ДЗЕІ 1
1Першую аповесьць учыніў я, Тэафіле, пра ўсё, што пачаў Ісус рабіць і навучаць
2да таго дня, у які быў узьнесены, даўшы праз Духа Сьвятога загады апосталам, якіх выбраў,
3і перад якімі зьявіў Сябе жывым пасьля цярпеньняў Сваіх са шматлікімі доказамі, на працягу сарака дзён паказываючыся ім і кажучы пра Валадарства Божае.
4І, сабраўшы іх, загадаў ім: «Не адыходзьце з Ерусаліму, але чакайце на абяцаньне Айца, пра якое вы чулі ад Мяне,
5што Ян хрысьціў вадою, а вы праз некалькі дзён будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым».
6А яны, зыйшоўшыся, пыталіся ў Яго, кажучы: «Госпадзе, ці ня ў гэты час Ты адновіш валадарства Ізраіля?»
7Ён жа сказаў ім: «Ня вам ведаць час ці пару, якія Айцец паклаў ва ўладзе Сваёй,
8але вы возьмеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне сьведкамі ў Ерусаліме, і ў-ва ўсёй Юдэі і Самарыі, і нават да краю зямлі».
9І, сказаўшы гэтае, Ён быў падняты, калі яны глядзелі [на Яго], і воблака ўзяло Яго ад вачэй іхніх.
10І калі яны ўглядаліся ў неба, як Ён адыходзіў, вось, два мужы сталі перад імі ў белым адзеньні
11і сказалі: «Мужы Галілейскія! Чаго вы стаіцё, гледзячы ў неба? Гэты Ісус, узяты ад вас у неба, прыйдзе гэтак сама, як вы бачылі Яго, што ідзе ў неба».
12Тады яны вярнуліся ў Ерусалім з гары, называнай Аліўнай, што блізка ад Ерусаліму, за дзень суботні ходу.
13І, калі прыйшлі, узыйшлі ў залю, дзе былі Пётар, і Якуб, і Ян, і Андрэй, Філіп і Тамаш, Барталамей і Мацьвей, Якуб Алфеяў і Сымон Зілот, і Юда Якубаў.
14Усе яны трывалі аднадушна ў малітвах і просьбах разам з жанчынамі, і Марыяй, маці Ісуса, і братамі Ягонымі.
15І ў тыя дні Пётар, устаўшы сярод вучняў, сказаў, — а была грамада імёнаў разам каля ста дваццаці:
16«Мужы браты! Мусіла споўніцца тое Пісаньне, якое казаў раней Дух Сьвяты праз вусны Давіда пра Юду, што стаўся павадыром тых, якія схапілі Ісуса,
17што быў ён палічаны з намі, і выпала яму жэрабя служэньня гэтага.
18Ён, што праўда, прыдбаў поле за нагароду няправеднасьці і, рынуўшыся, разьдзёрся папалове, і вываліліся ўсе ўнутранасьці ягоныя,
19і сталася гэта вядома ўсім, хто жыве ў Ерусаліме, так што поле тое названае на іхняй мове Акельдама, гэта ёсьць Поле крыві.
20Бо напісана ў кнізе Псальмаў: “Няхай станецца двор ягоны пустым, і няхай ніхто не жыве ў ім”, і: “Урад ягоны няхай возьме іншы”.
21Дык з тых мужоў, якія зыходзіліся з намі праз увесь час, калі прыходзіў і выходзіў да нас Госпад Ісус,
22пачынаючы ад хрышчэньня Янавага ажно да дня, калі Ён быў узяты ад нас, адзін з іх мусіць стацца разам з намі сьведкам уваскрасеньня Яго».
23І паставілі двух: Язэпа, называнага Барсабам, якога звалі Юстам, і Мацея,
24і, молячыся, сказалі: «Ты, Госпадзе, Які ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў
25узяць жэрабя служэньня гэтага і апостальства, ад якога адступіўся Юда, каб ісьці на месца сваё».
26І кінулі жэрабя пра іх, і ўпала жэрабя на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці апосталаў.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath