2 ПЯТРА 3
1Гэта ўжо другое пасланьне пішу да вас, улюбёныя, у якім нагадваньнем пабуджаю чыстае разуменьне вашае,
2каб вы ўзгадалі словы, раней сказаныя сьвятымі прарокамі, і прыказаньне Госпада і Збаўцы, [перададзенае] апосталамі нашымі,
3разумеючы спачатку, што ў апошнія дні прыйдуць лаяльнікі, якія ходзяць паводле сваіх уласных пажаданьняў,
4і кажуць: «Дзе абяцаньне прыйсьця Ягонага? Бо ад [часу], як сталі паміраць бацькі, усё гэтак застаецца ад пачатку стварэньня».
5Бо ад тых, якія хочуць гэтак [думаць], утоена, што нябёсы былі здаўна, і зямля з вады і праз ваду паўстала праз Слова Божае.
6Дзеля гэтага тагачасны сьвет загінуў, затоплены вадою,
7а цяперашнія неба і зямля, якія ўтрымліваюцца словам Ягоным, захоўваюцца для агню на дзень суду і загубы людзей бязбожных.
8І тое ня можа быць утоена ад вас, улюбёныя, што ў Госпада адзін дзень — як тысяча гадоў, і тысяча гадоў — як адзін дзень.
9Не марудзіць Госпад з абяцаньнем, як гэта некаторыя за маруднасьць уважаюць, але Ён доўгацярплівы да нас, не жадаючы некага загубіць, але каб усіх прывесьці да навяртаньня.
10Прыйдзе ж дзень Госпада, як злодзей уначы, і тады нябёсы з вялікім шумам прамінуць, а распаленыя стыхіі будуць разбурацца, і зямля, і справы, што на ёй, будуць спаленыя.
11Калі так усё гэтае разбурыцца, якімі мусіце быць у сьвятым ладзе жыцьця і пабожнасьці вы,
12якія чакаеце і сьпяшаецеся [бачыць] прыйсьце дня Божага, калі нябёсы, палымнеючы, разбурацца, і распаленыя стыхіі растопяцца?
13А мы, паводле Ягонага абяцаньня, чакаем новага неба і новае зямлі, на якіх праведнасьць жыве.
14Дзеля гэтага, улюбёныя, чакаючы гэтага, намагайцеся, каб Ён знайшоў вас у супакоі, неапаганенымі і беззаганнымі.
15І доўгацярплівасьць Госпада нашага ўважайце за збаўленьне, як і ўлюбёны брат наш Павал, паводле дадзенай яму мудрасьці, напісаў вам,
16як ён кажа пра гэта ў-ва ўсіх пасланьнях, у якіх ёсьць нешта складанае да разуменьня, што невукі і неўгрунтаваныя на ўласную сваю загубу перакручваюць, як і іншыя Пісаньні.
17Дык вы, улюбёныя, ведаючы [гэта] раней, сьцеражыцеся, каб, захапіўшыся падманам беззаконьнікаў, вы не адпалі ад свайго ўмацаваньня,
18і ўзрастайце ў ласцы і веданьні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму слава і цяпер, і ў дзень вечны. Амэн.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath