2 ВАЛАДАРОЎ 2
1І сталася, калі ГОСПАД узяў Ільлю ў неба ў віхуры, ішоў Ільля і Элісэй з Гільгалу.
2І сказаў Ільля Элісэю: «Застанься тут, бо ГОСПАД паслаў мяне аж у Бэтэль». І сказаў Элісэй: «Як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, не пакіну цябе». І зыйшлі яны ў Бэтэль.
3І выйшлі сыны прарокаў, якія ў Бэтэлі, да Элісэя і сказалі яму: «Ці ты ведаеш, што сёньня забярэ ГОСПАД гаспадара твайго па-над галавою тваёй?» Ён сказаў: «Я таксама ведаю, маўчыце».
4І сказаў яму Ільля: «Элісэй, застанься тут, бо ГОСПАД паслаў мяне ў Ерыхон». А ён сказаў: «Як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, не пакіну цябе». І прыйшлі яны ў Ерыхон.
5І падыйшлі сыны прарокаў, якія ў Ерыхоне, да Элісэя, і сказалі яму: «Ці ты ведаеш, што сёньня забярэ ГОСПАД гаспадара твайго па-над галавою тваёй?» Ён сказаў: «Я таксама ведаю, маўчыце!»
6І сказаў яму Ільля: «Застанься тут, бо ГОСПАД паслаў мяне да Ярдану». А ён сказаў: «Як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, не пакіну цябе». І пайшлі яны абодва [разам].
7І пяцьдзясят чалавек з сыноў прарокаў пайшлі, і сталі насупраць здалёк, а яны абодва сталі каля Ярдану.
8І Ільля зьняў плашч свой, і скруціў, і ўдарыў ім па вадзе. І разьдзялілася [вада] ў адзін і ў другі бок, і яны перайшлі абодва па сухазем'і.
9І сталася, калі перайшлі, Ільля сказаў Элісэю: «Прасі, што мне зрабіць табе, пакуль ня буду забраны ад цябе». А Элісэй сказаў: «Няхай, прашу, дух твой [будзе] падвойна на мне!»
10І [Ільля] сказаў: «Цяжкога ты просіш. Калі ўбачыш мяне, як буду ўзяты ад цябе, будзе табе гэта; а калі ня [ўбачыш], ня будзе».
11І сталася, калі яны ішлі і размаўлялі, вось, [зьявілася] калясьніца вогненная і коні вогненныя, і разьдзялілі абодвух, і Ільля ў віхуры ўзьняўся ў неба.
12А Элісэй глядзеў і крычаў: «Ойча мой! Ойча мой! Калясьніца Ізраіля і коньнікі ягоныя». І больш яго ўжо ня бачыў, і схапіў шаты свае, і разьдзёр іх на дзьве часткі.
13І падняў ён плашч Ільлі, які зваліўся з яго, і вярнуўся, і стаў на беразе Ярдану.
14І ўзяў плашч Ільлі, які зваліўся з яго, і ўдарыў па вадзе, і сказаў: «Дзе ГОСПАД, Бог Ільлі?» І ўдарыў па вадзе, і яна разьдзялілася ў адзін і ў другі бок, і Элісэй перайшоў.
15І ўбачылі яго сыны прарокаў, якія [былі] ў Ерыхоне насупраць, і сказалі: «Дух Ільлі супачыў на Элісэі». І прыйшлі на спатканьне яму, і пакланіліся яму да зямлі,
16і сказалі яму: «Вось, між слугаў тваіх пяцьдзясят чалавек мужных. Няхай яны пойдуць і пашукаюць гаспадара твайго, ці часам не падняў яго Дух ГОСПАДА і не спусьціў на нейкай гары або ў лагчыне». А ён сказаў: «Не пасылайце!»
17Але яны налягалі на яго і надакучалі, і [Элісэй] сказаў: «Пасылайце». І паслалі яны пяцьдзясят чалавек, і яны шукалі [Ільлю] тры дні, і не знайшлі.
18І вярнуліся да [Элісэя], а ён быў у Ерыхоне, і ён сказаў ім: «Ці ж не казаў я вам: “Не ідзіце!”»
19І сказалі жыхары гораду Элісэю: «Вось, разьмяшчэньне гораду гэтага добрае, як гаспадар наш бачыць, але вада кепская і зямля не дае пладоў».
20і ён сказаў: «Прынясіце мне новую місу і ўкіньце туды солі». І яны прынесьлі яму.
21І ён пайшоў да крыніцы вады, і ўкінуў туды соль, і сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Я аздаравіў ваду гэтую, і ня будзе тут больш ані сьмерці, ані бясплоднасьці”».
22І аздароўлена была вада па сёньняшні дзень паводле слова Элісэя, якое ён прамовіў.
23І адтуль пайшоў ён у Бэтэль. І калі ён ішоў дарогаю, малыя хлопцы выбеглі з гораду і сьмяяліся з яго, і казалі яму: «Ідзі, лысы! Ідзі, лысы!»
24Ён павярнуўся да іх, і паглядзеў на іх, і пракляў іх у імя ГОСПАДА. І выйшлі дзьве мядзьведзіцы з лесу, і разарвалі сорак двух хлопцаў з іх.
25Адтуль пайшоў ён на гару Кармэль, а адтуль вярнуўся ў Самарыю.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath