Хрысціянства
назад

ДЗЕІ 16

1І прыйшоў ён у Дэрбу і Лістру. І вось, быў там адзін вучань, на імя Цімафей, сын аднае жанчыны Юдэйскае вернае і бацькі Грэка.

2Пра яго сьведчылі браты ў Лістры і Іконіі.

3Павал захацеў, каб ён пайшоў з ім, і, узяўшы яго, абрэзаў дзеля Юдэяў, якія былі ў тых месцах, бо ўсе ведалі бацьку ягонага, што быў Грэк.

4Калі ж яны праходзілі праз гарады, перадавалі [цэрквам] захоўваць пастановы, вызначаныя апосталамі і старостамі ў Ерусаліме.

5А цэрквы ўмацоўваліся ў веры і ўзрасталі штодня лікам.

6Прайшоўшы ж праз Фрыгію і Галятыйскую краіну, забараніў ім Сьвяты Дух гаварыць слова ў Азіі.

7Прыйшоўшы ў Мізію, спрабавалі ісьці ў Бітынію; і не дазволіў ім Дух.

8І, абмінуўшы Мізію, яны зыйшлі ў Трааду.

9І ўгледзеў Павал уначы відзеж: нейкі муж, Македонец, стаяў, просячы яго і кажучы: «Перайшоўшы ў Македонію, дапамажы нам».

10Калі ж убачыў ён відзеж, мы адразу шукалі, каб ісьці ў Македонію, разумеючы, што Госпад паклікаў нас дабравесьціць ім.

11І, паплыўшы з Траады, мы наўпрост прыйшлі ў Саматракію, а на заўтра — у Нэапаль,

12і адтуль — у Філіпы, што ёсьць першы горад тае часткі Македоніі, калёнія. І былі мы ў гэтым горадзе некалькі дзён.

13І ў дзень суботы выйшлі мы за горад да рэчкі, дзе звычайна адбывалася малітва, і, пасеўшы, гаварылі да сабраных жанчынаў.

14І слухала адна жанчына, на імя Лідзія, гандлярка пурпурам, з гораду Тыятыра, якая пакланялася Богу, і Госпад адчыніў сэрца ейнае, каб зважала на прамову Паўла.

15А калі ахрысьцілася яна і дом ейны, яна прасіла, кажучы: «Калі вы лічыце мяне вернай Госпаду, увайшоўшы ў дом мой, жывіце». І затрымала нас.

16Сталася ж, як ішлі мы на малітву, сустрэла нас нейкая служка, якая мела духа вешчага і, варожачы, вялікі заробак давала гаспадарам сваім.

17Яна, ідучы за Паўлам і намі, крычала, кажучы: «Людзі гэтыя — слугі Бога Найвышэйшага, якія прапаведуюць нам шлях збаўленьня!»

18А рабіла яна гэта шмат дзён. Павал жа, узлаваўшыся, павярнуўся і сказаў духу: «Загадваю табе ў імя Ісуса Хрыста выйсьці з яе!» І ён выйшаў у той жа час.

19А гаспадары ейныя, бачачы, што прапала надзея заробку іхняга, схапіўшы Паўла і Сілу, пацягнулі на рынак да начальнікаў.

20І прывёўшы іх да войтаў, сказалі: «Гэтыя людзі трывожаць наш горад, а яны — Юдэі,

21і прапаведуюць звычаі, якіх нам, Рымлянам, ня сьлед ані прыймаць, ані рабіць».

22І паўстаў натоўп супраць іх, і войты, сарваўшы з іх адзеньне, загадалі біць іх кіямі.

23І зрабіўшы ім шмат ранаў, кінулі іх у вязьніцу, загадаўшы ахоўніку старанна пільнаваць іх.

24Ён, атрымаўшы гэткі загад, кінуў іх ва ўнутраную вязьніцу і ногі іхнія паўшчамляў у калоду.

25Каля паўночы Павал і Сіла, молячыся, сьпявалі Богу, а вязьні чулі іх.

26Раптам стаўся вялікі землятрус, так што захісталіся падмуркі вязьніцы; і адразу адчыніліся ўсе дзьверы, і ў-ва ўсіх паслаблі путы.

27Ахоўнік жа, прачнуўшыся і бачачы адчыненыя дзьверы вязьніцы, дастаўшы меч, меўся забіць сябе, думаючы, што вязьні паўцякалі.

28А Павал закрычаў моцным голасам, кажучы: «Не рабі сабе ніякага ліха, бо ўсе мы тут!»

29Ён жа, папрасіўшы сьвятла, убег і, трасучыся, упаў перад Паўлам і Сілаю,

30і, выводзячы іх вонкі, сказаў: «Панове, што я мушу рабіць, каб быць збаўленым?»

31А яны сказалі: «Вер у Госпада Ісуса Хрыста, і будзеш збаўлены ты і дом твой».

32І гаварылі слова Госпадава яму і ўсім, хто ў доме ягоным.

33І ў тую ж гадзіну ўначы ён, узяўшы іх, памыў ім раны, і адразу быў ахрышчаны сам і ўсе ягоныя.

34І, завёўшы іх у дом свой, паставіў стол і радаваўся з усім домам, што паверыў у Бога.

35А як настаў дзень, паслалі войты жандараў, кажучы: «Вызваль людзей гэтых».

36Ахоўнік жа паведаміў словы гэтыя Паўлу: «Войты паслалі, каб цяпер вызваліць вас. Дык, выйшаўшы, ідзіце ў супакоі».

37А Павал прамовіў да іх: «Нас, людзей Рымскіх, без суду зьбіўшы прынародна, кінулі ў вязьніцу, і цяпер цішком выганяюць нас? О, не! Але няхай самі, прыйшоўшы, вывядуць нас».

38Жандары абвясьцілі словы гэтыя войтам, і тыя спалохаліся, пачуўшы, што яны — Рымляне.

39І, прыйшоўшы, перапрашалі іх, і, вывеўшы, прасілі пайсьці з гораду.

40Выйшаўшы ж з вязьніцы, яны прыйшлі да Лідзіі, і, убачыўшы братоў, суцяшалі іх, і пайшлі.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath