АМОС 4
1Паслухайце слова гэтае, каровы Башану, якія на гары Самарыі, якія прыгнятаеце бедных, штурхаеце ўбогіх, кажучы гаспадарам сваім: “Прынясі, і будзем піць”.
2Прысягнуў Госпад ГОСПАД сьвятасьцю Сваёю, што, вось, прыйдуць на вас дні, і Ён падыме вас на круках, і пазасталых вашых — на гачыках для рыбы.
3І выйдзе, і [пойдзе] кожная перад сабою праз выломы [ў мурах], і кінуць вас у Гермоне, кажа ГОСПАД.
4“Прыйдзіце ў Бэтэль і рабіце беззаконьне; у Гільгале яшчэ больш рабіце беззаконьне і прыносьце кожную раніцу ахвяры свае, кожныя тры дні — дзесяціны свае,
5і паліце ахвяры падзякі з кіслым, і голасна абвяшчайце пра ахвяры дабраахвотныя, бо гэта вы любіце, сыны Ізраіля, кажа Госпад ГОСПАД”.
6І Я даў вам чысьціню зубоў у-ва ўсіх гарадах вашых і нястачу хлеба ў-ва ўсіх месцах вашых; але вы не навярнуліся да Мяне, кажа ГОСПАД.
7І Я таксама спыніў у вас дождж за тры месяцы да жніва, і выліў дождж на адзін горад, а на другі ня выліў; адно поле было паліта дажджом, а поле, якое дождж не паліў, высахла.
8І цягнуліся два і тры гарады ў адзін горад, каб піць ваду, і не маглі напіцца; але вы не навярнуліся да Мяне, кажа ГОСПАД.
9Я біў вас іржою і цьвільлю; мноства садоў вашых, і вінаграднікаў вашых, і дрэваў фігавых вашых, і дрэваў аліўкавых вашых пажэрлі вусені, але вы не навярнуліся да Мяне, кажа ГОСПАД.
10Я спаслаў на вас пошасьць, як заразу ў Эгіпце, забіваў мячом юнакоў вашых, і забраў у палон коней вашых, і ўзьняў да ноздраў вашых смурод табараў вашых, але вы не навярнуліся да Мяне, кажа ГОСПАД.
11Я зьнішчыў вас, як Бог зьнішчыў Садом і Гамору, і вы былі, як галавешка, уратаваная з агню; але вы не навярнуліся да Мяне, кажа ГОСПАД.
12Дзеля гэтага Я гэтак зраблю табе, Ізраіль. А калі Я зраблю гэтак табе, прыгатуйся да сустрэчы з Богам тваім, Ізраіль!
13Бо Ён — Той, Які фармуе горы і стварае вецер, і выяўляе чалавеку думкі Свае, робіць зараніцу цемраю і крочыць па ўзгорках зямлі; ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, — імя Ягонае.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath