ДЗЕІ 4
1Калі яны гаварылі да народу, сталі перад імі сьвятары, і начальнікі варты сьвятыні, і садукеі,
2узлаваныя, што яны навучаюць народ і прапаведуюць у Ісусе ўваскрасеньне з мёртвых.
3І ўсклалі на іх рукі, і аддалі іх у вастрог да заўтра, бо быў ужо вечар.
4А многія з тых, якія чулі слова, паверылі; і быў лік такіх мужоў каля пяці тысячаў.
5А назаўтра сталася, што сабраліся ў Ерусаліме начальнікі іхнія, і старшыні, і кніжнікі,
6і Анна першасьвятар, і Каяфа, і Ян, і Аляксандар, і ўсе, хто быў з роду першасьвятарскага,
7і, паставіўшы іх пасярод, пыталіся: «Якою моцаю ці якім імем вы ўчынілі гэта?»
8Тады Пётар, напоўніўшыся Духам Сьвятым, сказаў да іх: «Начальнікі народу і старшыні Ізраілю!
9Калі нас сёньня дапытваюць за дабрадзейства нядужаму чалавеку, кім ён аздароўлены,
10няхай будзе вядома ўсім вам і ўсяму народу Ізраіля, што ў імя Ісуса Хрыста з Назарэту, Якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрасіў з мёртвых, праз Яго ён стаіць перад вамі здаровы.
11Ён — Камень, пагарджаны вамі, будаўнічымі, Які стаўся галавою вугла,
12і ні ў кім іншым няма збаўленьня, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім мусілі мы быць збаўленыя».
13А ўбачыўшы адвагу Пятра і Яна і спасьцярогшы, што яны людзі някніжныя і простыя, зьдзіўляліся; пазналі ж іх, што яны былі з Ісусам.
14Бачачы ж аздароўленага чалавека, які стаяў з імі, не маглі нічога запярэчыць.
15Загадаўшы ж ім выйсьці з сынэдрыёну, радзіліся між сабою,
16кажучы: «Што мы зробім з гэтымі людзьмі? Бо, праўда, вялікі знак, які стаўся праз іх, яўны для ўсіх, хто жыве ў Ерусаліме, і мы ня можам адмовіць гэта.
17Але, каб больш не разыходзілася гэта ў народзе, пагрозамі забаронім ім, каб ужо не гаварылі ў імя гэтае нікому з людзей».
18І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не гаварыць і не навучаць у імя Ісуса.
19А Пётар і Ян, адказваючы ім, сказалі: «Судзіце, ці справядліва перад Богам слухаць вас больш, чым Бога?
20Бо мы ня можам не гаварыць пра тое, што бачылі і чулі».
21Яны ж, пагражаючы, вызвалілі іх, не знаходзячы, як пакараць іх, дзеля народу, бо ўсе славілі Бога за тое, што сталася.
22Бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, з якім стаўся знак аздараўленьня.
23Калі ж іх вызвалілі, яны прыйшлі да сваіх і паведамілі ўсё, што ім сказалі першасьвятары і старшыні.
24А яны, пачуўшы, аднадушна паднялі голас да Бога і сказалі: «Уладару! Ты — Бог, Які ўчыніў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх.
25Праз вусны Давіда, слугі Твайго, Ты сказаў: “Чаму бунтуюцца пагане і народы задумваюць марнае?
26Паўсталі валадары зямлі, і князі сабраліся разам супраць Госпада і супраць Хрыста Ягонага”.
27Бо праўдзіва сабраліся супраць Сьвятога Сына Твайго Ісуса, Якога Ты памазаў, Ірад і Понтый Пілат з паганамі і народам Ізраіля,
28каб учыніць усё, што рука Твая і рада Твая прадвызначылі, каб сталася.
29І цяпер, Госпадзе, зірні на пагрозы іхнія, і дай слугам Тваім з усёю адвагаю гаварыць слова Тваё,
30а Ты працягні руку Тваю на аздараўленьне, і каб рабіліся знакі і цуды праз імя Сьвятога Сына Твайго Ісуса».
31І, як памаліліся, захісталася месца, дзе яны былі сабраўшыся, і ўсе былі напоўненыя Духам Сьвятым, і гаварылі слова Божае з адвагаю.
32А ў мноства тых, якія паверылі, было адно сэрца і адна душа, і ніхто нічога з маёмасьці сваёй не называў сваім, але ўсё ў іх было супольнае.
33І з вялікай сілай апосталы давалі сьведчаньне ўваскрасеньня Госпада Ісуса, і ласка вялікая была на ўсіх іх.
34Бо не было сярод іх нікога, хто меў нястачу, бо ўсе, хто меў палі ці дамы, продаючы іх, прыносілі цану праданага
35і клалі ля ног апосталаў; а кожнаму давалася тое, якую хто меў патрэбу.
36А Ёсія, названы апосталамі Барнабам, што значыць Сын пацяшэньня, лявіт, родам з Кіпру,
37які меў сваё поле, прадаўшы яго, прынёс грошы і паклаў ля ног апосталаў.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath