2 ЛЕТАПІСАЎ 20
1І сталася пасьля гэтага, прыйшлі сыны Мааву і сыны Амона, і з імі Мэуняне ваяваць з Язафатам.
2І прыйшлі, і паведамілі Язафату, кажучы: «Ідзе на цябе вялікае мноства з таго боку мора, з Сірыі, і вось, яны ў Хацацон-Тамары, гэта Эн-Геды».
3І спалохаўся Язафат, і зьвярнуў аблічча сваё, каб шукаць ГОСПАДА, і абвясьціў пост у-ва ўсім Юдзе.
4І сабраўся Юда шукаць ГОСПАДА, таксама з усіх гарадоў Юды прыйшлі шукаць ГОСПАДА.
5І стаў Язафат у царкве Юды і Ерусаліму ў Доме ГОСПАДА перад новым панадворкам,
6і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа бацькоў нашых! Ці ня Ты — Бог у небе? І Ты пануеш над усімі валадарствамі народаў, і ў руцэ Тваёй сіла і моц, і ніхто ня можа супрацівіцца Табе!
7Ці ня Ты, Божа наш, выгнаў жыхароў зямлі гэтай перад абліччам народу Твайго, Ізраіля, і аддаў яе насеньню Абрагама, сябра Твайго, на вякі?
8І яны пасяліліся ў ёй, і пабудавалі Табе ў ёй сьвятыню для імя Твайго, кажучы:
9“Калі прыйдзе на нас бяда: меч, пакараньне, пошасьць і голад, мы станем перад Домам гэтым і перад абліччам Тваім, бо імя Тваё ў Доме гэтым, і будзем клікаць да Цябе ў горы нашым, і Ты пачуеш, і выратуеш!”
10І цяпер, вось, сыны Амона, Мааву і [жыхары] гары Сэір, праз якіх Ты не дазволіў Ізраілю перайсьці, калі ён выходзіў з зямлі Эгіпецкай, і яны абмінулі іх, і ня зьнішчылі іх.
11І вось, яны плацяць нам тым, што прыйшлі выгнаць нас са спадчыны Тваёй, якую Ты даў нам як спадчыну.
12Божа наш! Ці Ты ня будзеш судзіць іх? Бо няма ў нас сілы супраць мноства гэтага, якое прыйшло на нас, і мы ня ведаем, што рабіць, але да Цябе вочы нашыя!»
13І ўвесь Юда стаяў перада абліччам ГОСПАДА, таксама дзеці іхнія, жонкі іхнія і сыны іхнія.
14І на Яхазіэля, сына Захарыі, сына Бэнаі, сына Еіэля, сына Маттаніі, лявіта з сыноў Асафа, зыйшоў Дух ГОСПАДА сярод царквы.
15І ён сказаў: «Слухайце, увесь Юда і жыхары Ерусаліму, і валадар Язафат! Гэта кажа вам ГОСПАД: “Ня бойцеся і не палохайцеся мноства гэтага вялікага, бо ня вашая вайна гэтая, але Божая.
16Заўтра зыйдзіце супраць іх. Вось, яны ўзыходзяць на ўзвышша Цыц, і вы знойдзеце іх на канцы даліны, перад пустыняй Еруэль.
17Ня вашая бітва гэтая! Вы станьце, стойце і глядзіце на збаўленьне ад ГОСПАДА для вас, Юда і Ерусалім!” Ня бойцеся і не палохайцеся. Заўтра выйдзіце перад аблічча іхняе, і ГОСПАД будзе з вамі».
18І пакланіўся Язафат абліччам да зямлі, і ўвесь Юда і жыхары Ерусаліму ўпалі перад абліччам ГОСПАДА, каб пакланіцца ГОСПАДУ.
19І ўсталі лявіты з сыноў Кегата і з сыноў Караха, каб хваліць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, голасам вялікім і ўзьнятым.
20І ўсталі яны рана раніцаю, і вырушылі ў пустыню Тэкоа. І калі яны выходзілі, устаў Язафат і сказаў: «Паслухайце мяне, Юда і жыхары Ерусаліму! Верце ў ГОСПАДА, Бога вашага, і будзеце непахісныя; верце прарокам Ягоным, і будзеце мець посьпех».
21І, радзіўся ён з народам, і паставіў сьпевакоў для ГОСПАДА, тых, якія хваляць у велічы сьвятасьці, каб яны ішлі перад узброенымі і казалі: «Выслаўляйце ГОСПАДА, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная!»
22І ў той час, калі яны пачалі сьпевы і хвалу, ГОСПАД учыніў нязгоду ў сыноў Амона, Мааву і [жыхароў] гары Сэір, якія выйшлі супраць Юды, і яны былі пабітыя.
23І паўсталі сыны Амона і Мааву на жыхароў гары Сэір, каб выбіць і зьнішчыць; а калі скончылі з жыхарамі Сэіру, паўсталі адны на адных, каб зьнішчыць.
24І Юда прыйшоў да вартавой вежы ў пустыні, і зьвярнуўся да мноства гэтага, і вось, мёртвыя, якія ляжаць на зямлі, і няма ўратаванага.
25І прыйшоў Язафат і народ ягоны, каб зрабаваць здабычу іхнюю, і знайшлі ў іх мноства маёмасьці, і мёртвых, і начыньняў каштоўных, і набралі сабе [столькі], што не маглі несьці. І тры дні яны рабавалі здабычу, бо яе было шмат.
26А ў чацьвёрты дзень яны сабраліся ў даліне Бэраха, бо там яны дабраславілі ГОСПАДА. Дзеля гэтага назвалі імя месца таго даліна Бэраха аж да сёньня.
27І павярнуліся ўсе мужы Юды і Ерусаліму, і Язафат на чале іх, каб вярнуцца ў Ерусалім з радасьцю, бо ўзрадваў іх ГОСПАД [збаўленьнем] ад ворагаў іхніх.
28І прыйшлі яны ў Ерусалім з псалтырамі, гусьлямі і трубамі ў Дом ГОСПАДА.
29І быў страх Божы на ўсіх валадарствах зямлі гэтай, калі яны пачулі, што ГОСПАД ваяваў супраць ворагаў Ізраіля.
30І было ў супакоі валадарства Язафата, і даў яму Бог ягоны супакой навакол.
31І валадарыў Язафат над Юдам. Меў ён трыццаць пяць гадоў, калі заваладарыў, і валадарыў дваццаць пяць гадоў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Азува, дачка Шыльхі.
32І хадзіў ён шляхам бацькі свайго Асы, і не ўхіляўся з яго, робячы тое, што слушнае ў вачах ГОСПАДА.
33Толькі ўзгоркі не былі прыбраныя, і народ яшчэ не падрыхтаваў сэрца свайго [быць] пры Богу бацькоў сваіх.
34А рэшта дзеяньняў Язафата, першыя і апошнія, вось, яны запісаныя ў дзеях Егу, сына Ханані, якая далучана да Кнігі валадароў Ізраіля.
35А пасьля гэтага Язафат, валадар Юды, злучыўся з Ахазіем, валадаром Ізраіля, які дзейнічаў злачынна.
36І ён злучыўся з ім, каб будаваць караблі і хадзіць у Таршыш. І яны будавалі караблі ў Эцыён-Гэбэры.
37І прарочыў Эліэзэр, сын Дадавіі з Марэшы, пра Язафата, кажучы: «За тое, што ты злучыўся з Ахазіем, ГОСПАД зруйнуе працу тваю». І разьбіліся караблі, і не маглі ісьці ў Таршыш.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath