Хрысціянства
назад

2 ЦІМАФЕЯ 1

1Павал, апостал Ісуса Хрыста воляй Божай, паводле абяцаньня жыцьця, што ў Хрысьце Ісусе, —

2Цімафею, улюбёнаму дзіцяці: ласка, літасьць, супакой ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.

3Дзякую Богу, Якому служу ад бацькоў з чыстым сумленьнем, што няспынна ўзгадваю пра цябе ў просьбах маіх уночы і ўдзень,

4жадаючы бачыць цябе, памятаючы пра сьлёзы твае, каб мне напоўніцца радасьцю,

5прыводзячы на памяць некрывадушную веру тваю, якая раней жыла ў бабулі тваёй Ляідзе і ў маці тваёй Эўніцы, і я перакананы, што і ў табе.

6Дзеля гэтае прычыны нагадваю табе, каб ты распальваў дар Божы, які ёсьць у табе праз ускладаньне рук маіх,

7бо даў нам Бог ня духа палахлівасьці, але сілы, і любові, і цьвярозага мысьленьня.

8Дык не саромся сьведчаньня Госпада нашага, ані мяне, вязьня Ягонага, але перанось цяжкасьці разам з Эвангельлем паводле сілы Бога,

9Які збавіў нас і паклікаў пакліканьнем сьвятым, не паводле ўчынкаў нашых, але паводле вызначэньня Свайго і ласкі, дадзенае нам у Хрысьце Ісусе перад вечнымі часамі,

10а цяпер выяўленае праз зьяўленьне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які зьнішчыў сьмерць і зьявіў жыцьцё і незьнішчальнасьць праз Эвангельле,

11для якога я пастаўлены весьнікам, і апосталам, і настаўнікам паганаў.

12Дзеля гэтае прычыны я і цярплю гэтак, але не саромлюся, бо ведаю, у Каго я паверыў, і перакананы, што Ён моцны, каб захаваць перададзенае праз мяне на той дзень.

13Мей за прыклад здаровыя словы, якія ты чуў ад мяне, у веры і любові, што ў Хрысьце Ісусе.

14Захоўвай тое добрае, што перададзена [табе], праз Духа Сьвятога, Які жыве ў нас.

15Ты ведаеш, што адвярнуліся ад мяне ўсе, якія ў Азіі, між імі Фігел і Гермаген.

16Няхай дасьць Госпад літасьць дому Анісіфора, бо ён часта падмацоўваў мяне і не саромеўся ланцугоў маіх,

17але, калі быў у Рыме, дужа шукаў мяне і знайшоў.

18Няхай дасьць яму Госпад знайсьці літасьць у Госпада ў той дзень; і колькі ён служыў у Эфэсе, ты лепей ведаеш.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath