ДЗЕІ 24
1А праз пяць дзён прыйшоў першасьвятар Ананія са старшынямі і нейкім рытарам Тэртулам, якія выступілі перад ваяводам супраць Паўла.
2А калі таго паклікалі, пачаў абвінавачваць яго Тэртул, гаворачы:
3«Дазнаючы праз цябе вялікага супакою і дабрабыту, якія сталіся ў народзе гэтым праз тваю апеку, заўсёды і паўсюль прыймаем мы гэта, вяльможны Фэліксе, з усёю ўдзячнасьцю.
4А каб табе шмат не дакучаць, прашу цябе каротка выслухаць нас паводле спагаднасьці тваёй.
5Бо, знайшоўшы, што муж гэты — пошасьць, будзіцель бунту сярод Юдэяў па ўсім сусьвеце і правадыр герэзіі Назарэйскае,
6які сьвятыню спакусіўся зьняважыць, мы затрымалі яго і хацелі судзіць паводле нашага закону.
7А тысячнік Лізій, прыйшоўшы, з вялікім гвалтам забраў яго з нашых рук,
8загадаўшы абвінавальнікам ягоным ісьці да цябе. Ад яго ты сам можаш, дасьледаваўшы ўсё гэта, даведацца, у чым мы вінавацім яго».
9Пацьвердзілі і Юдэі, кажучы, што гэта так.
10А Павал адказаў, калі ваявода даў яму знак гаварыць: «Ведаючы, што ты шмат год судзьдзя гэтага народу, я ахвотней буду адказваць адносна [справы] маёй.
11Ты можаш даведацца, што ня больш, як дванаццаць дзён прайшло, як узыйшоў я пакланіцца ў Ерусалім.
12І ані ў сьвятыні не знайшлі мяне, што я з некім вяду гутарку ці бунтую натоўп, ані ў сынагогах, ані ў горадзе,
13і яны ня могуць давесьці таго, у чым цяпер вінавацяць мяне.
14Але прызнаюся табе, што паводле шляху, які яны герэзіяй называюць, я гэтак служу Богу бацькоў, верачы ўсяму, што напісана ў Законе і ў Прарокаў,
15маючы надзею на Бога, што мае быць уваскрасеньне мёртвых, праведных і няправедных, чаго яны і самі чакаюць.
16Дзеля гэтага я сам намагаюся мець заўсёды чыстае сумленьне перад Богам і перад людзьмі.
17Праз шмат год я прыйшоў чыніць міласьціны для народу майго і дары.
18Пры гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў сьвятыні некаторыя Юдэі з Азіі, а не з натоўпам і не з замяшаньнем.
19Яны мусяць прыйсьці да цябе і абвінавачваць, калі нешта маюць супраць мяне.
20Або самі гэтыя няхай скажуць, ці знайшлі ў-ва мне якую крыўду, калі я стаяў перад сынэдрыёнам.
21Ці адно тое слова, якое я крыкнуў, як стаяў сярод іх, што сёньня вы судзіце мяне за ўваскрасеньне мёртвых».
22Пачуўшы гэтае, Фэлікс адклаў [справу] іхнюю, сказаўшы: «Дакладней даведаўшыся пра шлях гэты, як прыйдзе тысячнік Лізій, разгледжу [справу] вашую».
23І загадаў сотніку пільнаваць Паўла, але даваць палёгку і не забараняць нікому з ягоных служыць яму і прыходзіць да яго.
24А праз некалькі дзён Фэлікс, прыйшоўшы з Друзілаю, жонкаю сваёй, якая была Юдэйкай, паклікаў Паўла і слухаў яго пра веру ў Хрыста.
25А як той вёў гутарку пра праведнасьць, і стрыманасьць, і пра будучы суд, Фэлікс, спалохаўшыся, адказаў: «Цяпер годзе, ідзі, а як знайду час, паклічу цябе».
26Пры гэтым ён, спадзеючыся, што атрымае грошы ад Паўла, каб звольніў яго, часта клічучы яго, гутарыў з ім.
27А як споўніліся два гады, Фэлікс атрымаў наступніка Порцыя Фэста, і, хочучы зрабіць ласку Юдэям, Фэлікс пакінуў Паўла ўвязьненым.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath