Хрысціянства
назад

ДЗЕІ 7

1А першасьвятар сказаў: «Ці ж гэта так?»

2Той жа мовіў: «Мужы браты і бацькі, паслухайце! Бог славы зьявіўся бацьку нашаму Абрагаму, калі той быў у Мэсапатаміі, перш, чым пасяліўся ў Харане,

3і сказаў да яго: “Выйдзі з зямлі тваёй і ад родзічаў тваіх і ідзі ў зямлю, якую Я табе пакажу”.

4Тады, выйшаўшы з зямлі Халдэйскае, ён пасяліўся ў Харане; адтуль пасьля сьмерці бацькі ягонага [Бог] перасяліў яго ў гэтую зямлю, у якой вы цяпер жывяцё.

5І ня даў яму ў ёй спадчыны ані на стапу нагі; і абяцаў яму даць яе ў валоданьне яму і насеньню ягонаму пасьля яго, а ня меў ён дзіцяці.

6Сказаў жа яму Бог, што насеньне ягонае будзе прыхаднем у зямлі чужой, і зьняволяць іх, і будуць рабіць ім зло чатырыста гадоў.

7“І народ, які зняволіць іх, Я буду судзіць, — сказаў Бог, — і пасьля гэтага яны выйдуць і будуць служыць Мне ў гэтым месцы”.

8І даў яму запавет абразаньня. І гэтак ён нарадзіў Ісаака, і абрэзаў яго на восьмы дзень; і Ісаак — Якуба, і Якуб — дванаццаць патрыярхаў.

9І патрыярхі, зайздросьцячы Язэпу, прадалі яго ў Эгіпет; і Бог быў з ім,

10і выбавіў яго з усіх прыгнётаў ягоных, і даў яму ласку і мудрасьць перад фараонам, валадаром Эгіпту; і той паставіў яго за кіраўніка над Эгіптам і над усім домам сваім.

11Прыйшоў жа голад на ўсю зямлю Эгіпту і Ханаану, і гора вялікае, і бацькі нашыя не знаходзілі жыўнасьці.

12А Якуб, пачуўшы, што ёсьць збожжа ў Эгіпце, паслаў спачатку бацькоў нашых,

13і за другім разам Язэп быў пазнаны братамі ягонымі, і фараону выявіўся род Язэпавы.

14А Язэп, паслаўшы, паклікаў бацьку свайго Якуба і ўсіх родзічаў сваіх, душаў семдзесят пяць.

15Якуб жа зыйшоў у Эгіпет, і памёр сам і бацькі нашыя,

16і перанесьлі іх у Сыхем, і паклалі ў магілу, якую набыў Абрагам за цану срэбра ў сыноў Гемора Сыхемава.

17А як набліжаўся час абяцаньня, наконт якога прысягаў Бог Абрагаму, народ рос і памнажаўся ў Эгіпце

18да часу, калі паўстаў іншы валадар, які ня ведаў Язэпа.

19Той, хітруючы супраць роду нашага, рабіў зло бацькам нашым, каб яны выкідалі немаўлят, каб тыя не жылі.

20У той час нарадзіўся Майсей, і быў мілы Богу; яго гадавалі тры месяцы ў доме бацькі ягонага.

21Калі ж выкінулі яго, узяла яго дачка фараона і гадавала яго за сына сабе.

22І быў настаўлены Майсей у-ва ўсёй мудрасьці Эгіпцянаў, і быў ён магутны ў словах і ўчынках.

23Калі ж споўнілася яму сорак гадоў веку, прыйшло яму на сэрца даведацца братоў сваіх, сыноў Ізраіля.

24І, убачыўшы, як некага крыўдзілі, заступіўся за яго і адпомсьціў за пакрыўджанага, ударыўшы Эгіпцяніна.

25Ён жа думаў, што браты ягоныя зразумеюць, што Бог рукой ягонай дае ім выбаўленьне, а яны не зразумелі.

26І на наступны дзень ён зьявіўся ім, як яны біліся, і вёў іх да згоды, кажучы: “Мужы, вы — браты! Чаму вы крыўдзіце адзін аднаго?”

27А той, што быў крыўдзіў бліжняга, адапхнуў яго, кажучы: “Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю над намі?

28Ці ты хочаш забіць мяне, як забіў учора Эгіпцяніна?”

29Праз гэтае слова ўцёк Майсей і стаўся прыхаднем у зямлі Мадыям, дзе нарадзіў двух сыноў.

30А калі споўнілася сорак гадоў, зьявіўся яму ў пустыні пад гарою Сынай анёл Госпада ў полымі агню ў кусьце.

31Майсей жа, убачыўшы, зьдзівіўся відзежу, і калі ён набліжаўся, каб прыгледзецца, быў да яго голас Госпада:

32“Я — Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба”. Трасучыся, Майсей не адважыўся ўглядацца.

33А Госпад сказаў яму: “Здымі сандалы з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, — зямля сьвятая.

34Гледзячы, Я ўбачыў гора народу Майго ў Эгіпце, і пачуў стагнаньне іхнае, і зыйшоў выбавіць іх. І цяпер ідзі, Я пашлю цябе ў Эгіпет”.

35Таго Майсея, якога яны адракліся, кажучы: “Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю?” — яго Бог за начальніка і выбавіцеля паслаў рукой анёла, які зьявіўся яму ў кусьце.

36Ён вывеў іх, учыніўшы цуды і знакі ў зямлі Эгіпецкай, і ў Чырвоным моры, і ў пустыні сорак гадоў.

37Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраіля: “Прарока паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых, як мяне; Яго слухайце”.

38Гэта той, які быў у пустыні ў зборы з анёлам, што гаварыў на гары Сынай з ім і з бацькамі нашымі, які прыняў словы жывыя, каб даць нам,

39якому не хацелі быць паслухмяныя бацькі нашыя, але адапхнулі яго і павярнулі сэрцы свае да Эгіпту,

40кажучы Аарону: “Зрабі нам багоў, якія будуць ісьці наперадзе нас, бо ня ведаем, што сталася з Майсеем гэтым, які вывеў нас з зямлі Эгіпецкай”.

41І зрабілі ў тыя дні цяля, і прынесьлі ахвяру ідалу, і весяліліся ў справах рук сваіх.

42А Бог адвярнуўся і аддаў іх служыць войску нябеснаму, як напісана ў кнізе Прарокаў: “Дом Ізраіля, ці прыносілі вы Мне бітае і ахвяры сорак гадоў у пустыні?

43І паднялі вы намёт Малоха і зорку бога вашага Рэмфана, абразы, якія вы зрабілі, каб ім пакланяцца. І Я перасялю вас ажно за Бабілон”.

44Намёт сьведчаньня быў у бацькоў нашых у пустыні, як загадаў Той, Які гаварыў Майсею зрабіць яго паводле ўзору, які ён бачыў.

45Яго, узяўшы, занесьлі бацькі нашыя з Егошуам у валоданьні паганаў, якіх Бог выгнаў ад аблічча бацькоў нашых, ажно да дзён Давіда,

46які знайшоў ласку перад Богам і прасіў, каб знайсьці будыніну Богу Якуба.

47Салямон жа пабудаваў Яму дом.

48Але Найвышэйшы не жыве ў бажніцах, зробленых рукамі, як кажа прарок:

49“Неба — пасад Мой, а зямля — падножжа ног Маіх. Які ж дом вы пабудуеце Мне, — кажа Госпад, — або якое месца супачынку Майго?

50Ці ж не Мая рука ўчыніла ўсё гэтае?”

51[Людзі] з цьвёрдым каркам і з неабрэзаным сэрцам і вушамі! Вы заўсёды супрацівіцеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы.

52Каго з прарокаў не перасьледавалі бацькі вашыя, і пазабівалі прадвесьнікаў прыходу Праведніка, здраднікамі і забойцамі Якога вы цяпер сталіся,

53вы, якія ўзялі Закон паводле пастановы анёлаў і не захавалі яго».

54А слухаючы гэта, яны раз’юшваліся ў сэрцах сваіх і скрыгаталі зубамі на яго.

55Ён жа, напоўнены Духам Сьвятым, углядаючыся ў неба, убачыў славу Божую і Ісуса, Які стаіць праваруч Бога,

56і сказаў: «Вось, бачу неба адчыненае і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога».

57Яны ж, закрычаўшы моцным голасам, пазатыкалі вушы свае, і аднадушна рынуліся на яго,

58і, выгнаўшы за горад, каменавалі яго. І сьведкі кінулі адзеньні свае ля ног дзяцюка, называнага Саўл,

59і каменавалі Стэфана, які клікаў [Бога] і казаў: «Госпадзе Ісусе, прыймі дух мой!»

60І, укленчыўшы, закрычаў моцным голасам: «Госпадзе, не палічы ім грэху гэтага!» І, сказаўшы гэта, памёр.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath