць Цябе і захоўваюць прыказаньні Твае!

5Мы саграшылі і ўчынілі беззаконьне, і зрабілі нягодна, і збунтаваліся, і адступіліся ад прыказаньняў Тваіх і ад судоў Тваіх.

6І мы ня слухалі слугаў Тваіх, прарокаў, якія прамаўлялі ў імя Тваё да валадароў нашых, князёў нашых, бацькоў нашых і да ўсяго народу зямлі.

7У цябе, Госпадзе, праведнасьць, а ў нас на абліччах сорам, як у гэты дзень, у мужоў Юды, і ў жыхароў Ерусаліму, і ў-ва ўсяго Ізраіля, блізкіх і далёкіх, у-ва ўсіх землях, куды Ты выгнаў іх за здраду іхнюю, якой яны здрадзілі Табе.

8ГОСПАДЗЕ, сорам на абліччах у нас, у валадароў нашых, у князёў нашых, у бацькоў нашых, бо мы саграшылі супраць Цябе.

9У Госпада, Бога нашага, літасьць і прабачэньне, хоць мы ўзбунтаваліся супраць Яго,

10і ня слухалі голасу ГОСПАДА, Бога нашага, каб хадзіць паводле Законаў Ягоных, якія Ён даў нам праз рукі слугаў Сваіх, прарокаў.

11І ўвесь Ізраіль парушыў Закон Твой, і яны адвярнуліся, каб ня слухаць голасу Твайго. І выліўся на нас праклён і прысяга, якія запісаныя ў Законе Майсея, слугі Божага, бо мы саграшылі супраць Яго.

12І Ён споўніў слова Сваё, якое прамовіў супраць нас і супраць судзьдзяў нашых, якія судзілі нас, навёўшы на нас вялікае ліха, якое не рабілася пад усім небам і якое было ўчынена ў Ерусаліме.

13Як напісана ў Законе Майсея, так прыйшло на нас усё гэтае ліха; але мы не залагодзілі аблічча ГОСПАДА, Бога нашага, адварочваючыся ад беззаконьня свайго і разумеючы праўду Тваю.

14І чуваў ГОСПАД над гэтым ліхам, і навёў яго на нас, бо праведны ГОСПАД, Бог наш, у-ва ўсіх учынках Сваіх, якія Ён робіць, бо мы ня слухалі голас Ягоны.

15І цяпер, Госпадзе, Божа наш, Які вывеў народ Твой з зямлі Эгіпецкай рукою моц­наю і зрабіў Сабе імя, як у гэты дзень, мы саграшылі і ўчынілі беззаконьне.

16Госпадзе! Паводле ўсёй праведнасьці Тваёй няхай адвернецца гнеў Твой і абурэньне Тваё ад гораду Твайго Ерусаліму, сьвятой гары Тваёй, бо за грахі нашыя і за беззаконьні бацькоў нашых Ерусалім і народ Твой у ганьбе ў-ва ўсіх, хто навокал нас.

17І цяпер пачуй, Божа наш, малітву слугі Твайго і маленьне ягонае, і няхай зазьзяе аблічча Тваё над сьвятыняй Тваёй, якая спустошана, дзеля [Цябе], Госпадзе!

18Нахілі, Божа мой, вуха Тваё і пачуй! Адчыні вочы Твае і паглядзі на спусташэньне нашае і на горад, які названы імем Тваім, бо не з прычыны праведнасьці нашай мы кладзем перад абліччам Тваім маленьні нашыя, але з прычыны вялікай літасьці Тваёй.

19Госпадзе, пачуй! Госпадзе, прабач! Госпадзе, прыхілі вуха і зрабі, не затрымлівайся дзеля Сябе [Самога], Божа мой, бо імя Тваё названа над горадам Тваім і над народам Тваім».

20І я яшчэ гаварыў і вызнаваў грэх мой і грэх народу майго Ізраіля, і складаў маленьне маё перад абліччам ГОСПАДА, Бога майго, за сьвятую гару Бога майго.

21І калі я яшчэ гаварыў у малітве, муж гэты, Габрыэль, якога я бачыў у відзежы раней, сьпяшаючыся, пасьпяшаўся і дакрануўся да мяне ў часе вечаровай ахвяры хлебнай.

22І ён даў мне разуменьне, і гаварыў са мной, і сказаў: «Данііле, цяпер я выйшаў, каб навучыць цябе разуменьню.

23На пачатку маленьня твайго выйшла слова, і я прыйшоў распавесьці [яго], бо ты найкаштоўнейшы. Дык разумей слова і зразумей відзеж.

24Семдзясят тыдняў вызначана народу твайму і гораду сьвятому твайму, каб спыніць правіну, і скончыць [меру] грэху, і адкупіць беззаконьне, і прывесьці праведнасьць вечную, і запячатаць відзежы і прароцтвы, і памазаць Сьвятое Сьвятых.

25Дык ведай і разумей: ад выхаду слова пра вяртаньне і адбудову Ерусаліму да Памазанца Правадыра — сем тыдняў і шэсцьдзясят два тыдні, і вернецца [народ], і будзе адбудаваная плошча і мур, але ў цяжкія часы.

26І пасьля шасьцідзесяці двух тыдняў будзе забіты Памазанец, і ня будзе Яго, а горад і сьвятыню зьнішчыць народ правадыра, які прыйдзе, і канец ягоны — як паводка, і аж да канца вайны вызначана [быць] спусташэньням.

27Ён зацьвердзіць запавет для многіх у адзін тыдзень, і ў палове тыдня спыніцца ахвяра крывавая і ахвяра хлебная, і на крыле [сьвятыні] будзе агіда спусташэньня аж да канца, калі вызначаны [прысуд] выльецца на спусташальніка».

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath