2 САМУЭЛЯ 13
1І сталася пасьля таго. Абсалом, сын Давіда, меў прыгожую сястру імем Тамар. І закахаўся ў яе Амнон, сын Давіда.
2І так мучыўся гэтым Амнон, што аж захварэў з прычыны сястры сваёй Тамар. А была яна [яшчэ] дзяўчынай, і было цяжкім у вачах Амнона зрабіць штосьці з ёю.
3І меў Амнон сябра імем Ёнадаў, сына Шаммы, брата Давіда. Ёнадаў быў чалавек вельмі хітры.
4І ён сказаў яму: «Чаму ты худнееш з вечару да вечару, сыне валадара? Ці не паведаміш мне [пра гэта]?» І Амнон сказаў яму: «Я кахаю Тамар, сястру Абсалома, брата майго».
5І сказаў яму Ёнадаў: «Ляж у ложак і ўдавай хворага. І прыйдзе бацька твой адведаць цябе, і ты скажы яму: “Няхай прыйдзе, прашу, сястра мая Тамар і пакорміць мяне хлебам, і на вачах маіх зробіць пасілак, каб я бачыў гэта і еў з рук ейных”».
6І Амнон лёг, і ўдаваў хворага. І прыйшоў валадар, каб адведаць яго, і Амнон сказаў валадару: «Няхай прыйдзе, прашу, Тамар, сястра мая, і няхай на вачах маіх сьпячэ дзьве аладкі, і я прыйму ежу з рук ейных».
7І паслаў Давід у дом да Тамар, кажучы: «Схадзі, калі ласка, у дом Амнона, брата твайго, і сьпячы яму аладкі».
8І пайшла Тамар у дом брата свайго Амнона, а ён ляжаў. І ўзяла яна цеста, і замясіла, і зрабіла аладкі на вачах ягоных, і сьпякла аладкі.
9І ўзяла яна патэльню, і выклала перад ім, але ён не хацеў есьці. І сказаў Амнон: «Няхай усе выйдуць ад мяне». І ўсе людзі выйшлі ад яго.
10І Амнон сказаў Тамар: «Прынясі пасілак у спальню, і я зьем яго з рукі тваёй». І ўзяла Тамар аладкі, што зрабіла, і прынесла Амнону, брату свайму, у спальню.
11І дала яму, каб ён еў, але ён схапіў яе і сказаў: «Хадзі, ляж са мною, сястра мая».
12Яна сказала яму: «Не, брат мой, ня гвалць мяне, бо так у Ізраілі ня робіцца. Не рабі гэтай дурасьці.
13Куды я дзенуся са зьнявагай сваёй? А ты станеш адным з мярзотнікаў у Ізраілі! Ты пагавары, калі ласка, з валадаром, бо ён не адмовіць [даць] мяне табе».
14Але ён не хацеў слухаць голасу яе. І быў ён мацнейшы за яе, і апаганіў яе, і ляжаў з ёю.
15І зьненавідзеў яе Амнон нянавісьцю вялікай, і нянавісьць гэтая была большай, чым каханьне, якім кахаў яе. І сказаў ёй Амнон: «Уставай і ідзі [адсюль]».
16Яна сказала яму: «Не рабі, выганяючы ад сябе, мне яшчэ большай крыўды ад той, якую мне зрабіў». Але ён не хацеў слухаць яе.
17І паклікаў прыдзьверніка, які паслугаваў яму, і сказаў: «Выгані яе ад мяне на вуліцу і зачыні за ёю дзьверы».
18Яна была апранутая ў сукню доўгую, бо так апраналіся дочкі валадарскія, дзяўчыны. І вывеў яе паслугач на вуліцу, і замкнуў за ёю дзьверы.
19І Тамар пасыпала сабе галаву попелам, разадрала сукню сваю доўгую, палажыла рукі на галаву сваю, і пайшла, і галасіла.
20І сказаў ёй Абсалом, брат ейны: «Ці Амнон, брат твой, быў з табою? Цяпер сястра мая, супакойся, бо ён — брат твой. Не бяры гэтага да сэрца свайго». І засталася збалелая Тамар у доме Абсалома, брата свайго.
21І пачуў пра ўсё гэта валадар Давід, і вельмі ўзлаваўся.
22А Абсалом не гаварыў Амнону ані добрага, ані ліхога, бо зьненавідзеў Абсалом Амнона за тое, што ён зьняважыў Тамар, сястру ягоную.
23І сталася праз два гады, што Абсалом стрыг [авечак] у Баал-Хацоры, недалёка Эфраіма, і запрасіў Абсалом усіх сыноў валадара.
24І прыйшоў Абсалом да валадара, і сказаў: «Вось, стрыгуць [авечак] у слугі твайго. Няхай прыйдзе валадар са слугамі сваімі да слугі свайго».
25І сказаў валадар Абсалому: «Не, сыне мой, ня прыйдзем мы ўсе да цябе і ня будзем абцяжарваць цябе». І ён вельмі прасіў яго, а той не хацеў ісьці, але дабраславіў яго.
26І сказаў Абсалом: «Калі ня [прыйдзеш], няхай прыйдзе, прашу, Амнон, брат мой». І сказаў яму валадар: «Навошта ён меў бы ісьці да цябе?»
27Але Абсалом вельмі прасіў яго, і ён паслаў з ім Амнона і ўсіх сыноў валадарскіх.
28І загадаў Абсалом слугам сваім, кажучы: «Глядзіце, калі сэрца Амнона павесялее ад віна, я скажу вам: “Ударце Амнона”, і вы забіце яго! Ня бойцеся, бо гэта я загадваю вам. Набярыцеся сілы і будзьце адважнымі».
29І зрабілі юнакі Абсалома Амнону так, як ім загадаў Абсалом. А ўсе сыны валадара ўскочылі, і сеў кожны на мула свайго, і ўцяклі.
30А калі яны былі яшчэ ў дарозе, дайшла да Давіда вестка, кажучы: «Абсалом забіў усіх сыноў валадара, і не пакінуў з іх аніводнага».
31І ўстаў валадар, і разьдзёр адзеньне сваё, і ўпаў на зямлю, і ўсе слугі ягоныя, якія стаялі [там], разьдзёрлі адзеньне сваё.
32І адказаў Ёнадаў, сын Шаммы, брата Давіда, і сказаў: «Няхай ня кажа гаспадар мой, што ўсе юнакі, сыны валадара, забітыя. Толькі Амнон забіты, бо ў Абсалома на вуснах быў намер гэты з таго дня, як [Амнон] зьняважыў Тамар, сястру ягоную.
33І цяпер няхай не бярэ сабе гаспадар мой, валадар, гэтага да сэрца свайго, кажучы, што ўсе сыны валадара загінулі. Бо загінуў толькі Амнон.
34А Абсалом уцёк». А юнак, які вартаваў, узьняў вочы свае, і ўбачыў, і вось, мноства [людзей], якія зыходзяць па схілу гары.
35І сказаў Ёнадаў валадару: «Вось, ідуць сыны валадара! Так сталася, як слуга твой гаварыў».
36І калі скончыў ён гаварыць, вось, прышлі сыны валадара, і яны ўзьнялі голас свой, і плакалі. Таксама валадар і ўсе слугі ягоныя плакалі плачам вельмі вялікім.
37А Абсалом уцёк і пайшоў да Тальмая, сына Аміхуда, валадара Гешуру. І [Давід] быў у жалобе па сыне сваім усе дні.
38А Абсалом уцёк і пайшоў у Гешур, і быў там тры гады.
39І перастаў валадар Давід гневацца на Абсалома, бо ўжо супакоіўся пасьля сьмерці Амнона.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath