Хрысціянства
назад

ДЗЕІ 14

1Сталася ж у Іконіі, што ўвайшлі яны разам у сынагогу Юдэйскую і гаварылі гэтак, што паверыла вялікае мноства Юдэяў і Грэкаў.

2А Юдэі, якія ня верылі, паднялі і раз’юшылі супраць братоў душы паганаў.

3Аднак яны былі там даволі часу, адважна гаворачы пра Госпада, Які сьведчыў пра слова ласкі Сваёй і чыніў знакі і цуды праз рукі іхнія.

4І падзялілася мноства ў горадзе, і адны былі з Юдэямі, а другія — з апосталамі.

5А калі пагане і Юдэі з начальнікамі сваімі намерваліся зьняважыць і ўкаменаваць іх,

6яны, даведаўшыся, уцяклі ў гарады Лікаонскія Лістру і Дэрбу, і ў ваколіцу,

7і былі там, дабравесьцячы.

8І нейкі чалавек у Лістры, немачны на ногі, сядзеў, бо ад чэрава маці сваёй быў кульгавы і ніколі не хадзіў.

9Ён слухаў Паўла, які гаварыў, і той, глянуўшы на яго і бачачы, што ён мае веру дзеля збаўленьня,

10сказаў моцным голасам: «Стань на ногі твае проста!» І ён падскочыў, і хадзіў.

11А натоўп, бачачы, што зрабіў Павал, падняў голас свой, кажучы па-лікаонску: «Богі, падобныя да людзей, зыйшлі да нас!»

12І называлі Барнабу Зэўсам, а Паўла — Гермэсам, бо ён быў правадыром у слове.

13А сьвятар Зэўса, што стаяў перад горадам іхнім, прывёўшы валоў з вянкамі да брамаў, хацеў разам з натоўпам закалоць іх [у ахвяру].

14Апосталы ж Барнаба і Павал, пачуўшы [пра гэта], разьдзёршы адзеньне сваё, кінуліся ў натоўп, крычучы і кажучы:

15«Мужы! Што вы гэта робіце? І мы падобныя да вас людзі, якія дабравесьцім вам, каб адвярнуліся ад гэтых марнасьцяў да Бога Жывога, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх,

16Які ў мінулых пакаленьнях пакінуў усе народы хадзіць сваімі шляхамі,

17ды не пакінуў сьведчыць пра Сябе, робячы дабро, даючы нам з неба дажджы і поры ўраджайныя, напаўняючы ежай і радасьцю сэрцы нашыя!»

18І, гаворачы гэтае, ледзь супакоілі натоўп, каб не заколвалі [ахвяры] для іх.

19А з Антыёхіі і Іконіі прыйшлі Юдэі і, намовіўшы натоўп і ўкаменаваўшы Паўла, вывалаклі яго за горад, думаючы, што ён памёр.

20Калі ж акружылі яго вучні, ён, устаўшы, увайшоў у горад і на заўтра выйшаў з Барнабам у Дэрбу.

21І дабравесьціўшы гэтаму гораду, і навучыўшы многіх, яны вярнуліся ў Лістру і Іконію, і Антыёхію,

22умацоўваючы душы вучняў, просячы трываць у веры і што праз шмат мукаў мусім мы ўвайсьці ў Валадарства Божае.

23І, ускладаючы рукі, яны [паставілі] ім старостаў у кожнай царкве, і, памаліўшыся з постам, даручылі іх Госпаду, у Якога яны паверылі.

24І, прайшоўшы праз Пісыдыю, прыйшлі ў Памфілію.

25І, прамовіўшы слова ў Пэргіі, зыйшлі ў Аталію.

26Адтуль паплылі ў Антыёхію, адкуль былі аддадзеныя ласцы Божай на справу, якую выканалі.

27Прыйшоўшы і сабраўшы царкву, яны расказалі, што ўчыніў з імі Бог і як расчыніў дзьверы веры паганам.

28І былі яны там немалы час з вучнямі.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath