Хрысціянства
назад

2 ВАЛАДАРОЎ 17

1У дванаццатым годзе Ахаза, валадара Юды, Осія, сын Элы, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на дзевяць гадоў.

2І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, але ня так, як валадары Ізраіля, якія былі перад ім.

3Выйшаў супраць яго Сальманэсэр, валадар Асірыі. І Осія стаў слугою ягоным, і плаціў яму даніну.

4Але валадар Асірыі выкрыў змову Осіі, бо ён паслаў пасланцоў да Со, валадара Эгіпту, і не прынёс даніну валадару Асірыі, як кожны год [рабіў]. І ўзяў яго валадар Асірыі, і замкнуў у вязьніцы.

5І пайшоў валадар Асірыі на ўсю зямлю, і прыйшоў да Самарыі, і аблягаў яе тры гады.

6У дзявятым годзе Осіі валадар Асірыі здабыў Самарыю і перасяліў Ізраіля ў Асірыю, і пасяліў іх у Халаху, і ў Хаборы каля ракі Газан, і ў гарадах Мідзянаў.

7І сталася гэта, бо сыны Ізраіля грашылі супраць ГОСПАДА, Бога свайго, Які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, з рукі фараона, валадара Эгіпту, і баяліся багоў чужых,

8і хадзілі паводле звычаю народаў, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля, і паводле звычаю валадароў Ізраіля, якія рабілі [брыдоты].

9І зьневажалі сыны Ізраіля ўчынкамі ліхімі ГОСПАДА, Бога свайго, і будавалі сабе ўзгоркі ў-ва ўсіх гарадах сваіх, ад вартавой вежы аж да ўмацаванага гораду.

10І паставілі яны сабе слупы і Астартаў на кожным узгорку высокім і пад кожным дрэвам зялёным.

11І кадзілі яны там на ўсіх узгорках, як народы, якіх ГОС­ПАД выгнаў перад абліччам іхнім, і рабілі рэчы ліхія, і гнявілі ГОСПАДА,

12і служылі ідалам, пра якіх ГОСПАД гаварыў ім, каб не рабілі гэтага.

13І сьведчыў ГОСПАД супраць Ізраіля і супраць Юды праз усіх прарокаў Сваіх і ўсіх відушчых, кажучы: «Зьвярніце са шляхоў сваіх ліхіх і захоўвайце прыказаньні Мае і пастановы Мае паводле ўсяго Закону, які Я даў бацькам вашым і які пасылаў вам праз слугаў Маіх, прарокаў».

14Але яны ня слухалі і цьвёрдым зрабілі карак свой, як карак бацькоў іхніх, якія не хацелі верыць ГОСПАДУ, Богу свайму.

15І адкінулі яны пастановы Ягоныя і запавет Ягоны, які Ён заключыў з бацькамі іхнімі, і сьведчаньне Ягонае, якім Ён сьведчыў ім, і ішлі за марнасьцямі і гідотаю, і ўсьлед за народамі, якія навокал іх, пра якіх загадаў ім ГОСПАД, каб не рабілі так, як яны.

16І занядбалі яны ўсе прыказаньні ГОСПАДА, Бога свайго, і зрабілі сабе літыя выявы, і двух быкоў, і Астарту, і пакланяліся ўсяму войску нябеснаму, і служылі Баалу,

17і праводзілі сыноў сваіх і дачок сваіх праз агонь, і займаліся варажбою і чараваньнем, і прадаваліся, каб рабіць ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і гнявілі Яго.

18І моцна загневаўся ГОСПАД на Ізраіля, і адкінуў іх ад аблічча Свайго, і нікога не засталося, толькі адно калена Юды.

19Але Юда таксама не захоўваў прыказаньняў ГОСПАДА, Бога свайго, і хадзіў паводле звычаяў Ізраільцянаў, як яны рабілі.

20І ГОСПАД адкінуў усё насеньне Ізраіля, і прынізіў іх, і аддаў іх у рукі рабаўнікоў, аж пакуль зусім не адкінуў іх ад аблічча Свайго.

21Бо Ізраіль аддзяліўся ад дому Давіда і зрабіў сабе валадаром Ерабаама, сына Навата, а Ерабаам адарваў Ізраіля ад ГОСПАДА і ўвёў іх у грэх вялікі.

22І сыны Ізраіля хадзілі ў-ва ўсіх грахах Ерабаама, якія ён учыняў, і не пакідалі іх,

23аж пакуль ГОСПАД не адкінуў Ізраіля ад аблічча Свайго, як прамовіў праз усіх слугаў Сваіх, прарокаў. І перасяліў Ён Ізраіля з зямлі іхняй у Асірыю аж да гэтага дня.

24І валадар Асірыі перасяліў [людзей] з Бабілону, з Куты, з Аввы, з Хамату і з Сэфарваіму, і пасяліў іх у гарадах Самарыі замест сыноў Ізраіля. І яны прыйшлі ў Самарыю, і абжыліся ў ваколіцах ейных.

25І сталася, калі яны там спачатку абжыліся, яны не баяліся ГОСПАДА. І ГОСПАД спаслаў на іх ільвоў, і яны забівалі іх.

26І сказалі валадару Асірыі, кажучы: «Народы, якія ты перасяліў і пасяліў у гарадах Самарыі, ня ведаюць прысудаў Бога зямлі той, і Ён спслаў на іх ільвоў, і вось, яны забіваюць іх, бо яны ня ведаюць прысудаў Бога зямлі той».

27І загадаў валадар Асірыі, кажучы: «Завядзіце туды аднаго са сьвятароў, якога адтуль забралі ў няволю. Няхай ён ідзе і жыве там, і няхай навучыць іх прысудам Бога зямлі той».

28І пайшоў адзін са сьвятароў, якога забралі ў няволю з Самарыі, і абжыўся ў Бэтэлі, і вучыў іх, як яны маюць баяцца ГОСПАДА.

29І сталася, што кожны народ зрабіў сабе бога свайго, і ставілі іх у сьвятынях на ўзгорках, якія раней пабудавалі Самаране; кожны народ у мясцовасьцях сваіх, дзе жыў.

30Так людзі з Бабілону зрабілі Сукот-Бэнота, а людзі з Куты зрабілі Нэргаля, а людзі з Хамату — Ашыму,

31а [жыхары] Аввы зрабілі Нібхаза і Тартака; Сэфарваімцы палілі ў агні дзяцей сваіх на [ўшанаваньне] Адрамэлеха і Анамэлеха, багоў Сэфарваіму.

32І таксама яны баяліся ГОСПАДА, і спаміж сябе яны паставілі сьвятароў узгоркаў, і складалі ахвяры ў сьвятынях на ўзгорках.

33І яны баяліся ГОСПАДА, і служылі багам сваім паводле звычаю тых народаў, з якіх яны былі пераселеныя.

34Аж да сёньняшняга дня яны робяць паводле старых звычаях, і не баяцца ГОСПАДА, не выконваюць пастановаў Ягоных і прысудаў Ягоных, Закону і прыказаньняў, якія загадаў ГОСПАД сынам Якуба, якому даў імя Ізраіль.

35І заключыў ГОСПАД з імі запавет, і загадаў ім, кажучы: «Ня бойцеся багоў чужых, і не пакланяйцеся ім, і не служыце ім, і не складайце ахвяраў ім.

36Толькі ГОСПАДА, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай сілай вялікаю і рамяном узьнятым, Яго бойцеся, Яму пакланяйцеся і Яму ахвяры складайце.

37І пастановы, прысуды, Закон і прыказаньні, якія Ён напісаў вам, захоўвайце, каб выконваць іх у-ва ўсе дні, а багоў чужых ня бойцеся.

38І не забывайцеся пра запавет, які Я заключыў з вамі, і ня бойцеся багоў чужых.

39Толькі ГОСПАДА, Бога вашага, бойцеся, і Ён выратуе вас з рук усіх ворагаў вашых».

40Але яны не паслухалі, а рабілі ўсё паводле даўнейшых звычаяў сваіх.

41І сталася, што гэтыя народы баяліся ГОСПАДА і служылі багам сваім. І таксама сыны іхнія, і сыны сыноў іхніх робяць так, як рабілі бацькі іхнія, аж да сёньняшняга дня.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath