Хрысціянства
назад

2 ВАЛАДАРОЎ 13

1У дваццаць трэцім годзе Ёаша, сына Ахазіі, валадара Юды, Егаахаз, сын Егу, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на сямнаццаць гадоў.

2І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў у грахах Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, і не адварочваўся ад іх.

3І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА супраць Ізраіля, і аддаў іх ГОСПАД у рукі Хазаэля, валадара Сірыі, і ў рукі Бэн-Гадада, сына Хазаэля, у-ва ўсе дні тыя.

4І маліўся Егаахаз перад абліччам ГОСПАДА, і выслухаў яго ГОСПАД, бо Ён бачыў уціск Ізраіля, як прыціснуў іх валадар Сірыі.

5І даў ГОСПАД Ізраілю збаўцу, і быў ён вызвалены з рукі Сірыі. І жылі сыны Ізраіля ў намётах сваіх, як учора і пазаўчора.

6Аднак не адвярнуліся яны ад грахоў дому Ерабаама, які ўвёў у грэх Ізраіля, і хадзілі ў іх, і нават Астарта стаяла ў Самарыі.

7І засталося ў Егаахаза з войска толькі пяцьдзясят коньнікаў, дзесяць калясьніцаў і дзесяць тысячаў пяхотнікаў, бо выбіў іх валадар Сірыі і зрабіў іх як пыл на патаптаньне.

8А іншыя дзеяньні Егаахаза і ўсё, што ён зрабіў, і муж­насьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.

9І супачыў Егаахаз з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі. І стаў валадаром Егааш, сын ягоны, пасьля яго.

10У трыццаць сёмым годзе Ёаша, валадара Юды, Егааш, сын Егаахаза, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на шаснаццаць гадоў.

11І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не адступіў ад усіх грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, і хадзіў у іх.

12А іншыя дзеяньні Егааша і ўсё, што ён зрабіў, і муж­насьць ягоная, калі ён ваяваў супраць Амазіі, валадара Юды, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.

13І супачыў Егааш з бацькамі сваімі, і Ерабаам сеў на пасадзе ягоным. І быў пахаваны Егааш у Самарыі з валадарамі Ізраіля.

14А Элісэй захварэў немаччу, ад якой потым памёр. І прыйшоў да яго Егааш, валадар Ізраіля, і плакаў перад абліччам ягоным, і казаў: «Ойча мой, ойча мой! Калясьніца Ізраіля і коньнікі ягоныя!»

15І сказаў яму Элісэй: «Вазьмі лук і стрэлы!» І ён прынёс яму лук і стрэлы.

16І сказаў ён валадару Ізраіля: «Палажы руку сваю на лук!» І валадар палажыў руку сваю, а Элісэй палажыў рукі свае на рукі валадара

17і сказаў: «Адчыні вакно на ўсход». І ён адчыніў, і сказаў Элісэй: «Страляй!» І ён стрэліў, а [Элісэй] сказаў: «Страла перамогі ГОСПАДА і страла перамогі над Сірыяй. Ты паб’еш Сірыю ў Афэку дашчэнту».

18І сказаў: «Вазьмі стрэлы!» І [Егааш] узяў іх, а [Элісэй] сказаў яму: «Удар па зямлі!» І ён ударыў тры разы, і спыніўся.

19І загневаўся чалавек Божы на яго, і сказаў: «Трэба было ўдарыць пяць або шэсьць разоў. Тады ты перамог бы Сірыю цалкам, а цяпер пераможаш Сірыю толькі тры разы!»

20І памёр Элісэй, і пахавалі яго. А дружыны Мааву нападалі на зямлю [Ізраіля], прыходзячы штогод.

21І сталася, калі хавалі аднаго чалавека, вось, убачылі дружыну [Мааву], і кінулі чалавека таго ў магілу Элісэя, і ўцяклі. І калі чалавек той дакрануўся да костак Элісэя, ён аджыў і стаў на ногі свае.

22А Хазаэль, валадар Сірыі, уціскаў Ізраіля ў-ва ўсе дні Егаахаза.

23І зьлітаваўся ГОСПАД над імі, і зьявіў літасьць, і зьвярнуўся да іх дзеля запавету Свайго з Абрагамам, Ісаакам і Якубам, і не хацеў выгубіць іх, і не адкінуў іх ад аблічча Свайго назаўсёды.

24І памёр Хазаэль, валадар Сірыі, а замест яго стаў валадаром Бэн-Гадад, сын ягоны.

25І павярнуўся Егааш, сын Егаахаза, і ўзяў з рук Бэн-Гадада, сына Хазаэля, гарады, якія той быў забраў з рук Егаахаза, бацькі ягонага, вайною. Тройчы пабіў яго Егааш і вярнуў гарады Ізраіля.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath