КАЛАСЯНАЎ 1
1Павал, апостал Ісуса Хрыста з волі Божай, і Цімафей, брат, —
2тым, што ў Калосах, сьвятым і верным братам у Хрысьце: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Ісуса Хрыста, заўсёды молячыся пра вас,
4пачуўшы пра веру вашую ў Хрыста Ісуса і пра любоў да ўсіх сьвятых,
5дзеля надзеі, якая вызначана вам у небе, пра што вы раней чулі ў слове праўды Эвангельля,
6якое ёсьць у вас, як і ў-ва ўсім сьвеце, і дае плод, як і між вамі, з таго дня, калі вы пачулі і пазналі ласку Божую ў праўдзе,
7як і навучыліся ад Эпафраса, улюбёнага таварыша нашага, які ёсьць верным за вас служыцелем Хрыста,
8які і паведаміў нам пра вашую любоў у духу.
9Дзеля гэтага і мы з таго дня, як пачулі, не перастаем маліцца за вас і прасіць, каб вы былі напоўненыя пазнаньнем волі Яго ў-ва ўсякай мудрасьці і разуменьні духоўным,
10каб вы хадзілі дастойна Госпада, у-ва ўсім дагаджаючы [Яму], даючы плод у кожнай добрай справе і ўзрастаючы ў пазнаньні Бога,
11дужэючы ўсякаю сілаю паводле магутнасьці славы Яго на ўсякую цярплівасьць і доўгацярплівасьць з радасьцю,
12дзякуючы Айцу, Які даў нам здольнасьць удзельнічаць у спадчыне сьвятых у сьвятле,
13Які выбавіў нас ад улады цемры і перамясьціў у Валадарства Сына любові Сваёй,
14у Якім мы маем адкупленьне праз кроў Ягоную і адпушчэньне грахоў.
15Ён ёсьць вобраз Бога нябачнага, Першародны ўсякага стварэньня;
16бо ў Ім створана ўсё, што ў небе і што на зямлі, бачнае і нябачнае: ці то пасады, ці то панаваньні, ці то начальствы, ці то ўлады, — усё праз Яго і для Яго створана;
17і Ён ёсьць перад усім, і ўсё ў Ім стаіць.
18І Ён ёсьць галава Цела — Царквы; Ён — Пачатак, Першародны з мёртвых, каб быць Яму ў-ва ўсім першым,
19бо было даспадобы, каб у Ім жыла ўсякая поўня
20і каб праз Яго пагадзіць з Сабою ўсё, учыніўшы праз Яго, праз кроў крыжа Ягонага мір і з тым, што на зямлі, і з тым, што ў небе.
21І вас, якія былі некалі адлучаныя і ворагі, разуменьнем [зьвернутыя] да злых справаў,
22цяпер пагадзіў ва ўласным целе Яго праз сьмерць, каб паставіць вас сьвятымі, і беззаганнымі, і бездакорнымі перад Сабою,
23калі толькі застаецеся ў веры цьвёрда і непарушна, і не адпадаеце ад надзеі Эвангельля, якое вы чулі, якое абвешчана ўсяму стварэньню пад небам, якога я, Павал, стаўся служыцелем.
24Цяпер я радуюся ў пакутах маіх за вас і дапаўняю нястачу ў целе маім прыгнётаў Хрыстовых за Цела Ягонае, якое ёсьць Царква,
25якой я стаўся служыцелем паводле распарадкаваньня Божага, дадзенага мне дзеля вас, каб споўніць слова Божае,
26тайну, схаваную ад вякоў і ад пакаленьняў, а цяпер выяўленую сьвятым Ягоным,
27якім захацеў Бог паведаміць, якое багацьце славы тайны гэтай сярод паганаў, якая ёсьць Хрыстос у вас, надзея славы,
28Якога мы прапаведуем, настаўляючы ўсякага чалавека і вучачы ўсякага чалавека ўсякае мудрасьці, каб нам паставіць усякага чалавека дасканалым у Хрысьце Ісусе,
29дзеля чаго я і працую, змагаючыся паводле дзеяньня Яго, якое дзейнічае ў-ва мне магутна.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath